Павел Усаў: Пра Полк Каліноўскага, палітычную суб’ектнасць і легітымнасць

Палітыка — гэта перад усім пэўная дзейнасць грамадзян, звязаная з функцыянаваннем, кіраваннем дзяржавы праз выкарыстанне адмысловых інструментаў, якімі з’яўляецца ўлада, піша палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале.

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

Дзяржава функцыянуе дзякуючы менавіта дзейнасці людзей, праз механізмы ўзаемаўздзеяння, прыняцця і падпарадкавання акрэсленаму спосабу кіравання.

Палітычнымі суб’ектамі з’яўляюцца любыя структуры, арганізацыі, якія аказваюць, ці могуць аказаць уплыў на ворганы ўлады, грамадства, працэсы прыняцця палітычных рашэнняў у краіне, гэта: прэзідэнт, парламент, партыі, НДА, рухі, СМІ, лідары думак і г. д.

У пэўныя моманты суб’ектамі палітыкі могуць стаць войска, спецслужбы, якія бяруць уладу ў свае рукі, ці пачынаюць яе кантраляваць.

Іншымі словамі, любы грамадзянін, любая арганізацыя можа стаць суб’ектам палітыкі. Няма ніякіх абмежаванняў, ці забаронаў.

Таксама любы суб’ект палітыкі можа страціць сваю суб’ектнасць. Усе залежыць ад характару і выніку дзейнасці, умоваў.


Святлана Ціханоўская да 2020 была нікому не вядомай асобай, далёкай ад палітыкі, але ў выніку пэўных падзей пераўтварылася ў палітычных суб’ект.

Суб’ектнасць можа ўзмацняцца дзякуючы падтрымцы іншых суб’ектаў, арганізацый СМІ, народа, і такім чынам атрымоўваць легітымнасць, права прадстаўляць інтарэсы грамадства, ці пэўных сацыяльных груп, права кіраваць дзяржавай.

Напрыклад, Кабінет Ціханоўскай з'яўляецца суб’ектам палітыкі і нават прэтэндуе на права кіраваць краінай, хаця ягоная легітымнасць не будуецца на падтрымцы народа, але на ўскоснай легітымнасці Ціханоўскай. Сам па сабе, ён не мае падтрымкі, але можа набыць у выніку пазітыўнай дзейнасці, негатыўная дзейнасць прывядзе не толькі да ўласнай палітычнай дэвальвацыі, але і вычэрпання легітымнасці Ціханоўскай.

Суб’ектнасць не заўсёды можа супадаць з легітымнасцю. Напрыклад, Лукашэнка з’яўляецца нелегітымным суб’ектам палітыкі.

Суб’ектнасць фарміруецца незалежна ад легітымнасці, але праз палітычны ўдзел ды іншыя справы суб’ект можа набываць легітымнасць, то-бок падтрымку з боку насельніцтва ды іншых палітычных-сацыяльных груп. Такім чынам атрымаць права на ўладу.

Таму ПКК несумненна з'яўляецца суб’ектам палітыкі.


У сваю чаргу легітымнасць набываецца рознымі шляхамі: выбары і ўласная дзейнасць асобы, ці групы асобаў.

Выбары надаюць інстытуцыянальную, прававую легітымнасць, замацоўвае права мець уладу. Але сама сацыяльна-палітычная падтрымка можа змяняцца (змяншацца, знікаць) у выніку дзейнасці суб’екту, што можа прыводзіць да крызісаў і адставак. Легітымнасць не вечная, яе неабходна падпітваць пазітыўнымі дзеяннямі.

Так, легітымнасць-падтрымка Ціханоўскай паступова спадае ў выніку розных працэсаў і зусім не факт, што ў момант палітычных перамен у Беларусі яна будзе адрознівацца ад іншых палітычных суб’ектаў.

Іншая форма атрымання легітымнасці — дзейнасная, якая ўключае ў сябе палітычная правадырства ў тым ліку вайскова-рэвалюцыйнае. Пры гэтым дзейнасная легітымнасць у крызісныя моманты з'яўляецца больш артыкуляванай і кансалідаванай, чым электаральная.

Полк Каліноўскага, праз калектыўную вайсковую дзейнасць, атрымоўвае падтрымку (легітымнасць), якую ў перспектыве цалкам могуць перафарматаваць у палітычную, то-бок, уключыцца ў палітычныя працэсы ў Беларусі.