Параза

Інакш як паразай беларускую знешнюю палітыку на гэтым тыдні не назавеш. Афіцыйныя  «адэкватныя адказы» на дзеянні міжнародных структур не маюць сэнсу і абгрунтавання, але ўлада спрабуе зрабіць хоць нешта, каб выглядаць прыстойна. Хаця б на экране БТ.



a57d48399922b03419153a9760c5ce53.jpg

Інакш як паразай беларускую знешнюю палітыку на гэтым тыдні не назавеш. Афіцыйныя  «адэкватныя адказы» на дзеянні міжнародных структур не маюць сэнсу і абгрунтавання, але ўлада спрабуе зрабіць хоць нешта, каб выглядаць прыстойна. Хаця б на экране БТ.
Бадай, варта пачаць з таго, што з 22 сакавіка спіс неўязных у Еўрасаюз дапоўніўся 19-цю асобамі. Сярод іх некалькі кіраўнікоў вышэйшых і сярэдніх спeцыяльных навучальных устаноў, рэктары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Батура, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка Пётр Кухарчык, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Мечыслаў Часноўскі. Раней у спіс таксама быў уключаны рэктар БДУ Сяргей Абламейка.
Усе яны выказваюць неразуменне, за што іх уключылі ў гэты спіс. Ніводзін студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі не быў выключаны за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску, заявіў рэктар БДУІР Міхаіл Батура. Паводле слоў Батуры, усе студэнты, якія бралі ўдзел у акцыі, напісалі тлумачальныя запіскі, у большасці якіх паведамлялася, што маладыя людзі апынуліся на месцы падзей выпадкова. Ён падкрэсліў, што ва ўніверсітэце не задаваліся мэтай адсачыць паспяховасць студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі. Ім была дадзена магчымасць вучыцца, здаваць сесію.
Разам з тым, зазначыў Батура, тое, што здарылася, не паўплывае ні на яго «ўнутраны стан, ні на працу, ні на інтэнсіўнасць сувязяў БДУІР з еўрапейскімі ВНУ». Рэктар выказаў надзею, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ўніверсітэта з ВНУ ЕС будзе працягвацца. Зараз БДУІР супрацоўнічае прыкладна з 10 універсітэтамі Еўрасаюза ў Германіі, Францыі, Італіі. «У мяне добрыя прарэктары, партнёрства з кожнай ВНУ курыруе канкрэтны чалавек. Думаю, узаемавыгаднае супрацоўніцтва будзе набіраць абароты», — сказаў Батура.
Рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Мечыслаў Часноўскі, які таксама ўключаны ў спіс неўязных у ЕС, заявіў, што не бачыць падставы для ўвядзення такіх абмежаванняў у цэлым і ў дачыненні да сябе ў прыватнасці. «Магу сказаць адназначна, што выключэнняў з універсітэта, звязаных з падзеямі палітычнага характару, я не дапускаў. Такіх фактаў не было», — зазначыў ён.
Выбачайце, але ў спіс неўязных проста так не трапляюць. І гэта нават не звязана з тым, каго адлічылі, а каго не. Гэта звязана з парушэннем фундаментальных правоў чалавека. Напрыклад, на права і Канстытуцыйную норму «абіраць і быць абранымі». Па чыім загадзе заганялі студэнтаў на датэрміновае галасаванне? Чаму ў БДУІР затрымлівалі агітатараў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты? Чаму там вольна працавалі агітатары за Лукашэнку, а агітатары за іншых кандыдатаў у студэнцкія інтэрнаты не дапускаліся?
Больш падрабязна пра затрыманні і перашкоды ў вядзенні агітацыі (што, дарэчы, таксама забаронена заканадаўствам) могуць расказаць даволі публічныя асобы. Франак Вячорка, напрыклад. Ці Міхась Пашкевіч. І не трэба з сябе «ляпіць гарбатага». Уключылі ў спіс не з-за таго, што кагосьці выключылі, а за парушэнне правоў чалавека, гарантаваных міжнароднымі нормамі, пад якімі падпісалася Беларусь, і за парушэнне заканадаўства самой Рэспублікі Беларусь.
Беларускі бок прыняў меры ў адказ на санкцыі Еўрапейскага Саюза і ЗША і падрыхтаваў спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 22 сакавіка каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных. Паводле яго слоў, у спіс «уключаныя асобы, якія прымаюць дэструктыўныя дзеянні ў адносінах да Беларусі і наносяць урон міжнароднаму супрацоўніцтву».
У інтэрнэце гэта выклікала амаль істэрычны рогат. Кшталту «Канцлер Германіі Ангела Меркель ужо ніколі не зможа наведаць саўгас «Гарадзец». Ежы Бузеку ніколі не ўбачыць «Лінію Сталіна». Сарказі не пусцяць у Нацыянальную бібліятэку. Еўрапейскія чыноўнікі ў жалобе, закупляюць мыла і вяроўкі, каб павесіцца».
Пытанне глыбейшае: хто аддаў загад на абмежаванне кантактаў з Еўропай? Можа, і па прынцыпу «чорных спісаў» для музыкантаў, будзем складаць «палітсавет» і цэнзураваць іх выступы на сустрэчах? Так і бачу цыдулку: «Спадар Райнер Лінднер, старшыня Германа-беларускага таварыства, арганізатар штогадовага «Мінскага форума»! Вам належыць у трохдзённы тэрмін прадставіць тэкст свайго выступу на ўзгадненне ў Мінгарвыканкам у трох экземплярах і ў электроннай версіі. У выпадку, калі Ваш выступ не будзе супадаць з прадстаўленым тэкстам даслоўна, Вы будзеце прыцягнуты да адказнасці па артыкуле 369-1 Крымінальнага кодэкса «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
А тым часам экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч паведаміў жонцы Мілане па электроннай пошце, што атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Раней пра атрыманне Міхалевічам статусу палітуцекача паведамлялі нейкія «інфармаваныя крыніцы ў Празе».
Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч на прэс-канферэнцыі 23 сакавіка не выключыў, што Беларусь накіруе ў Чэхію запыт аб экстрадыцыі Міхалевіча. «Магчыма экстрадыцыя, калі распачата крымінальная справа, такі варыянт напрошваецца: чалавек схаваўся ад следства, значыць, ён будзе абвешчаны ў вышук», — сказаў Васілевіч.
Да ведама спадара Васілевіча. Чалавек, які атрымаў палітычны прытулак, нават пры запыце аб экстрадыцыі, нават пры росшуку праз Інтэрпол, у краіну, з якой ён збег, не выдаецца ні ў якім разе! Што ж у нас за генпракурор, які не ведае элементарных рэчаў?