Пікавая кропка. Лукашэнка забараніў секчы Грушаўскі сквер, але жыхары не вераць у гэта

Забудова пойдзе так, што дрэвы не пацерпяць — абяцаюць ім. Але жыхары нагадваюць: будаўнічы плот як стаяў, так і стаіць, дакументаў пакуль няма.

maxresdefault_28_1.jpg

Высечку дрэў у Грушаўскім скверы спынілі ў пачатку лютага да новых рашэнняў. І навіны нарэшце з'явіліся: кіраўнік краіны кажа, што секчы забараніў. Яго рашэнне сёння пераказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.
«Я паведаміла кіраўніку дзяржавы, як развіваецца сітуацыя, і ён прыняў рашэнне, што Грушаўскі сквер павінен быць захаваны. Забудова і добраўпарадкаванне будуць весціся так, каб ён ні ў якім разе не пацярпеў. Прэзідэнт надае вялікую ўвагу пытанням экалогіі, асабліва актуальная гэтая тэма для такога мегаполіса, як Мінск», — цытуе яе БелТА,
— Кропка ў гэтым пытанні пастаўлена на самым высокім узроўні. Прэзідэнт увесь час кажа пра неабходнасць слухаць і чуць людзей, а пры вырашэнні любых пытанняў у галоўнымі ставіць інтарэсы грамадзян».
Пакуль таксама незразумела, якой будзе плошча сквера: 2,16 гектара, якія жыхары лічаць законнымі, або 1,72 гектара, да якіх сквер паменшылі некалькі гадоў таму.
На сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі, якая была больш за тыдзень таму, актывісты даведаліся, што вырашыць пытанне са скверам складана ў тым ліку з-за інтарэсаў забудоўшчыка, які ўжо ўклаў свае грошы ў будоўлю. І што з імі?
«Як мы разумеем, дакумент зараз «адпрацоўваецца» на іншых узроўнях. Калі ён будзе гатовы і прадстаўлены для вывучэння, можна будзе казаць пра нашыя далейшыя крокі і дзеянні», — растлумачылі для onliner.by ў офісе забудоўшчыка.
Няясна і тое, што будзе рабіць забудоўшчык, бо працы ўжо пачатыя. Пабудуе ён пяць пад'ездаў ці адзін? Ці не будзе будаваць наогул? Але самае галоўнае пытанне — ці значыць рашэнне Лукашэнкі, што адменяць дзеянне дакумента Мінгарвыканкама, з-за з'яўлення якога ўласна пачалося будаўніцтва?
Паводле greenbelarus.info