Павал Мацукевіч: беларускія ўлады гатовыя на кампрамісы для аднаўлення кантактаў з Захадам

Роля, якую адыгрывае цяпер Уладзімір Пуцін, дазваляе яму зняць вяршкі і паўстаць у вельмі станоўчым абліччы пасярэдніка і дыпламата. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнту газеты «Беларусы і рынак» заявіў былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі, старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй» Павел Мацукевіч.

matsukevich.jpg

Ён мяркуе, што Пуцін фактычна памяняўся з Лукашэнкам ролямі, калі параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з 2014 годам. Тады аналагічную паслугу для Захаду аказаў Лукашэнка: не прызнаў анексію Крыма і прыняў у Мінску «нармандскі фармат», папрацаваўшы донарам рэгіянальнай бяспекі ў важны для Еўропы момант.

Цяпер гэтая роля пры Пуціне.

— Прычым, на мой погляд, расійскі прэзідэнт мае абсалютны кантроль над гэтай сітуацыяй: абвастрае і эскалюе яе чужымі рукамі. А яго маніпуляцыі настолькі эфектыўныя, што ўдаецца пстрыкнуць па носе Польшчу і краіны Балтыі рукамі не толькі Лукашэнку, але і Меркель, бо ўсе гэтыя размовы Берліна з Масквой і Мінскам адводзяць Варшаве і іншым сталіцам ролю статыстаў. І пад шумок усяго гэтага і 28 таямнічых інтэграцыйных карт нарошчваецца вайсковая прысутнасць Расіі ў Беларусі, — кажа ён.

Паводле слоў Мацукевіча, ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі зрабіла заўважны крок наперад: мы ўжо маем вучэбна-баявыя цэнтры, падпісана Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, працягнута арэнда ваенных аб'ектаў, расійскія стратэгічныя бамбавікі «бамбяць» паветраную прастору ўздоўж беларускай мяжы.

Тым не менш цягаць за вусы суседзяў Саюзнай дзяржавы, прамацваючы іх уразлівыя месцы і мяжу цярпення, — гэта адно, а дапусціць гарачы канфлікт — зусім непажаданае іншае.

— Мне здаецца, Уладзімір Пуцін добра адчувае момант, калі трэба спыніцца, каб не перайграць самога сябе. Нельга выключаць пэўных выбліскаў напружанасці на мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі, але ў цэлым міграцыйны канфлікт будзе вычарпаны, — лічыць экс-дыпламат.

На яго думку, беларускі бок вельмі зацікаўлены ў аднаўленні кантактаў з заходнімі краінамі, таму што гэтыя кантакты дазвалялі Аляксандру Лукашэнку балансаваць. Таму, нягледзячы на ўсю ваяўнічую рыторыку афіцыйнага Мінска, беларускія ўлады гатовыя ісці на кампрамісы для аднаўлення кантактаў з Захадам. Больш за тое, калі тэлефонныя перамовы Мінска і Берліна былі ўзгодненыя з Масквой, то ў выпадку далейшага развіцця такіх кантактаў у Лукашэнкі могуць узнікнуць непрыемнасці ад Крамля, бо гэта можа стварыць праблемы працэсу транзіту Беларусі ў Расію аж да яго прыпынення. Заяўлены раней разварот у бок Азіі — гэта ж таксама была свайго роду спроба разнастаіць знешнепалітычныя сувязі Беларусі, каб знізіць узровень сваёй залежнасці ад Расіі. Але з дапамогай адной Азіі, без Захаду, гэта дакладна не атрымаецца. А вось пры аднаўленні супрацоўніцтва з ЕС, частковым зняцці абмежаванняў або іх замарозцы, у інтэграцыйнай гісторыі з Расіяй беларускі рэжым паспрабуе даць задні ход.

Што тычыцца верагоднасці замарозкі санкцый, то, паводле слоў Мацукевіча, гэта залежыць выключна ад волі бакоў і кампрамісу. Пакуль гэта аддаленая перспектыва, але знаходжанне развязкі па міграцыйным крызісе адкрывае да яе прамую дарогу.