Мінскі гарадскі суд хоча бачыць «хуліганскія дзеянні» прэтэндэнта ў прэзідэнты

У Мінскім гарадскім судзе была разгледжаная касацыйная скарга на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да Паўла Канавальчыка, які разам з Юрыем Шульганом быў затрыманы 17 ліпеня каля будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.



shul_logo.jpg

Нагадаем, што «дармаед у дэкрэце» Юрый Шульган меўся падаць на рэгістрацыю спіс сваёй ініцыятыўнай групы. Канавальчык з’яўляўся кіраўніком ягонага выбарчага штабу. Але іх не прапусцілі нават на тэрыторыю Дому ўраду — супрацоўнік аховы заявіў, што яны знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, і выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымалі Шульган і Канавальчыка, інкрымінаваўшы ім арт. 17.3 КаАП «Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення», а затым у будынку РУУС абвінавацілі ў хуліганстве і склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства».

У гісторыі затрымання было шмат няўвязак, але суддзя Таццяна Матыль 20 ліпені асудзіла Паўла Канавальчыка да штрафу ў 20 базавых велічынь. Менавіта на гэтае рашэнне суда Маскоўскага раёна і падаў касацыйную скаргу асуджаны, паведамляе сайт spring96.org.

У сваю чаргу суддзя Валерый Камісараў пры разглядзе скаргі задаволіў хадайніцтва аб выпатрабаваньні і даследаванні відэа з відэакамеры, якая знаходзіцца ў фае Маскоўскага РУУС г. Мінска. На думку Канавальчыка на відэа бачна, што ні ён, ні Юры Шульган ў будынку РУУС не здзяйснялі правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП — «Дробнае хуліганства», як гэта было адзначана ў складзеным супрацоўнікамі РУУС пратаколе.

На папярэднім судзе міліцыянты сцвярджалі, што Шульган і Канавальчык здзяйснялі правапарушэнні ў «мёртвай зоне» відэакамер, таму здымкі іх хуліганскіх дзеянняў прадставіць адмовіліся

Таксама, суд зробіць запыт і ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў наконт праверкі затрыманых на наяўнасць алкаголю ў крыві ў момант паступлення. Бо паказанні алкатэстэраў у РУУС пры затрыманні і ў ЦІП пры паступленні адрозніваюцца аж у 6 разоў!

У судзе быў абвешчаны перапынак. Будзе прызначана паўторнае слуханне.