«Таму што гэта – адкрытае непадпарадкаванне». Суд адмовіў у аднаўленні на працы звольненай супрацоўніцы МТЗ

Суд Фрунзенскага раёна Мінска палічыў законным звальненне машыніста крана цэха кабін МТЗ Ульяны Гарбачовай, якая за 12 гадоў працы не мела ніводнага спагнання і адна выхоўвае маленькае дзіця.

Ульяна Гарбачова

Ульяна Гарбачова


Ульяна Гарбачова адпрацавала на МТЗ 12 гадоў, за ўвесь гэты час у працадаўцы не было да яе ніякіх прэтэнзій, яе ні разу не прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасці. Але 26 кастрычніка мінулага года на яе склалі акт аб адсутнасці на працоўным месцы і адразу звольнілі, нягледзячы на добрую характарыстыку і на тое, што яна адна выхоўвае маленькае дзіця. Ульяна палічыла сваё звальненне несправядлівым і звярнулася ў суд з патрабаваннем аднавіць яе на працы, выплаціць сярэдні заробак за час вымушанага беспрацоўя, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.
Паводле Ульяны, 26 кастрычніка яна прыйшла на працу да пачатку змены, але на прахадной завода высветлілася, што яе электронны пропуск заблакаваны. Таксама яна даведалася, што аказалася ў спісе з 20 чалавек, якім у гэты дзень заблакавалі пропускі. Ульяна стала высвятляць, у чым справа, патэлефанавала табельшчыцы і дабілася, каб ёй выдалі разовы пропуск.
Дзяўчына прыйшла на сваё працоўнае месца ў цэх кабін, дзе яна працавала машыністам крана, але да працы не прыступіла. Па яе словах, майстар не прапанаваў ёй кран для працы і ключ-марку ад яго, як таго патрабуе службовая інструкцыя. Майстар толькі спытаў, ці будзе яна працаваць, і Ульяна адказала, што не. Да канца змены, сцвярджала Ульяна, яна не пакідала тэрыторыі завода і адыходзіла з працоўнага месца ненадоўга — на абед, папаліць, а таксама сустрэцца з калегамі з іншых цэхаў. Тады, у дзень агульнанацыянальнай забастоўкі, разам з сотнямі калег яна паўдзельнічала ў маршы па цэхах завода. Але за актыўную грамадзянскую пазіцыю кіраўніцтва завода вырашыла звольніць некалькі чалавек, у тым ліку і яе. Яшчэ не скончылася змена, калі Ульяну з калегам запрасілі да начальніка цэха, дзе азнаёмілі са складзеным на яе актам аб адсутнасці на працоўным месцы больш за тры гадзіны.
Дакладную на Ульяну напісаў майстар Ігар Шведаў, які, выступіў сведкам у судзе. Па яго словах, са СМІ ён ведаў, што 26 кастрычніка «недзе забастоўка». Ён патлумачыў, што звычайна кранаўшчыцы прыходзяць у цэх і распісваюць, хто на якім кране будзе працаваць, атрымліваюць ключ-марку, пасля чаго майстар распісваецца, і яны прыступаюць да працы. У той дзень прыйшло 6 чалавек, Ульяна была сёмая, а ўсяго кранаў восем.
Я задаў ёй пытанне, ці будзе яна працаваць, яна сказала «не». Да працы яна не прыступіла, на кран не паднімалася, ключ-марку не атрымлівала, — пацвердзіў Ігар Шведаў словы пазоўніцы.
Майстар не змог дакладна адказаць на пытанне, ці пакідала Ульяна надоўга сваё працоўнае месца — цэх кабін. Але працу яна не выконвала. Таму ён напісаў на яе дакладную аб адсутнасці на працоўным месцы на імя начальніка цэха.
Прадстаўнік пазоўніцы Наталля Буракоўская даводзіла, што Ульяна не пакідала надоўга свайго працоўнага месца, прапісанага ў кантракце, — цэха кабін, таму акт аб яе адсутнасці на працоўным месцы складзены беспадстаўна. Але майстар настойваў: «Я яе не бачыў, яна не прыступала да працы на кране».
Начальнік цэха кабін Аляксандр Сакалінскі таксама выступіў сведкам у судзе і патлумачыў, што яму паступіла дакладная запіска аб тым, што 26 кастрычніка Ульяна Гарбачова не прыступіла да працы.  
Яна адмовілася выконваць даручаную працу і прымаць ключ-марку ад крана і сыйшла з цэха, — сказаў ён.
Аднак Ульяна Гарбачова сказала, што яна не адмаўлялася ад працы:
Калі я прыйшла ў цэх пасля таго, як на прахадной мне ўжо ўзнялі нервы, калі мяне не пускалі па незразумелых прычынах, пытанне Шведава я ўспрыняла як тое, што ў маіх паслугах на дадзены момант цэх не мае патрэбы. Паколькі я была на нервах, я выйшла. Я магу гэта расцэньваць як непаразуменне паміж намі.
Па словах начальніка цэха Аляксандра Сакалінскага, ён бачыў, як Ульяна хадзіла па заводзе, але вярнуцца на працу ёй не прапаноўваў. У 14.45 яна разам з калегам прыйшла да яго ў кабінет, але да гэтага часу аб яе месцы знаходжання яму нічога не вядома. Сакалінскі сцвярджаў, што не выклікаў да сябе Гарбачову і яе калегу Громава, яны прыйшлі самі, «каб даведацца пра свой лёс», і былі ўжо пераапранутыя ў сваё адзенне.
Начальнік цэха сказаў, што нічога не ведаў пра блакаванне пропуска Гарбачовай. Ён прызнаў, што яна ніколі не прагульвала працу і не прыцягвалася да гэтага да дысцыплінарных спагнанняў.
 Чаму ў якасці дысцыплінарнага спагнання вы абралі менавіта звальненне? — пацікавілася адвакат Буракоўская.
Удакладню: вы абралі? — дадала суддзя Залуцкая.
 Мы абралі, — адказаў Сакалінскі. — Таму што гэта — адкрытае непадпарадкаванне. А калі астатнія тое ж самае зобяць — прыйдуць на працу і адмовяцца прыступаць? Гэта як зразумець?
У той жа час начальнік цэха прызнаў, што не заўжды людзей, якія адсутнічаюць на працоўным месцы больш за тры гадзіны, звальняюць.
Яшчэ адной сведкай на працэсе выступіла калега Ульяны Гарбачовай машыніст крана Валянціна Карп. Яна падпісала складзены на Ульяну акт аб адсутнасці на працоўным месцы. Сведка паведаміла ў судзе, што 26 кастрычніка Ульяну не бачыла, і засведчыла гэта сваім подпісам пад актам.
Ці ведаеце вы, што акт, які вы падпісалі, быў пакладзены ў аснову для прыняцця распараджэння аб звальненні? — спытала адвакат.
 Калі б я ведала, ніякіх подпісаў бы не ставіла, — адказала сведка.
Адвакат настойвала, што цяжар даказвання парушэння ляжыць на наймальніку, і ўсе дакументы былі складзеныя ім без якіх-небудзь доказаў, а заключэнні былі зробленыя з агульнай сітуацыі. У той жа час у судзе не было прадстаўлена доказаў, што Ульяна Гарбачова адсутнічала на працоўным месцы больш за тры гадзіны. Аднак прадстаўнікі адказчыка — юрысконсульты ААТ МТЗ — перакананыя, што звальненне Гарбачовай адбылося на законных падставах.
У выніку суддзя прыняла рашэнне: адмовіць Ульяне Гарбачовай у яе пазове.
— Ад суда я нічога іншага і не чакала, бо гэта — загад «зверху». Яшчэ нікога са звольненых завадчан суд не аднавіў на працы. Юрыстам, якія абараняюць інтарэсы ідэолагаў, павінна быць сорамна. І яшчэ я расчаравалася ў начальніку цэха — працавала пад яго кіраўніцтвам 12 гадоў, і ніколі не было праблем, заўжды старалася стаць на яго бок. Таму мне вельмі «спадабаўся» яго адказ на пытанне аб тым, ці лічыць ён маё звальненне справядлівым. Значыць, трымаць на заводзе алкаголікаў, якія тыднямі п’юць і прагульваюць, — нармальна, а звальняць трэба мяне, каб не было прыкладу для іншых? — пракаментавала «Новаму Часу» пастанову суда Ульяна Гарбачова.
У бліжэйшы час яна плануе заняцца пошукам працы, ёй ужо паступіла некалькі прапаноў.