Паралельная Беларусь–2: тэхналогіі ў дапамогу

Беларусы, што жывуць па-за дзяржавай, — людзі маладыя ды адукаваныя. Яны не проста свабодна валодаюць кампутарнымі тэхналогіямі — іх гнуткі розум знаходзіць магчымасці неафіцыйна зарабляць, скарыстоўваючы зусім новыя нішы, у якія яшчэ не зазірнула дзяржаўна-кантралюючае вока. Пакуль што...

0_1438e_5f056448_xl.jpeg


Без малага год таму я пісаў («Эміграцыя ўнутры краіны») пра тое, што многія беларусы знаходзяць уласную альтэрнатыву эміграцыі — яны застаюцца ў Беларусі, але пры тым максімальна парываюць свае сувязі з дзяржавай. Стараюцца не плаціць падаткі, не карыстацца дзяржаўнай медыцынай ды адукацыяй, не афармляць на сябе маёмасць і гэтак далей. Тое ж датычыць і эканамічнай сферы: такія грамадзяне пазбягаюць афіцыйнага працаўладкавання, імкнуцца па-мінімуму карыстацца паслугамі беларускіх банкаў, і пры тым будуюць між сабой эканамічныя адносіны па-за межамі афіцыйных.

Натуральна, за мінулы год сітуацыя кардынальна не змянілася — хіба што толькі такіх людзей, як я апісаў, стала яшчэ болей. Але пры тым я назіраю яшчэ адзін трэнд. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць такім людзям не проста існаваць незалежна ад недабразычлівай дзяржавы, але і знаходзіць адзін аднаго, усталёўваць сталыя эканамічныя зносіны, якія дзяржава або не бачыць, або не можа кантраляваць. І гаворка ідзе ўжо не проста пра працу праз інтэрнэт на замежных заказчыкаў, або пра набыццё патрэбных рэчаў, скажам, на “Куфары”.

Тое, што мы назіраем сёння, — значна больш сур’ёзна. Балазе, большасць гэтых “новых беларусаў”, што жывуць па-за дзяржавай, — людзі досыць маладыя ды адукаваныя. Яны не проста свабодна валодаюць кампутарнымі тэхналогіямі — іх гнуткі розум знаходзіць магчымасці неафіцыйна зарабляць, скарыстоўваючы зусім новыя нішы, у якія яшчэ не зазірнула дзяржаўна-кантралюючае вока.

У сённяшнім аглядзе — шэраг тэхналогій, рэсурсаў ды прыкладаў, усяго таго, што дазваляе вольным у душы беларусам добра існаваць паралельна з дзяржавай.

1. Знайсці адзін аднаго

Сацыяльныя сеткі нездарма завуць новай формай існавання грамадства. Яны дазваляюць у тым ліку мець сур’ёзныя зносіны між сабой людзям, якія ніколі нават не бачылі адзін аднога. І самаарганізоўвацца.

Вось, напрыклад, вядомы палітык Алесь Лагвінец (і не толькі ён) прапагандуе ў сацыяльнай сетцы Facebook хэштэг #набывайусваіх, выкарыстоўваючы які нацыянальна арыентаваныя людзі могуць наладжваць простыя эканамічныя стасункі наўпрост між сабой, па-за ўвагай дзяржавы.

Практычна тое ж самае робіць блогер Эдуард Пальчыс, які звярнуўся да сяброў у Фэйсбуку з пытаннем: хто з нацыянальна арыентаваных беларусаў займаецца бізнесам? Мы ўжо пісалі, што з каментароў да гэтага допісу можна стварыць дошку аб’яў, дзе беларускамоўныя беларусы прапаноўваюць свае паслугі — ад рамонту мабільнікаў і ноўтбукаў да аўтасервісу і вытворчасці гадзіннікаў. Беларускамоўныя і нацыянальна-арыентаваныя электрыкі і плітачнікі таксама не рэдкасць. Ёсць салоны прыгажосці, юрыдычныя паслугі, архітэктары і будаўнікі, а таксама псіхіятрычна-наркалагічная дапамога. Ёсць людзі, якія пякуць хлеб і торцікі, прадаюць яйкі з фермы і займаюцца рэпетытарствам.

2. Праца “для сваіх”

Для беларускамоўных ды жадаючых не залежаць ад дзяржавы існуе таксама адмысловая біржа працы — беларускамоўная дошка абвестак ад курсаў “Мова Нанова”. Тут ёсць пошук і прапанова працы, тавары і паслугі — усё, што заўгодна. Кожны можа змясціць сваю абвестку абсалютна бясплатна. Дастаткова запоўніць простую форму. Вельмі спадзяюся, што гэты праект будзе развівацца.

3. Грошы па-за банкамі

Грашовыя разлікі, пераводы грошай, у тым ліку з адной краіны ў другую — адна з самых сур’ёзных сацыяльных функцый, якая татальна кантралюецца банкамі ды дзяржавай. Дакладней, кантралявалася да нядаўняга часу. Але некалькі гадоў таму дзякуючы інтэрнэту з’явіліся так званыя крыптавалюты. Сёння самая вядомая з іх — Біткойн. Яны не належаць якой-небудзь дзяржаве ці банку, нікім не кантралююцца і дазваляюць цалкам ананімнае карыстанне. Да таго ж у нашай краіне яны ўвогуле не маюць ніякага афіцыйнага статусу.

Карацей — пакуль гэта ідэальны сродак пазадзяржаўных ды пазабанкаўскіх разлікаў. Але працаваць з “голымі” біткойнамі не надта проста — трэба шмат усяго ведаць. Таму ўвесь час ствараюцца новыя механізмы, якія, праз выкарыстанне біткойнаў, робяць вельмі простымі грашовыя пераводы між людзьмі. Я апішу адзін такі механізм. Яго, дарэчы, ужо вельмі актыўна выкарыстоўваюць у суседняй Украіне — а значыць, ён мусьць хуткім часам з’явіцца і ў нас.

Гаворка ідзе пра міжнародную сетку Р2Р (peer-to-peer) пераводаў Abra. Яна дазваляе пры дапамозе смартфонаў перасылаць міжнародныя грашовыя пераводы з мінімальнымі камісіямі. Заснаваная ў 2014 годзе, каліфарнійская кампанія запусціла мабільнае прыкладанне Abra у бэта-версіі для iOS і Android і атрымала фінансаванне на суму 14 млн. долрараў ад венчурных інвестараў. Abra выкарыстоўвае біткойны для ўзаемаразлікаў паміж удзельнікамі аперацый, але для кліентаў даступныя таксама звычайныя валюты: даляры, эўра або грыўні (ва Ўкраіне). Падобна таму як Uber змяніў рынак таксі, Abra намерваецца пакончыць з манаполіяй банкаў і традыцыйных міжнародных сістэм грашовых пераводаў. Выгода для кліента ў тым, што не трэба скарыстоўвацца паслугамі банка, ёсць магчымасць выбару прымальнага тарыфу за выдачу або адпраўку пераводу.

Пры перасыланні 100 долараў з ЗША ва Украіну з удзелам традыцыйных сістэм-манапалістаў, кошт транзакцыі складзе прыкладна 12 долараў (у Беларусь — яшчэ даражэй). Да таго ж банкі — а значыць, і дзяржава, — будуць ведаць, што вы атрымалі грошы.

Выкарыстоўваючы Abra адпраўнік папаўняе свой баланс у сістэме зручным яму чынам: пры дапамозе крэдытнай карты, банкаўскага рахунку або ў біткойнах. Далей ён адпраўляе атрымальніку неабходную суму на яго баланс у прыкладанні. Атрымальнік глядзіць інтэрактыўную мапу і выбірае сабе тэллера (так завецца ўдзельнік сістэмы, які атрымлівае і прымае грошы), які выдасць яму грошы, прасканаваўшы qr-код з экрана смартфона. Невялікі камісійны збор складае ад 1 да 4 працэнтаў.

Сёння грамадзяне Украіны пры дапамозе смартфонаў могуць не толькі перасылаць міжнародныя грашовыя перводы з мінімальнымі камісіямі, у тым ліку, у біткойнах, але і самі выступаць у ролі тэллеров (касіраў, што абслугоўваюць кліентаў і атрымліваюць прыбытак ад іх транзакцый).

large_what_is_the_difference_between_called_and_chosen_8osu2wnv.jpg


4. Прадпрымальніцтва новага тыпу

Галоўная прамысловая тэндэнцыя сённяшняга свету — распачаты пераход ад масавай вытворчасці любых тавараў на буйных фабрыках да лакальнай, "крафтавай", пад замову, індывідуальна і для невялікіх груп спажыўцоў. Гэта значыць тое, што раней было даступна толькі багатым людзям (індывідуальна вырабленыя рэчы), дзякуючы сучасным тэхналогіям і матэрыялам становіцца даступна большасці. І, насамрэч, гэтак жа сама гэтая лакальная вытворчасць становіцца даступнай для дробных, літаральна "сямейных" прадпрымальнікаў. Заўважу, што ў дадзеным выпадку "прадпрымальніцтва" мы разумеем як магчымасць нешта вырабляць, пад замову або на продаж.

Безумоўна, тут на чале трэнду — 3D-друкаркі. Хатняя 3D-друкарка адкрывае найшырэйшыя магчымасці выкарыстання і ўжывання сваёй фантазіі, і паколькі самыя танныя мадэлі каштуюць ад 700 "новых" рублёў і вышэй, яны даступныя практычна кожнаму чалавеку з кампутарам.

На сучаснай 3D-друкарцы можна, запампаваўшы з інтэрнэту (або намаляваўшы самому) кампутарную 3D-мадэль, надрукаваць велізарную колькасць розных прадметаў — ад сувеніраў і біжутэрыі — і да запчастак для аўтамабіляў. Прычым з кожным днём магчымасці 3D-друку пашыраюцца.

Але можна не друкаваць, а, скажам, шыць. Або вязаць. Сёння можна купіць сучасную вязальную машыну прыкладна па тым жа кошце, што і 3D-друкарка, — і з падобнымі магчымасцямі. Гэта значыць машына падлучаецца да кампутара, загружаецца выкрайка, — і наперад.

Трэба разумець: падобныя тэхналогіі ўвесь час удасканальваюцца і "вострацца" менавіта пад сямейных карыстальнікаў. Якія хай сабе вельмі павольна, але ўсё ж становяцца асновай эканомікі новага тыпу.