Паштарку, якая перадала ў тэлеграм-чат даныя дзясяткаў міліцыянтаў, асудзілі на 3 месяцы арышту

Суд Першамайскага раёна Мінска 22 студзеня вынес прысуд па крымінальнай справы супраць 56-гадовай паштаркі Ларысы Танкашкур, якая перадала адміністратару тэлеграм-чату «Лебяжий 97%» асабістыя звесткі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, якія яна ўзяла з картатэкі падпісчыкаў выдання МУС "На страже".



larysa_sud.jpg


Пацярпелымі па справе прызнаныя 35 чалавек, сярод якіх — супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты.

Паводле ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса суддзя Таццяна Ліннік асудзіла пенсіянерку на тры месяцы арышту — менавіта такое пакаранне прасіў для яе пракурор.

"Вясна" распавядае пра акалічнасці гэтай справы.

56-гадовую жанчыну абвінавацілі у тым, што 29 верасня яна перадала адміністратару тэлеграм-чата “Лебяжий 97%” прозвішчы і месцы пражывання 35 супрацоўнікаў ОУС. Гэтыя даныя яна ўзяла з картатэкі падпісчыкаў газеты “На страже”. Такія дзеянні следчыя Цэнтральнага раёна кваліфікавалі як “незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых з-за помсты супрацоўнікам міліцыі па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніі ў Беларусі".

Згодна абвінавачванню і паказанням пацярпелых на судзе, сваімі дзеяннямі Танкашкур прычыніла маральную шкоду людзям, асабістыя даныя якіх былі размешчаныя ў тэлеграм-канале, а менавіта ў “негатыўных эмоцыях ад размяшчэння гэтых звестак у сацсетках і абмеркавання іх”. Таксама некаторым з іх у паштовыя скрыні былі змешчаны ўлёткі з артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса (Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва), што аказала на іх ціск, а таксама на іх родных і блізкіх. Супрацоўнікі ад гэтага адчулі негатыўныя эмоцыі. Таксама гэта паўплывала на нармальныя зносіны з суседзямі і калегамі, у іх з'явілася пачуццё небяспекі за сваё жыццё і здароўе сваіх блізкіх, а таксама за захаванне цэласнасці маёмасці. Акрамя гэтага, пацярпелым "нанесены падрыў аўтарытэту і дзелавой рэпутацыі як супрацоўнікаў міліцыі".

Пацярпелымі па справе прызнаныя 35 чалавек, сярод якіх — супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты. Ніхто не меў да абвінавачанай матэрыяльных прэтэнзій.

Ларыса Танкашкур прызнала віну часткова: яна прызнала, што распаўсюджвала дадзеныя, але не прызнае, што рабіла гэта па ідэалагічнай і палітычнай непрыязнасці або з помсты.

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць жанчыну трыма месяцамі арышту. Суддзя Таццяна Ліннік прызначыла менавіта такое пакаранне.

spring96.org