«Паслабленне тэрору азначае аднаўленне барацьбы». Палітолаг тлумачыць, чаму ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі

Пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў Следчы камітэт завёў звыш 5 тысяч крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі. Чаму ўлады ў Беларусі зноў узмацняюць рэпрэсіі? Адбываюцца масавыя затрыманні, заводзяцца новыя справы, палітвязням дадаюць артыкулы і ствараюць больш жорсткія ўмовы адбыцця пакарання.Беларускі палітолаг Павел Вусаў тлумачыць гэта некалькімі прычынамі, піша «Свабода».

7d526236_4042_4ea5_a430_2a850717ea0f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

«Вялікая колькасць людзей выступаюць супраць сістэмы»

«Сістэма ўжо ўвайшла ў спіраль рэпрэсій і тэрору, гэты працэс набраў хуткасць і фактычна нічым не абмежаваны. З гэтага працэсу вельмі цяжка выйсці і яго спыніць. Улады разумеюць, што палітычны крызіс не вырашаны і прастора незадаволенасці ахоплівае значную колькасць людзей. У гэтых умовах спыненне ці паслабленне тэрору азначае аднаўленне ўнутранай барацьбы, уздым грамадства. Бо адзінае, што цяпер стрымлівае ад пратэстаў, ад пашырэння палітычнай актыўнасці ўнутры краіны — выключна рэпрэсіі. Але чым шырэйшая хваля тэрору, тым больш з'яўляюцца антысістэмныя настроі і радыкалізацыя».

Палітычны крызіс і рэпрэсіі цягнуцца больш за год, і ў гэтых умовах мяняецца ментальнасць беларусаў, яны перастаюць быць палітычна талерантнымі, лічыць Павел Вусаў. Паводле яго, у краіне шмат у чым ідзе фармаванне рэальнай рэвалюцыйнай свядомасці.

«Вялікая колькасць людзей выступаюць супраць сістэмы. Радыкалізацыя свядомасці грамадзян, рост напружанасці змушае ўладу да далейшай раскруткі спіралі рэпрэсій і тэрору. А гэта, у сваю чаргу, яшчэ больш стварае негатыўныя, радыкальныя настроі ў дачыненні да ўлады і гатоўнасць да жорсткага супраціву. Гэта драматычная падзея з Андрэем Зельцэрам, супраціў кадэбэшнікам паказваюць, што ў некаторых людзей трансфармуецца свядомасць. І гэта ўладу вельмі непакоіць».

«Выбух можа адбыцца ў любы момант»

Паводле Паўла Вусава, другі аспект, звязаны з рэпрэсіямі, хаваецца ў пагаршэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, сярод іншага, у выніку ўвядзення санкцый.

«Калі будуць спалучацца агульная палітычная, сацыяльная незадаволенасць і цяжкая эканамічная сітуацыя, то, безумоўна, выбух можа быць у любы момант. Асабліва затрымкі з заробкамі і рост цэнаў рызыкуюць прывесці да абсалютна непрадказальных працэсаў».

Трэці аспект зьвязаны з абвяшчэннем падрыхтоўкі да агульнанацыянальнага страйку.

«Улады, навучаныя досведам 2020 года, пачынаюць нервова, абсалютна з надзвычайнымі мерамі і сродкамі рэагаваць на любыя ініцыятывы апазіцыі, тым больш калі гэта заклік да страйку і тым больш калі гэты заклік адбываецца ва ўмовах такой маштабнай незадаволенасці».

«Праз рэферэндум Лукашэнка хоча абнавіць легітымнасць»

Паводле Паўла Вусава, яшчэ адна палітычная прычына ўзмацнення рэпрэсій звязана з ініцыятывай рэферэндуму, мясцовых і парламенцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў 2022 годзе.

«Даволі стрэсавая сітуацыя для ўладаў. Гэта вельмі маштабная палітычная, электаральная кампанія. Рэжым стараецца прадухіліць любыя нечаканасці (байкот, няўдзел, сабатаж), а для гэтага адзіны метад — запалохванне, тэрор, які, на думку ўладаў, прымусіць грамадства падпарадкавацца».

Паводле Вусава, рэферэндум будзе тычыцца сур’ёзных структурных зменаў ва ўсёй палітычнай сістэме.

«Датычыць, напрыклад, таго, што Лукашэнка ўжо без выбараў будзе пажыццёвым прэзідэнтам. Праз рэферэндум ён намагаецца абнавіць легітымнасць, то бок рэферэндум павінен адбыцца пры маўклівай пасіўнай згодзе большасці. Галоўнае, каб гэты рэферэндум адбыўся без эксцэсаў, у прыгнечаным грамадстве».

«Усе цудоўна разумеюць, што крызіс не скончыўся»

Колькасць палітвязняў у Беларусі на 30 верасня дасягнула 715. Пакуль жа ўлады пайшлі на амністыю толькі 13 чалавек. Чаму так марудна адбываецца вызваленне? Паводле Паўла Вусава, улады баяцца празмернай, нават фармальнай лібералізацыі.

«На думку ўладаў, масавае вызваленне палітвязняў можа стварыць уражанне, што сістэма пачынае слабець, не ў стане працягваць тэрор і гатовая ісці на нейкія саступкі. Гэта можа выклікаць абсалютна іншую рэакцыю ў грамадстве, яшчэ больш актывізаваць супраціў. Усе разумеюць, што крызіс не скончыўся. Актыўная частка грамадства будзе ўспрымаць выпусканне вязняў як сваю перамогу», — кажа палітолаг.

Другі момант можа быць звязаны з рэакцыяй сістэмы, людзей, якія там працуюць.

«Тут можа быць псіхалагічны дысананс у людзей сістэмы, гэтай рэпрэсіўнай машыны, якія заплямілі сябе крывёю і бяспраўем. Пагроза разбалансавання сістэмы таксама стрымлівае гэты працэс вызвалення», — падсумаваў Павел Вусаў.