Зянон Пазьняк: «Нішто Еўропу не вучыць»

Нікому на Захадзе не будзе справы да масавага генацыду ў Беларусі, калі Расія ў гэты час атакуе Украіну, што не выключана, зыходзячы з абставінаў. Зянон Пазьняк разважае пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і палітыку Еўрасаюза, але адзначае, што кажа пра «падзеі, якія могуць і не адбыцца».

12021402.jpg

Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ ацэньвае паварот да кампрамісу і да перамоваў з Еўропай, і адзначае, што “гэты варыянт лепшы чым адсутнасць перамоваў”, перадае словы Зянона Пазьняка «Радыё Рацыя»

“Практычна, амаль усё, што можа вынікаць з міграцыйнай атакі на мяжу Польшчы, складваецца не ў карысць Беларусі. Выйграе, найперш, Пуцін пры ўсіх раскладах.

Еўразвяз, здаецца, пачаў разумець небяспеку правакацыі і робіць крокі да перамоваў з агрэсарамі (Пуціным і Лукашэнкам). Гэты варыянт лепшы, чым адсутнасць перамоваў.

Цана вымушаных перамоваў з рэжымам для Еўропы звычайная – кампраміс на фоне амбіцый. З’ява ў гэтай частцы свету прывычная. Прытым самы вінаватыя, бо зрабілі грубую памылку з увядзеннем эканамічных санкцыяў супраць народа Беларусі, прымітыўна думаючы ліквідаваць гэтым уладу Лукашэнкі (якая дзвюма нагамі загразла ў Крамлі). Намеры нерэальныя.

Нішто Еўропу не вучыць. Хочуць зваліць Лукашэнку, але караюць Беларускі народ, і адначасна звяртаюцца да Пуціна, каб дапамог. Антыбеларускую ўладу называюць „беларускі рэжым”. Дык хто тут з кім і за каго?

Магчыма, немцы забяруць сабе частку мігрантаў. Калі не, тады рэальна ім трэба будзе ўступаць у перамовы з рэжымам аб адмене паспешных эканамічных санкцыяў, пра што Еўропа хацела б гаварыць толькі з Пуціным. Але прыйдзецца з Лукашэнкам. Пры гэтым сатрап у сваёй агрэсіі не спыніцца. Яны яшчэ таго не ведаюць, з кім будуць мець справу.

Пра характар і мэты магчымай гаворкі еўрапалітыкаў з Крамлём можна здагадацца – нічога добрага для Беларусі. Тэма рэпрэсіяў і гібрыднага генацыду беларусаў ужо падменена „праблемай” інвазіі мігрантаў з Усходу. Еўразвяз вырашае свае праблемы.

Горшы варыянт, калі да перамоваў з лукашысцкім рэжымам не дойдзе. Тады павялічыцца небяспека збройнай правакацыі на беларуска-польскай мяжы. Працягам канфлікту можа стаць уезд расійскіх войскаў у Беларусь альбо ўвядзенне ваеннага стану Лукашэнкам (як у 80-х гадах у Польшчы). Ваенны стан цалкам развязаў бы рукі бандытам рэжыму, адчыніў бы магчымасць спыніць усялякія выбары і рэферэндумы, пашырыць шлях да масавых рэпрэсіяў народа па прыкладу сталінскіх.

Мушу сказаць, што нікому на Захадзе не будзе справы да масавага генацыду ў Беларусі, калі Расія ў гэты час атакуе Украіну, што не выключана, зыходзячы з абставінаў.

Тут меркаванні аб падзеях, якія могуць і не адбыцца. Але сутнасць маіх разважанняў у тым, каб нам, беларусам, быць падрыхтаванымі да ўсяго. Гэта значыць да ўнутранага супраціву, да перамены ўлады і да збройнага змагання супраць маскоўскага акупанта за волю і незалежнасць Радзімы…”

Паводле Радыё Рацыя