Партыя БНФ і Таццяна Караткевіч запрашаюць далучыцца да пікету “Праспект Нацыянальнага сцягу”
Сёння, 21 жніўня, у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, Партыя БНФ і падтрыманая ёю прэтэндэнтка ў кандыдаты ад Партнёрства дзеля мірных пераменаў “Народны рэферэндум” Таццяна Караткевіч праводзяць масавы пікет пад нацыянальнымі бела-чырвона-белымі сцягамі.

Пікет распачнецца ў 17:00 ля мінскай ратушы на плошчы Свабоды. Сябры ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч усталююць стэнды з бела-чырвона-белымі сцягамі ад ратушы ўздоўж праспекту Пераможцаў у бок Палацу спорту. У пікеце прыме ўдзел сама Таццяна Караткевіч, якая такім чынам падвядзе рысу пад этапам збору подпісаў.
Акцыя будзе адбывацца ў форме пікету па зборы подпісаў, паколькі, згодна з Выбарчым кодэксам, падобнага кшталту пікеты ў перыяд вылучэння кандыдатаў не патрабуюць спецыяльнага дазволу, і гэтая частка праспекту не аднесеная да забароненых для пікетавання.
Запрашаем усіх сябраў усіх ініцыятыўных групаў, якія на працягу апошняга месяца збіралі подпісы пад нацыянальнымі сцягамі, а таксама ўсіх грамадзянаў Беларусі, для якіх не абыякавыя нашы нацыянальныя сімвалы, далучыцца да пікету “Праспект Нацыянальнага сцягу”.

Паводле прэс-службы Партыі БНФ