«Паняцце гонару мундзіру знікла ў тых, хто стаіць, як драўляныя балваны, пакуль ім перадаюць «зарад энергіі»

Піша журналіст «Свабоды» Віталь Цыганкоў.

986def4b_3b11_48d9_bf70_34340d8b260e_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.webp

Сцісла:

Калі нехта на вачах ва ўсіх скраў (машыну, грошы ці вынікі выбараў), то людзі, якія абараняюць закон, павінны гэтага чалавека альбо групу людзей схапіць і пасадзіць за краты.

Якая, цікава, была ідэалогія ў тых беларускіх «сілавікоў», якія незадоўга да выбараў затрымлівалі расійскіх вагнераўцаў?

Калі ім загадваюць быць ветлівымі — яны будуць акуратнымі і ветлівымі.

Апошнія беларускія «сілавікі», якія выконвалі закон, а не загад, прапалі ў канцы 90-х. Зніклі, у тым ліку і ў літаральным значэнні гэтага слова.

За апошнія месяцы ў СМІ і сацыяльных сетках я неаднаразова сустракаў аповеды пра тое, як некаторыя «сілавікі» пасля затрыманняў і падчас складання пратаколаў імкнуліся пагаварыць з затрыманымі. Зразумела, для чаго. Каб пераканаць не столькі затрыманага, колькі сябе самога, што ён робіць нешта карыснае і слушнае для краіны. Да таго ж за апошні час з'явілася некалькі інтэрв'ю кіраўнікоў органаў, якія прынята называць праваахоўнымі, дзе яны ў той ці іншай форме спрабуюць абараніць сваю «ідэалогію».

Што ж, давайце пагаворым пра гэтую «ідэалогію». Першы пункт у самаапраўданьні: «Мы абараняем закон». Слухайце, абараняць закон — гэта найперш азначае абараняць грамадзян і караць вінаватых у злачынстве. То бок калі нехта на вачах ва ўсіх скраў (машыну, грошы ці вынікі выбараў), то людзі, якія абараняюць закон, павінны гэтага чалавека альбо групу людзей схапіць і пасадзіць за краты, пакуль суд не вызначыць дакладную ступень іх вінаватасці. А тыя «праваахоўнікі», якія, наадварот, абараняюць злодзея і зламысніка, самі становяцца ягонымі саўдзельнікамі.

Натуральна, што зусім не кожны чалавек у форме жадае выглядаць поўным ідыётам, даказваючы, што адзін з удзельнікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў сапраўды атрымаў 80 працэнтаў (заўважце, дарэчы, што пра 80 працэнтаў яны гаварыць пазбягаюць). У адным з ананімных інтэрв'ю «сілавіка» я сустрэў іншую апраўдальную схему — «народ памыліўся, выбраўшы не таго, а мы дзеля краіны выпраўляем гэтую памылку».

Як сказана ў Шэкспіра, «гэта шаленства, але ў ім ёсць свая паслядоўнасць». У гэтым «охранительном» аргуменце магла б быць нейкая прэтэнзія на пэўную аўтарытарную ідэю, калі б захаванне цяперашняй улады шляхам фактычнага дзяржаўнага перавароту несла хоць нейкую перспектыву краіне. Але маем усё наадварот — вынікам скрадзеных выбараў становіцца поўны развал дзяржаўных інстытутаў, эканомікі, прававы дэфолт, міжнародная ізаляцыя. Калі яны і хацелі б патлумачыць свае дзеянні тым, што рабілі гэта «дзеля краіны», то зноў «незалік». Усё, што зроблена, прынесла Беларусі толькі шкоду.

Таму, калі кажуць, што «сілавікі» маюць нейкую ідэалогію, то гэта выклікае выключна саркастычную ўхмылку. Уся іхная ідэалогія — гэта тое, што ім было сказана на апошніх палітзанятках і што яны акуратна (бо начальства правярае) занатавалі ў сваіх сшытачках. Калі заўтра ідэолагі будуць расказваць пра подзвігі Вітаўта і спрадвечную варожую для Беларусі Расію, гэта яны будуць запісваць.

Якая, цікава, ці была ідэалогія ў тых беларускіх «сілавікоў», якія незадоўга да выбараў затрымлівалі расійскіх вагнераўцаў? Што яны ім казалі? «Вы, расійскія імперыялісты, вырашылі замахнуцца на наш суверэнітэт?» Калі б нейкім чынам пасля 9 жніўня не адбыўся прапагандысцкі разварот і галоўным ворагам, «арганізатарам і каардынатарам» заставалася Расія (як гэта было падчас выбарчай кампаніі), што б казалі «сілавікі» затрыманым — «Колькі вам заплацілі расійскія алігархі?»

Няма ў іх ніякай «ідэі». Можа, унутры і ёсць — але ўсё гэта ніяк не праяўляецца публічна. Уся іхная ідэя палягае ў адной немудрагелістай фразе — «выконваць загад».

Калі я служыў салдатам у войску, то ніяк ня мог зразумець, чаму ў нашым армейскім жыцці столькі відавочна тупых і бессэнсоўных заданняў, літаральна «да абеду капай, пасля абеду закопвай». Пакуль адзін з афіцэраў (які любіў са мной пагаварыць) не патлумачыў: сэнс у тым, каб прывучыць нармальнага чалавека быць «вайскоўцам», прывучыць яго, не задаючы пытанняў, выконваць любыя бессэнсоўныя загады і заданні.

Але ў салдата тэрміновай службы ёсць «святло ў канцы тунэлю» — дэмабілізацыя, ён ведае, што гэты маразм толькі на паўтара года (раней, у СССР, было два), і потым ён вернецца ў нармальнае жыццё. А ўявіце, якая прафесійная дэфармацыя адбываецца ў чалавека, які там назаўсёды? Тым больш калі ён просты баец, а не афіцэр, у якога ёсць за што пакутаваць — за перспектывы кар’ернага росту.

Усе, хто маюць хоць нейкую схільнасць да ўласнай думкі, сваёй чалавечай пазіцыі, здольнасці прымаць самастойныя рашэнні, з беларускіх сілавых структураў даўно сышлі. Калі не «даўно», дык дакладна пасля жніўня-верасня 2020.

Тыя, хто засталіся, маюць толькі адну каштоўнасць і адну філасофію — выконваць загад. І калі загад атрымаюць «затрыманых не шкадаваць» — будуць па-зверску біць; калі загадаюць быць ветлівымі — будуць акуратнымі і ветлівымі. Памятаю, як на мітынгу за незалежнасць у снежні 2019 году міліцыянты былі такія лапачкі — хоць да раны прыкладай. «Павал Канстанцінавіч, — ветліва казалі яна Паўлу Севярынцу, які з паплечнікамі прадзіраўся скрозь шэрагі людзей у цывільным на прыступкі Палаца Рэспублікі, — ну калі ласка, не трэба, не лезьце, не правакуйце». Яны акуратненька, літаральна целамі тады адсоўвалі мітынгоўцаў ад прыступак, не прымяняючы ніякай сілы.

У гэтым сэнсе наіўнымі былі спадзяванні, што «сілавікі» хоць з якой структуры (чамусьці беларусы найбольш спадзяваліся на войска) могуць сабрацца, адважыцца і арыштаваць людзей, якія парушылі закон і ажыццявілі дзяржаўны пераварот. Апошнія беларускія «сілавікі», якія выконвалі закон, а не загад, прапалі ў канцы 90-х. Зніклі, у тым ліку і ў літаральным значэнні гэтага слова. Няма такіх цяпер. 25 гадоў службы аўтарытарнай уладзе і 25 гадоў селекцыі зрабілі сваю справу.

З другога боку, калі шукаць нават у гэтым нешта станоўчае, то смела можна сказаць, што ў новай улады не будзе ніякай праблемы з сілавымі структурамі. Скажуць заўтра затрымліваць лукашыстаў — будуць затрымліваць лукашыстаў; скажуць арыштоўваць сваіх баявых паплечнікаў — пойдуць і будуць арыштоўваць.

Будуць арыштоўваць тых, з кім спалі побач у казармах: мы такое ўжо назіралі ў жніўні-верасні. Акрамя адзінак, ніхто з іх не пакіне органы, заявіўшы (напрыклад): «Не буду служыць бабе-прэзідэнту». Паняцце гонару мундзіру даўно знікла ў людзей, якія стаяць, як драўляныя балваны, пакуль ім перадаюць «зарад энергіі». І дарэчы, калі ў Беларусі сапраўды з'явяцца гей-парады (тэма, якая чамусьці асабліва турбуе цяперашніх «сілавікоў»), тыя ж самыя правахоўнікі, атрымаўшы адпаведны загад, будуць як міленькія ахоўваць гэтыя парады. Як міленькія.