Прэм'ер Польшчы: Магчыма, крызіс на мяжы трэба, каб адцягнуць увагу ад нападу Пуціна на Украіну

Прэм'ер Польшчы асцерагаецца эскалацыі канфлікту з Беларуссю і Расіяй, але збіраецца любымі сродкамі абараніць «сваю мяжу, усходнюю мяжу Еўропы і НАТА», паведамляе www.dw.com.

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі 

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі 

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін "ідуць стратэгіі, накіраванай на тое, каб усяліць няўпэўненасць, дэстабілізаваць Захад", — перакананы Матэвуш Маравецкі.

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі асцерагаецца эскалацыі канфлікту з Беларуссю. "У цяперашні час сітуацыя стабільная, але яна становіцца ўсё больш пагрозлівай. Мігранты выкарыстоўваюцца Беларуссю ў якасці зброі. І іх мэтамі з'яўляюцца Германія, Францыя, Нідэрланды", — заявіў кіраўнік польскага ўрада ў інтэрв'ю газеце Bild у чацвер, 18 лістапада.

Маравецкі асцерагаецца перарастання сітуацыі ў адкрыты ваенны канфлікт. На адпаведнае пытанне газеты ён адказаў так: "Мы не можам гэтага выключыць".

"Беларускія сілы правакуюць усё больш і больш", — адзначыў польскі прэм'ер. Паводле яго пераканання, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, "відавочна, ідуць стратэгіяй, накіраванай на тое, каб усяліць няўпэўненасць, дэстабілізаваць Захад. Мы не ведаем, што яшчэ яны плануюць. Магчыма таксама, што крызіс на мяжы прызначаны толькі для таго, каб адцягнуць увагу ад новых вайсковых нападаў, якія Пуцін рыхтуе ва Украіне", — перакананы Маравецкі.

Палітык заявіў, што палякі поўныя рашучасці любымі сродкамі абараніць "сваю мяжу, усходнюю мяжу Еўропы і НАТА". "Калі мы не зможам утрымаць тысячы мігрантаў сёння, то хутка іх будуць сотні тысяч, мільёны, якія накіроўваюцца ў Еўропу", — упэўнены Маравецкі.

Кіраўнік польскага ўрада падвергнуў рэзкай крытыцы міграцыйную палітыку, якая праводзілася ў апошнія гады ўрадам канцлера Ангелы Меркель. "Яна паставіла пад пагрозу суверэнітэт многіх еўрапейскіх дзяржаў і спарадзіла штучны мультыкультуралізм. Гэта была небяспечная палітыка для Еўропы і для ўсяго свету", — лічыць Маравецкі.