Тры гады калоніі для школьніка. У Брэсце запрасілі тэрміны для дзевяці чалавек па справе аб масавых беспарадках

У судзе Маскоўскага раёна Брэста працягваецца працэс па справе аб масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня на вуліцах абласнога цэнтра. На лаве падсудных — адразу дзевяць чалавек: бацька і сын, таксіст, студэнт, школьнік і іншыя.

Брэст 10 жніўня. Фота: binkl.by

Брэст 10 жніўня. Фота: binkl.by


Пацярпелымі па справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх – міліцыянты, шкоду ацанілі ў 27 тысяч беларускіх рублёў. Справу разглядае суддзя Вера Філонік. Віну цалкам не прызнаў ніхто. Сёння, 2 сакавіка, дзяржабвінаваўца запрасіў пакаранне для абвінавачаных — для ўсіх пазбаўленне волі ад трох да чатырох з паловай гадоў, нават для школьнікаў, піша тэлеграм-канал брэсцкай «Вясны».
Пракуроры лічаць, што віна ўсіх абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса даказаная і запрасіў наступныя тэрміны:
палітзняволенаму таксісту Цімуру Рызапуру — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволенаму Аляксандру Драздову — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволенаму студэнту Іллі Мігно — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволеным сыну і бацьку Ягору і Віталю Пракапчукам — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;Сяргею Салоху (30-гадоваму ІП) — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; палітзняволенаму Сяргею Крыўчэню — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;Сяргею Гацкевічу (11-класніку) — 3 гады калоніі агульнага рэжыму; Дзянісу Хазею (другакурсніку каледжа) — 3 гады калоніі агульнага рэжыму.
Двое з фігурантаў справы — непаўналетнія, да суда яны знаходзіліся пад наглядам. У судзе прысутнічалі іх маці, а таксама педагог. Семь абвінавачаных знаходзяцца пад вартай.
Віну цалкам не прызнаў ніхто. Большасць прызнаюць сябе вінаватымі часткова: «Прысутнічаў, удзельнічаў, але нікому не прычыняў гвалту, пагромаў не здзяйсняў».

У чым іх абвінавачваюць?

Згодна х абвінавачаннем, 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Брэста – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава — «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. Пасля чаго ўжылі гвалт — нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя шрубы, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якая належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам».
Агульная сума прычыненай шкоды, згодна з матэрыяламі справы, перавысіла 27 тысяч беларускіх рублёў. Прычыненая злачынствам шкода да суда не была кампенсаваная — пракуратура прад'явіла пазоў да абвінавачаных аб яго спагнанні ў салідарным парадку.
Паводле абвінавачвання, супрацоўніку органаў унутраных спраў прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе дзвюх ран у вобласці першага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, і нанесеныя пабоі. Яшчэ ў аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны, а ўсяго больш чым 25 міліцыянтам нанесеныя пабоі.
3 сакавіка ў судовых спрэчках яшчэ выступяць адвакаты. Пасля гэтага прызначаць дату абвяшчэння прысуду.