Пасля ператрусу зніклі грошы. Замест іх з'явіліся чырвона-зялёныя сцяжкі
Сёння, 5 сакавіка, у Эканамічным судзе Мінска разглядалася справа Юліі Юхно. Дзяўчыну абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Яе затрымалі 1 лютага супрацоўнікі АБЭЗ Заводскага РУУС Мінска. Дзяўчына прадала 5 бранзалетаў белага колеру за 15 рублёў невядомаму мужчыну.

За некалькі дзён да гэтага невядомы напісаў Юліі ў «Тэлеграм» і яны дамовіліся аб сустрэчы ў Чыжоўцы. Там Юлю ўжо чакалі.

Юлія распавяла, што, калі мужчына аддаў ёй грошы, да іх падышлі супрацоўнікі ў цывільным, яе затрымалі і адвезлі ў РУУС, дзе склалі пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць па арт. 12.7 КаАП.А потым пачаліся «прыгоды».

Разам с Юліяй міліцыянты паехалі да яе кватэры, дзе фактычна правялі вобшук і забралі яшчэ такія ж бранзалеты. Праўда, чамусьці аформілі гэта як пратакол агляду месца правапарушэння. Дзяўчына была ў вялікім стрэсе і не памятае ўсіх падрабязнасцей, але запомніла, што супрацоўнікі адчынялі шафы і камод.

Потым яны зноў паехалі ў РУУС, дзе ў адным з кабінетаў Юлію чакаў мужчына ў сіняй форме, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Як успамінае Юлія, амаль адразу ён пачаў пытацца «чым яна можа дапамагчы органам» і прапанаваў дзяўчыне «супрацоўнічаць». Калі яна адмовілася, то мужчына заўважыў, што «ў яе будзе час добра падумаць» і выйшаў.

Супрацоўнікі РУУС па адным то выходзілі з кабінета, то заходзілі: відаць, раіліся за дзвярыма, што рабіць далей. Недзе праз гадзіну адзін з супрацоўнікаў, які затрымліваў Юлію, паведаміў, што на яе будуць складаць пратакол па арт. 17.1 КаАП за дробнае хуліганства ў памяшканні РУУС — нібыта яна адмаўлялася пакідаць будынак РУУС, размахвала рукамі і нават перашкаджала весці апытанне іншых людзей у кабінеце. Увесь час ніякіх іншых людзей у кабінеце не было — толькі Юлія ды супрацоўнікі.
Амаль трое сутак да суда Юлія правяла на Акрэсціна, а потым суд прызначыў ёй 7 сутак арышту па арт. 17.1 КаАП. Увесь гэты час да яе не пускалі адвакатку, якая штодня прыязджала ў ІЧУ.
Калі Юлія вярнулася дадому, то яе чакаў непрыемны сюрпрыз: з камода знікла больш за 800 рублеў. Муж ёй паведаміў, што ўвечары дня, калі Юлію затрымалі, ён вярнуўся дадому і ўбачыў, што побач з пустой скрынкай, у якой ляжалі грошы, былі раскіданы некалькі невялічкіх чырвона-зялёных сцяжкоў.
Але на гэтым сюрпрызы не скончыліся: калі перад судовым пасяджэннем яна разам з адвакаткай знаёмілася са справай па арт. 12.7 КаАП, то заўважыла, што пратакол агляду месца правапарушэння іншы (зніклі звесткі пра адабранне грошай) і падпісаны не ёю. На гэта яна падала заяву ў Заводскі РУУС Мінска і цяпер чакае адказу.

5 сакавіка Эканамічным судом Мінска справа па арт. 12.7 КаАП была разгледжаная суддзёй Койра Э.А.
Адвакатка Юліі адразу заявіла хадайніцтва аб адпраўцы справы на дапрацоўку, таму што ў пратаколе месцам правапарушэння значыцца адно, але ў пратаколе агляду месца правапарушэння — зусім іншае. Таксама адвакатка звярнула ўвагу суда на памер «атрыманага даходу», які склаў меней за 1 базавую велічыню.

Суддзя прызначыў Юліі Юхно штраф у памеры 5 базавых велічынь з канфіскацыяй адабраных у яе бранзалетаў.
