Пікет салідарнасці з рэпрэсаванымі графіцістамі (+фота)

У Мінску у непасрэднай блізкасці ад СІЗА №1 адбыўся пікет салідарнасці з падазраванымі па "справе графітыстаў Максімам Пякарскім і Вадзімам Жаромскім, якія зараз знаходзяцца за кратамі.



У акцыі, рашэнне пра правядзенне якой было прынятае на ўчорашнім круглым стале, прымалі ўдзел прадстаўнікі шэрагу дэмакратычных моладзевых арганізацый. Мерапрыемства праходзіла ў межах пікета па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Анатоля Лябедзькі. У пікеце салідарнасці прыняў удзел і сам прэтэндэнт у кандыдаты.

На пытанне, ці разумее Анатоль Лябедзька, што пасля выбараў за такія акцыі магчыма давядзецца адказваць, палітык адзначыў:

— Няма сэнсу загадваць, што будзе потым, трэба рабіць тое, што можна зрабіць сёння. Мы зрабілі свой выбар  значна раней, калі вырашылі ўдзельнічаць у гэтай кампаніі па свайму сцэнару. Мы вырашылі не звяртаць увагу на акалічнасці, якія прапісаныя у выбарчым заканадаўстве, таму што беларускі закон — не заўсёды законнасць, правы і свабоды чалавека. Мы гатовыя несці адказнасць за свае дзеянні. Разумеем, што тут няма аніякіх правілаў гульні, пакаранне прыйдзе, але мы хочам скарыстаць магчымасць традыцыйнай перадвыбарчай лібералізацыі, каб данесці у тым ліку тэму палітвязняў да грамадства.

На думку старшыні АГП, "тэма палітвязняў не страчвае актуальнасць. Чарговым затрыманнем маладых людзей за графіці улады дасылаюць пасланне, што ўсё можа быць, пасланне страху да грамадства. Вірус страху пасеяны вельмі шырока. З гэтым трэба змагацца. У тым ліку такімі акцыямі".

"Я свядома вырашыў выкарыстоўваць пікеты па збору подпісаў для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы палітвязняў. Першым важным крокам была акцыя насупраць КДБ, калі мы выйшлі з партрэтамі зніклых палітыкаў і сённяшніх палітвязняў. Атрымалася. Гэтае поле трэба пашыраць", — дадаў Анатоль Лябедзька.

ssl.gstatic.com__ui_v1_icons_mai_80fa6adcfc3f64d015030e2a410150ff.gif