Паміж Беларуссю і ЕС пачынаецца сапраўдны торг — Карбалевіч пра другую размову Меркель з Лукашэнкам

Небяспечна тое, што Лукашэнка можа прыйсці да высновы: шантаж мігрантамі працуе, дае эфект, гэтым інструментам можна карыстацца і далей, выказвае меркаванне ў сваім тэлеграм-канале Валерый Карбалевіч.

s._v._ivanov._trade_negotiations_in_the_country_of_eastern_slavs._pictures_of_russian_history.__1909_.jpg

Дзве тэлефонныя размовы Ангелы Меркель з Лукашэнкам, таксама дзве гутаркі міністра замежных спраў Беларусі Уладзімера Макея з высокім прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпам Барэлем, перанос рашэння аб пятым пакеце санкцый Еўрасаюза адносна беларускіх уладаў — усё гэта сведчыць, што Брусель змяніў тактыку. Вырашана пачаць дыялог, торг з афіцыйным Мінскам.

З паведамлення БелТА пра змест другой тэлефоннай размовы Меркель з Лукашэнкам вынікае, што ствараецца нейкая інфраструктура, пляцоўка для такога дыялогу.

Гэта азначае, што Лукашэнка атрымаў некалькі дывідэндаў, якія маюць хутчэй псіхалагічны характар. Умоўна кажучы, атрымаў маральнае задавальненне.

Па-першае, адпомсціў суседзям (Польшчы, Літве, Латвіі) за іх пазіцыю адносна ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, тым, што стварыў для іх сур’ёзныя праблемы.

Па-другое, прымусіў ЕС пачаць дыялог, чаго Еўропа не вельмі хацела.

Па-трэцяе, дыялог пачаўся па тым парадку дня, на якім настойваў Мінск. Гаворка вядзецца не пра вырашэнне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, а пра ўмовы пераадолення канфлікту з мігрантамі на мяжы.

Уласна, пакуль гэтым дывідэнды вычэрпваюцца. Пра адмену санкцый гаворкі няма.

Але і пра разрадку, размарозку сітуацыі на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой таксама інфармацыі няма.

То-бок, пакуль будуць ісці перамовы, захоўваецца статус-кво. Хіба што робяцца крокі па вырашэнні гуманітарнай праблемы з мігрантамі. ЕС гатовы выдзеліць для іх 700 тысяч еўра.

Небяспечна тое, што Лукашэнка можа прыйсці да высновы: шантаж мігрантамі працуе, дае эфект, гэтым інструментам можна карыстацца і далей.