Падзеленая свядомасць

Нас прызвычаіліся дзяліць на “чэсных і “нячэсных, вызначаць, каму дзе стаяць і з якога ракурсу здымаць, каго прапусціць на мерапрыемства, а каго адправіць “пагуляць. Тым, хто знаходзіцца па адзін бок умоўнага, але дастаткова адчувальнага падзелу, наўрад ці зразумець іншых, па-за акрэсленай рысай. Адсюль і рознае асэнсаванне ўмоў, у якіх мы працуем, вызначэнне значнасці тых ці іншых нормаў, якія рэгулююць нашу працу і ў выніку само быццё, бо журналіст — не прафесія, а стыль жыцця.



6c8dba7d0df1c4a79dd07646be9a26c8.JPG

Нас прызвычаіліся дзяліць на “чэсных і “нячэсных, вызначаць, каму дзе стаяць і з якога ракурсу здымаць, каго прапусціць на мерапрыемства, а каго адправіць “пагуляць. Тым, хто знаходзіцца па адзін бок умоўнага, але дастаткова адчувальнага падзелу, наўрад ці зразумець іншых, па-за акрэсленай рысай. Адсюль і рознае асэнсаванне ўмоў, у якіх мы працуем, вызначэнне значнасці тых ці іншых нормаў, якія рэгулююць нашу працу і ў выніку само быццё, бо журналіст — не прафесія, а стыль жыцця.
“Мы — не палітычная місія, а група арганізацый, якія маюць досвед і веды ў працы з міжнароднымі стандартамі. Наша мэта ацаніць сітуацыю з прэсай і ўмовы працы журналістаў, — заявілі на брыфінгу прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай місіі ў складзе прадстаўнікоў розных арганізацый (сярод якіх — Дацкі саюз журналістаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў, “Міжнародная медыя-падтрымка, ЮНЭСКА ды іншыя), што на працягу трох дзён вывучала сітуацыю са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі. Самі ўлады зрабілі ўчынак, які мусіць дапамагчы ўдзельнікам місіі асэнсаваць сапраўдны падыход да прэсы, свабоды слова і доступу да інфармацыі. Адной з удзельніц дэлегацыі — сябру арганізацыі Civil Rights Defenders (былога Шведскага Хельсінкскага камітэта) Яханне Кураш — не далі беларускай візы. Выбарачнасць і нераўназначнасць у адносінах як да сваіх, так і да чужых.
У шэрагу сустрэч, якія мелі медыя-эксперты ў Беларусі, варта адзначыць візіт у Адміністрацыю прэзідэнта да першай намесніцы кіраўніка гэтай установы Наталлі Пяткевіч. Чыноўніца запэўніла міжнародных экспертаў, што ў бліжэйшы час будзе вырашанае пытанне лібералізацыі працэдуры вылучэння частот для электронных СМІ. Аднак жа дакладнага тэрміну гэтай знакавай падзеі не акрэсліла, што ў беларускіх рэаліях можна трактаваць як абяцанне ўсяго толькі падумаць на гэтую тэму.
Паводле спадарыні Пяткевіч, зараз “сітуацыя ў СМІ змяняецца, хай сабе не моцна і павольна. І тут у журналістаў, што працуюць па-за лініяй, якую даўно акрэсліла дзяржава, узнікае заканамернае пытанне: у чым сітуацыя змянілася? Ты, шаноўны чытач, трымаеш зараз у руках нумар газеты “НЧ. Але ці падпісаўся ты на газету на пошце, ці, можа, набыў у кіёску па дарозе на працу? Не. Дзяржаўныя ўстановы ставяць выдаўцоў незалежных СМІ ў няроўныя ўмовы, у становішча жабрака, які вымушаны прасіць чыноўнікаў аб міласці — друкавацца, распаўсюджвацца, увогуле працаваць. А спадарыня Пяткевіч, паводле слоў Еўрапейскага судырэктара Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марка Грубера не згодная, што ў Беларусі дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ знаходзяцца ў няроўных умовах. Па старой завядзёнцы чыноўніца ўнікала адказваць на такія нязручныя для яе пытанні, як наконт ролі аддзелаў дзяржаўнай ідэалогіі ў працы сродкаў масавай інфармацыі.
Пацікавіліся эксперты ў Наталлі Пяткевіч і перспектывамі магчымай прыватызацыі беларускіх СМІ, у першую чаргу, з вялікай доляй дзяржавы ва ўстаўным капітале. Чыноўніца, паводле іх слоў, быццам бы і не супраць такіх новаўвядзенняў, бо “прыватызацыя дазволіць зэканоміць дзяржаўныя сродкі. Аднак жа зноў ніякай канкрэтыкі.
Намеснік дырэктара арганізацыі “Індэкс цэнзуры Рохан Асот Джаясэкера лічыць, што “акрамя асобных момантаў, у экспертаў адбыўся адкрыты абмен меркаваннямі з намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, што і было мэтаю экспертаў. Але ці не выглядае гэта самападманам?
Беларускія журналісты без перабольшвання жывуць у іншым, адрозным ад еўрапейскіх калег вымярэнні. Нас часцей хвалюе не што напісаць, а як знайсці інфармацыю, як абараніць сябе і сваё выданне ад магчымых судовых позваў, штрафаў і закрыцця, як не сесці на “суткі, калі пайшоў асвятляць вулічную акцыю. А ў высновах місіі часта гучалі словы “адкрыта, шчыра. Не ў піку еўрапейскім экспертам, але, відаць, не прызвычаіліся, што іх суразмоўцы могуць трымаць за пазухай камень.
Паказальнай з’яўляецца заўвага, што ў суразмоўцаў экспертаў (а гэта чыноўнікі, рэдактары і журналісты як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ) розныя прыярытэты. Два бакі падзелу журналісцкай супольнасці (дэ-факта ў Беларусі ён надзвычай выразна акрэслены) па-свойму ставяцца да праблемы доступу да інфармацыі, маюць нятоеснае разуменне таго, што для грамадства важна. Быццё вызначае свядомасць. Марк Грубер лічыць, што мусяць існаваць празрыстыя і зразумелыя правілы. Ды найперш, відаць, гэтыя правілы павінны быць аднолькавыя і абавязковыя для ўсіх.
Папярэдняя справаздача еўрапейскіх экспертаў у галіне СМІ будзе падрыхтаваная на працягу некалькіх дзён. Затым яе прадставяць у Стакгольме 16 кастрычніка кіраўніцтву Швецыі, якая цяпер старшынствуе ў Еўрасаюзе. Дакумент мусіць быць узгоднены з кожнай арганізацыяй, чые прадстаўнікі знаходзіліся ў складзе дэлегацыі. Адзнака місіі будзе грунтавацца на міжнародных нормах. І хочацца верыць, што эксперты мелі дастаткова часу, каб скласці для сябе аб’ёмную карціну з сапраўднай сітуацыяй у галіне сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, а не адлакіраваны для еўрапейскага вока лубок.

-----------------------------------------------------

(На фота: Злева направа: Марыюс Лукашунас, дарадца па камунікацыі і інфармацыі Маскоўскага офіса ЮНЭСКА; Андрэй Аляксандраў, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў; Рохан Асока Йайасякера, намеснік дырэктара і асістэнт рэдактара арганізацыі Index on Censorship («Індэкс цэнзуры»); Марк Грубер, Еўрапейскі су-дырэктар Міжнароднай федэрацыі журналістаў; Джэйн Мёлер Ларсэн, праграмны каардынатар арганізацыі International Media Support («Міжнародная медыя падтрымка»)
Фота
Юрыя Дзядзінкіна