Навапалачаніна аштрафавалі на 725 рублёў за сцяг на балконе — з другой спробы
Жыхара Наваполацка, які ўвосень здолеў пераканаць мясцовыя ўлады, што яго бел-чырвона-белы сцяг на балконе не парушае архітэктурнага рашэння будынку, аштрафавалі за несанкцыянаванае пікетаванне.
Навапалачаніна, якому ўвосень удалося адбіцца ад абвінавачання ў «парушэнні архітэктурнага рашэння» за бел-чырвона-белы сцяг на балконе (арт. 21.13 КаАП), нядаўна абвінавацілі паводле арт. 23.34 КаАП.
Наваполацкі суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і аштрафаваў на 25 базавых велічынь (725 рублёў).
Справу навапалачаніна днямі разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Яна прызнала мужчыну вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Паводле пастановы, вывесіўшы сцяг на балконе кватэры на 6-м паверсе, мужчына публічна «выказваў свае грамадска-палітычныя перакананні». Гэтым самым «зладзіў несанкцыянаванае пікетаванне без адпаведнага дазволу гарвыканкама».
Суддзя Балаболава пастанавіла ў выніку пакараць мужчыну штрафам у памеры 25 базавых велічынь (725 рублёў).
Нагадаем, у верасні 2020 года гаспадару кватэры ў доме на вуліцы Маладзёжнай, 45 у Наваполацку прыйшоў ліст з гарвыканкама з папярэджаннем пра магчымы штраф «за парушэнне архітэктурнага рашэння фасаду будынка». Тады мужчына напісаў у аблвыканкам, патлумачыўшы, што бел-чырвона-белы сцяг не забаронены ў Беларусі і адпавядае яго «эстэтычным уяўленням аб правільным спалучэнні колераў». Мужчына адзначаў у лісце, што не выкарыстоўвае сцяг на масавых мерапрыемствах, не вывешвае яго з балкона, а толькі прымацаваў да сцяны, што не з'яўляецца парушэннем заканадаўства.
1 кастрычніка аўтар ліста атрымаў адказ з гарвыканкама. Яму паведамілі, што вывучылі «больш падрабязна сітуацыю, звязаную з палотнішчам сцяга» на лоджыі яго кватэры, і вырашылі, што гаспадар не парушае «архітэктурнае рашэнне фасаду будынка». А значыцца, адміністрацыйны працэс паводле арт. 21.13 КаАП у дачыненні да ўладальніка кватэры не будзе пачаты.
Паводле viciebskspring.org