«Пагрозу ён адчувае, але не бачыць. І ад гэтага становіцца толькі страшней»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» заўважыў цікавую навагоднюю штуку. Напярэдадні 01.01.2024 сёй-той клапаціўся пра народную бяспеку. Хаця больш лагічна было б паклапаціцца пра народны дабрабыт. З чаго б гэта?

Фота з mykaleidoscope.ru

Фота з mykaleidoscope.ru

Тут сёй-той напярэдадні Новага года выклікаў да сябе сваіх генералаў і загадаў ім, каб яны прывялі сябе ў павышаную баявую гатоўнасць. Ну і ўсе, вядома, адразу прывялі. А як было не прывесці? Галоўны загадаў прывесці, так значыць трэба было прывесці.

Генерал Церцель далажыў, што абстаноўка ў яго кантралюемая, але ёсць нюансы. Генерал Кубракоў паабяцаў, што ў яго ўсё будзе ў парадку, але, на ўсялякі выпадак, зладзіў павышаную боегатоўнасць сваім унутраным войскам.

А генерал Хрэнін пра кантраляваную абстаноўку нічога не сказаў. Але сказаў, што адправіў лепшыя спецпадраздзяленні, каб абараняць рубяжы. Генерал Хрэнін — вядомы стратэг і абаронца рубяжоў. Яшчэ ў дваццатым абараніў рубяжы Стэлы ад пенсіянерак у белым з кветкамі. Так што, калі рубяжам хто-небудзь раптам будзе пагражаць кветкамі, то за рубяжы можна не перажываць. Ад замахаў кветкамі генерал Хрэнін іх дакладна абароніць.

І вось ты ведаеш, нешта я не вельмі разумею. Не, пра баявую гатоўнасць генерала Хрэніна я ўсё разумею. Я не разумею, навошта камусьці спатрэбілася прыводзіць сваіх генералаў у баявую гатоўнасць 31 снежня. Што там такая ўжо была ў яго за тэрміновасць? Павалены сайт агенцтва «БелТА» дакладна не каштаваў падвышанай боегатоўнасці беларускіх генералаў.

Не, я разумею, што сёй-той любіць паказаць свой клопат пра народ абавязкова 31 снежня. Проста ў астатнія дні ў яго ёсць справы больш важныя. Ну там, з сабакам у хакей пагуляць. А калі паклапаціцца пра народ 31 снежня, то народ адразу ўбачыць, што пра яго клапоцяцца нават 31 снежня.

Але я не вельмі разумею чаму сёй-той вырашыў 31 снежня паклапаціцца менавіта пра народную бяспеку. Вось мог жа паклапаціцца пра народны дабрабыт. У бальніцу якую-небудзь з'ездзіць, на будоўлю. Але ж не. Вырашыў праверыць у генералаў іх баявую гатоўнасць.

Думаю, тут ёсць такое простае тлумачэнне. Вось бяспека сяго-таго хвалюе, а дабрабыт ужо не вельмі. І сёй-той разумее, што ў яго ёсць пагроза яго бяспецы, але не разумее, адкуль. Гэта значыць, пагрозу ён адчувае, але не бачыць. І ад гэтага, вядома, становіцца толькі страшней. Таму што няма нічога горшага, чым прыхаваная пагроза. Якую адчуваеш, але не бачыш. Бо ніколі не ведаеш, адкуль прыляціць.

Як з сокаламі, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.