Двух гродзенскіх журналістаў аштрафавалі

19 жніўня суд Ленінскага раёна Гродна (суддзя Юрый Казакевіч) прызнаў журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава вінаватымі ў парушэнні арт. 22.9 КаАП і аштрафаваў кожнага на 25 базавых велічыняў (па 4,5 млн рублёў). 



2015_dzianisau_kirkevich.jpg

Нагодай для завядзення справы, нагадаем, стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.

Журналістаў абвінавацілі ў “незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі”, а менавіта — падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Судовы разгляд распачаўся яшчэ 23 ліпеня, але суддзя вырашыў накіраваць матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю. 14 жніўня працэс аднавіўся, хаця самі журналісты адсутнічалі. Суд заслухаў сведак — мастака Аляксандра Сільвановіча і яго жонку, дырэктарку выставачнай залы Ірыну Сільвановіч. Сведкі пацвердзілі, што яны давалі інтэрв’ю згаданым журналістам.

Агульная сума штрафаў журналістам па арт. 22.9 ч.2 КаАП за 2015 год складае ўжо больш за 146 мільёнаў рублёў.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"