БТ пакрыўдзілася на Лябедзьку за выкінуты тэлевізар

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі распаўсюдзіла афіцыйны каментар, у якім раскрытыкавала пікет «Без свабоды слова няма сумленных выбараў!» патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.



bt_gena.jpg

Аднак тэлевізійшчыкі не прадставілі контраргументаў апазіцыйнаму палітыку і перайшлі на асобы.

«Страціўшы надзею сабраць 100 тыс. подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, А.Лябедзька вырашыў сабраць хаця б гледачоў на свой развітальны псеўдаперфоманс. Для неадбыўшагася кандыдата, які сам прызнаўся ў тым, што не паспее атрымаць неабходную колькасць аўтографаў, гэта звыклая праца «на карцінку». Прычым па гэтым жа малюнку відаць, што нікому, акрамя журналістаў, гэта было не цікава. Мабыць, пакрыўдзіўшыся на народ, які яго не падтрымаў, А.Лябедзька напрыканцы вырашыў гучна пляснуць дзвярыма. Хоць палітычныя заслоны, падобна, сур’езна зіржавелі. І атрымаўся хіба што жалобны піск, які растварыўся ў шуме адной мінскай вуліцы», — гаворыцца ў распаўсюджаным афіцыйным каментары прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі, які цытуе Інтэрфакс.

Навошта тады БТ адрэагавала на гэты піск вялізнай заявай, у гэтай заяве не агучваецца.

Як піша прэс-служба, «Лябедзька па звычцы крытыкаваў беларускае тэлебачанне ў адсутнасці альтэрнатывы і прамога эфіру». На думку аўтараў каментара, прычынай крытыкі Лябедзькі паслужыла тое, што «да прамога эфіру неадбыўшыся кандыдат у прамым сэнсе не дацягнуў».

«Замест гэтага Лябедзька, мабыць, вырашыў наладзіць пахаванне аналагавага тэлебачання, выкінуўшы ў сметніцу дапатопны корпус без кінескопа», — працягвае прэс-служба ў сваім камэнтары. У сувязі з гэтым у Белтэлерадыёкампаніі параўналі Лябедзьку з дадзеным тэлевізарам і рытарычна прапанавалі адправіць яго ва ўтыль. «Харызматычнаму» палітыку застаецца толькі паспачуваць. Сучасная мадэль глядзелася б эфектней, але, відавочна, яго партыя паскарэднічала грошай. А гэтая калі і ўключаецца, то якасць беларускага тэлебачання ацаніць складана. Бо краіна ўжо перайшла на лічбавае тэлебачанне. А за гэты аналагавы, як за вобраз старога апазіцыянера, якога пара адправіць у ламбард, не дадуць ні капейкі. Можа, лепш адразу ва ўтыль?», — гаворыцца ў каментары.

bt_gena2.jpg

«І перш чым наракаць на «тыя ж вусы» ў тэлевізары, спадару Лябедзьку варта было б паглядзець у люстэрка ў сябе ў офісе АГП, чый правадыр чапляецца за партыйны руль паболей іншых генсакаў», — працягнулі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

«Так, спадар Лябедзька расчараваны, — яго можна зразумець. Але нават няўдалы збор подпісаў на карысць сябе каханага не падстава, каб вінаваціць дзяржаўнае тэлебачанне і выдаваць сваё меркаванне, як адзінае правільнае. Мы загадзя мяркуем, што спадар Лябедзька выкарыстоўвае наш каментар як нагоду заявіць , што БТ у чарговы раз спрабавала выставіць яго ў нявыгадным святле. Зрэшты, выгаднага святла сафітаў на тэледэбатах ён, на думку выбаршчыкаў, якія праходзілі міма яго пікетаў, не заслужыў. А выхадка на вуліцы Мінска была няйначай як жаласнай лебядзінай песняй Лябедзькі па неадбыўшымся кандыдацтве» ,— падсумавалі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 18 жніўня ў Мінску каля ЦУМа правёў пікет «Без свабоды слова няма сумленных выбараў!». У ходзе пікета ў скрыню выкінулі тэлевізар з надпісам на экране «Паглядзеў БТ — пераключыся за сабой!». У ходзе пікета лідэр партыі абвінаваціў афіцыйныя тэлеканалы ў аднабаковым асвятленні падзеяў у краіне.

Пазней ініцыятыўная група Лябедзькі паведаміла, што ёй наўрад ці ўдасца да належны тэрмін — да 21 жніўня ўключна — сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты.

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 г..

Лябедзька, як і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, носіць вусы.