Завяршаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў на пасаду прэзідэнта

Сёння — апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Збор подпісаў пачаўся 23 ліпеня. 



urna3_245.jpg

Подпісы збіралі ініцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта: 
- Сяргея Гайдукевіча — старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі; 
- Сяргея Калякіна — старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет"; 
- Таццяны Караткевіч — актывісткі кампаніі "Гавары праўду", якая прадстаўляе кааліцыю "Народны рэферэндум"; 
- Анатоля Лябедзькі — старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі; 
- Аляксандра Лукашэнкі — дзейнага прэзідэнта; 
- Жанны Раманоўскай — беспрацоўнай настаўніцы з Брэста; 
- Віктара Цярэшчанкі — эканаміста, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года; 
- Мікалая Улаховіча — старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва". 
Здаць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ініцыятыўныя групы павінны да 19.00 21 жніўня. 


На гэты час пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, заявілі пяць прэтэндэнтаў — Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Калякін, Таццяна Караткевіч і Віктар Цярэшчанка. 


Анатоль Лябедзька напярэдадні прызнаў, што яго групе не ўдалося сабраць 100 тысяч подпісаў. "Вядома, маглі сабраць, але мы пайшлі на эксперымент, арганізаваўшы выключна валанцёрскую кампанію. І мы зараз ведаем людзей, якія пойдуць на ўсё, таму што ў іх ёсць перакананні", — сказаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі 20 жніўня на пікеце "За сумленныя свабодныя выбары!". "Калі б гэта былі выбары, то мы б уключылі і фінансавы складальнік і сабралі", — дадаў ён. 
Па ўсёй бачнасці, не атрымаецца сабраць неабходную колькасць подпісаў і ініцыятыўнай групе Сяргея Калякіна. Паводле даных на 16 жніўня, у падтрымку вылучэння лідара партыі "Справядлівы свет" было сабрана 70 тысяч подпісаў. "Сабраць 30 тысяч за астатнія пяць дзён, напэўна, будзе праблематычна", — сказаў у каментары БелаПАН кіраўнік ініцыятыўнай групы Валерый Ухналёў.
Жанна Раманоўская дагэтуль не паведамляла пра колькасць сабраных подпісаў, аднак, калі ўлічыць малалікасць яе ініцыятыўнай групы і малавядомасць самой прэтэндэнткі, відавочна, што яна таксама выбывае з прэзідэнцкай кампаніі. 
Паводле каляндарнага плана ЦВК, рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты павінна прайсці з 6 па 15 верасня. Аднак, як заяўляла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, разгледзець пытанне пра рэгістрацыю кандыдатаў ЦВК плануе на пасяджэнні 10 верасня. Пасля атрымання адпаведных пасведчанняў кандыдаты ў прэзідэнты змогуць пачаць перадвыбарную агітацыю. 
Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 11 кастрычніка.
БелаПАН