Андрэй Елісееў: Крамлю магла належаць сама ідэя крэатыўнай дэстабілізацыі ЕС

Пуцін стаў «пасярэднікам» паміж Мінскам і Захадам і, так бы мовіць, паквітаўся з Лукашэнкам за ягонае колішняе «пасярэдніцтва» на Данбасе. Пра гэта распавёў палітолаг Андрэй Елісееў «Свабодзе».

d8e5cdf_0.jpg


Палітолаг Андрэй Елісееў, дырэктар аналітычнага цэнтру EAST і эксперт міжнароднай ініцыятывы iSANS, адказвае на пытанне, ці спыніць Лукашэнка міграцыйную гульню пасля размовы з Меркель, разважае пра ролю Крамля і вызначае, якая галоўная мэта афіцыйнага Мінску ў мігранцкім крызісе.

— Што гэта было — званок Меркель Лукашэнку? Улічваючы тое, што беларускія ўлады нібыта пачалі прадпрымаць нейкія крокі нібыта па дээскалацыі мігранцкага крызісу, адвялі людзей ад мяжы, размясцілі іх у месцах часовага прытулку — ці можна сказаць, што званок канцлеркі дасягнуў сваёй мэты?

— Званок Меркель быў гуманітарнай акцыяй — спробай уратаваць здароўе і жыцці мігрантаў, якія апынуліся ў Беларусі, і выведаць, якія патрабаванні мае Лукашэнка ў вялікай міграцыйнай гульні. Разам з тым я сумняваюся, што гэты званок дасягнуў сваёй мэты і што міграцыйная гульня будзе неўзабаве згорнутая без рызыкаў для мігрантаў. Бо Лукашэнка выставіў непрымальныя ўмовы да ЕС наконт скасавання сектаральных санкцыяў і прызнання яго прэзідэнтам. Хутчэй за ўсё, Лукашэнка працягне міграцыйную гульню, каб вымусіць сваіх суседзяў плаціць за сваю прадказальнасць і нестварэнне ім праблемаў. Яшчэ яму выгадная непрадказальная сітуацыя на межах, якую ў кожны момант можна было б напяць, з унутрыпалітычных мэтаў — прынамсі, да правядзення рэферэндуму і прызнання ягоных вынікаў Крамлём.

— Ці можна меркаваць, што Меркель магла гаварыць з Лукашэнкам пра цэлы комплекс праблемаў, напрыклад, пра тых жа палітвязняў? Бо калі не так, то атрымліваецца, што мігранцкі парадак дня сапраўды выцесніў усё астатняе, і пра палітвязняў нібыта забыліся?

— Сапраўды, можна дапусціць, што калі Лукашэнка (паводле эстонскай міністаркі замежных спраў) запатрабаваў скасавання санкцый, то Меркель нагадала пра перадумовы ЕС у выглядзе вызвалення палітычных зняволеных і правядзення новых выбараў. Лукашэнка ж, задраўшы стаўкі і ледзь не пагражаючы ваенным канфліктам, вядома, хацеў бы абмяняць адмену санкцый і сваё прызнанне проста на вырашэнне міграцыйнай сітуацыі.

— Ці можа нейкім чынам змяніцца стратэгічна палітыка Еўрасаюза адносна мінскага рэжыму? Ці палітыка санкцыяў нязменная?

— Вельмі малаімаверна, што Еўрасаюз напоўніцу зменіць сваю пазіцыю ў выніку падобнага вымагальніцтва. Разам з тым Лукашэнка, хутчэй за ўсё, успрыняў званок ад Меркель як праяву слабасці і працягне ціснуць на ЕС, таму рызыкі для здароўя і жыццяў мігрантаў нікуды не знікаюць. ЕС пастаўлены ў складаную сітуацыю, бо і паддавацца на Лукашэнкавы вымогі, натуральна, не лічыць мажлівым, але і хацеў бы пазбегнуць трагічных выпадкаў сярод мігрантаў, асабліва з жанчынамі і малымі.

— Калі Мінск і сапраўды паабяцаў і зробіць крокі па дээскалацыі крызісу, то што ён мог запатрабаваць узамен? Ці самога званка ад фрау Меркель яму было ўжо дастаткова, і гэта ўжо будзе ўспрымацца і падавацца як перамога?

— Асноўны інтарэс Лукашэнкі палягае не ў сімвалізме прызнання яго прэзідэнтам з боку ЕС (хоць гэта яму, безумоўна, і прыемна), а ў практычным, фінансавым плане. Нягледзячы на пазітыўныя прапагандысцкія воклічы пра нядзейныя і нават карысныя заходнія санкцыі, Лукашэнка як ніхто іншы разумее іхную патэнцыйную шкоду, калі яны запрацуюць напоўніцу. Пагатоў Крэмль наўзамен на падпісанне новага інтэграцыйнага пакта пакуль не заплаціў і, па ўсім відаць, настойвае на беззваротным і адназначным прызнанні Крыму расійскім.

— Якая ўсё ж пазіцыя Расіі ў гэтым канфлікце? Крэмль як мінімум не стрымліваў Лукашэнку — ці на самой справе і развіў ягонымі рукамі гэты канфлікт, жадаючы дабіцца пэўных стратэгічных перавагаў?

— Крэмль як мінімум ведаў пра планы Лукашэнкі, бо сённяшняя міграцыйная сітуацыя стваралася месяцамі. Крамлю ў нейкай ступені магла належаць і сама ідэя крэатыўнай дэстабілізацыі ЕС праз міграцыйны крызіс. Пагатоў Крэмль ужо ствараў падобную сітуацыю сам, хай і ў меншым аб’ёме, у 2015–2016 гадах на мяжы з Фінляндыяй. Тады на паўночнай фінскай мяжы рэзка павялічылася колькасць мігрантаў з Блізкага Усходу, якія імкнуліся праз Расію. Далей, Крэмль забяспечвае інфармацыйную падтрымку гэтай сітуацыі; асноўныя прапагандысцкія наратывы пра агрэсіўныя, фашысцкія і адначасова бездапаможныя краіны ЕС — такія самыя, як у дзяржаўных беларускіх СМІ.

Але гаварыць пра суцэльную зладжанасць мэтаў Крамля і Лукашэнкі тут не выпадае. Крамлю цікава дэстабілізаваць краіны ЕС і прамацаць іх такой нестандартнай сітуацыяй. Яму таксама хацелася б, каб ЕС нават плаціў Беларусі за міграцыйны спакой, каб такім чынам утрыманне Беларусі хоць часткова перакласці на заходнія краіны. Па-трэцяе, Крэмль хацеў бы павялічыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі на пастаяннай аснове ў святле эскалацыі сітуацыі.

У Лукашэнкі ж свая партыя ў гэтай гульні. Яму расійская прысутнасць патрэбная толькі часовая, каб застрашыць Захад. Ён выкарыстоўвае міграцыйны крызіс, каб выбіць з ЕС адмену санкцый і прызнанне — гэта відавочна. Меней відавочна, але не меней важна тое, што Лукашэнка спрабуе па-майстэрску яшчэ і Крэмль шантажаваць. Маўляў, каб сітуацыя не выйшла з-пад кантролю, каб я вас не ўцягнуў у вялікі канфлікт з Захадам супраць вашай волі, памажыце грашыма.

— Званок Меркель адбыўся пасля размоваў Пуціна з Макронам. Такім чынам, як бы зафіксавана, што цяпер гаварыць пра нешта з Лукашэнкам можна толькі пры пасярэдніцтве Масквы. Ці з’яўляецца гэта нейкай новай сітуацыяй? І наколькі гэта звужае для Лукашэнкі магчымасці для самастойнай ад Расіі палітыкі?

— Натуральна, сітуацыя за паўтара года змянілася цалкам. Яшчэ нядаўна Лукашэнка быў своеасаблівым «пасярэднікам» паміж Пуціным, з аднаго боку, Меркель і Макронам, з іншага, у справе сітуацыі на Данбасе. Цяпер жа Пуцін стаў пэўным «пасярэднікам» паміж імі і, так бы мовіць, паквітаўся з Лукашэнкам за ягонае колішняе «пасярэдніцтва». Таксама паказальна, што яшчэ пару гадоў таму Лукашэнка гуляў у рэгіянальнага «міратворцу», а цяпер фактычна ўзяўся за «вайнатворчую» місію.

Пасыл да суседзяў вельмі просты: каб чаго кепскага не сталася і каб я вас не сутыкнуў ілбамі, адчапіцеся са сваімі прэтэнзіямі і плаціце за маю прадказальнасць і свой спакой. Крэмль зараз даціскае Лукашэнку, і выглядае, што мае намер выбіць прызнанне Крыму наўзамен на далейшую фінансавую падтрымку. Такі крок канчаткова пазбавіць Беларусь незалежнай замежнай палітыкі — Лукашэнка пакуль вельмі адбіваецца ад такой перспектывы, але фінансавыя крыніцы перасыхаюць з кожным месяцам.