Пыл у вочы. Для каго?
У 2008 годзе Польшча была адным з ініцыятараў пачатку дыялога, паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Праз паўтара года заходняя суседка атрымала своеасаблівы адказ у выглядзе чарговага канфлікту з непрызнаным уладамі Саюзам палякаў у Беларусі.
У 2008 годзе Польшча была адным з ініцыятараў пачатку дыялога, паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Праз паўтара года заходняя суседка атрымала своеасаблівы адказ у выглядзе чарговага
канфлікту з непрызнаным уладамі Саюзам палякаў у Беларусі.
Восенню 2008 года міністр знешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаслаў Сікорскі заяўляў, што ЕС мусіць паскорыць рашэнне пра дыялог, бо сітуацыя ў Беларусі змянілася і «палітвязняў больш
няма». Еўропа насамрэч наважылася наводзіць масты з рэжымам Лукашэнкі. І нават дасягнула пэўнага поспеху ў гэтай справе. Прынамсі дыпламаты краін ЕС загаварылі больш пра магчымасці, чым
перашкоды. Асцярожная крытыка на пэўныя недэмакратычныя дзеянні афіцыйнага Мінска гучала толькі з вуснаў прадстаўнікоў дыпмісій Скандынавіі, Славакіі ды заезджых чыноўнікаў са структур ЕС. Увесь гэты
час супрацоўнікі пасольства Польшчы ў Беларусі пазбягалі рэзкіх выказванняў на адрас беларускіх уладаў.
Полымя разгарэлася з іскры ў Івянцы: мясцовы Дом польскі не змаглі падзяліць два саюза палякаў у Беларусі — афіцыйны і незарэгістраваны. Судовыя выканаўцы зрабілі вопіс маёмасці Дома
польскага, сілай выставіўшы з будынка актывістаў неафіцыйнага саюза. Гэтаму канфлікту папярэднічаў ціск на мясцовую кіраўніцу польскай суполкі і Дома польскага Тэрэзу Собаль. Тады канфлікт паміж
Польшчай і Беларуссю абмежаваўся размовай з польскімі дыпламатамі ў МЗС. Высяленне з будынка непрызнанага ўладамі Саюза палякаў справакавала хвалю абурэння ў вышэйшых палітычных колах Польшчы. З-за
канфлікту ў Івянцы пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін быў адкліканы для кансультацый у Варшаву. Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі запрасіў на сустрэчу лідэра неафіцыйнага Саюза палякаў Анжаліку
Борыс.
Польская апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць», якую ўзначальвае Яраслаў Качыньскі, брат прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, запатрабавала адмяніць візіт у Варшаву міністра
замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, што запланаваны на 12 лютага, у сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы.
У інтэрв’ю польскай газеце «Rzeczpospolita» міністр Мартынаў паведаміў, што падчас гэтай сустрэчы будзе падпісана дамова аб малым памежным руху. І што Беларусь не супраць
адмяніць візы для палякаў, але толькі на прынцыпах узаемнасці. У цяперашніх умовах гэта, натуральна, справа далёкай перспектывы, бо Польшча ўваходзіць у шэнгенскую зону, і пытанне візавых стасункаў
вырашаецца не толькі ў Варшаве.
Што да канфлікту вакол двух саюзаў палякаў, то Мартынаў заявіў, што кіраўнікі абедзвюх арганізацый павінны паразумецца, а не шукаць падтрымкі ў іншых.
Тым часам кіраўнік партыйнай фракцыі ў сейме Гражына Генсіцка заклікала прэм’ер-міністра Дональда Туска звярнуцца ў ЕС з прапановай накласці на Беларусь гандлёвае эмбарга. Кіраўнік МЗС
Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваіх заявах больш асцярожны і па-ранейшаму лічыць, што «з Беларуссю трэба размаўляць, а не ізаляваць яе». Паводле яго меркавання, пытанне наконт
польскай меншасці ў Беларусі варта перадаць у міжнародныя інстытуты. Таксама міністр знешнепалітычнага ведамства нагадаў, што паважаць правы нацменшасцяў і апазіцыі — «асноўная
ўмова збліжэння з Еўрасаюзам».
Нягледзячы на рэакцыю польскіх палітыкаў, Еўрасаюз наўрад ці пойдзе на зварочванне дыялогу з Беларуссю. Занадта многа сіл было прыкладзена, каб вывесці Беларусь на шлях перамоў. Еўропа не хоча бачыць
дыктатуру пад сваім бокам, але яшчэ больш яна не хоча бачыць гэту дыктатуру пад патранажам Расіі. Калі скандал не вырашыцца на міждзяржаўным узроўні, магчыма, будзе заяўлена нота пратэсту ці пытанне
па нацменшасцях закране Еўракамісія. Дарэчы, ЕС пакуль што цярпліва прымае і разгоны вулічных акцый у Мінску, і ціск на журналістаў, і новы ўказ аб рэгуляванні інтэрнэту. Чакаць радыкальных крокаў у
бок замарожвання адносінаў не варта як мінімум да прэзідэнцкіх выбараў — менавіта іх вынік і ўмовы правядзення могуць стаць кропкай, ад якой будзе весціся новы вектар знешняй палітыкі.
Зрэшты, не падобна, каб і Беларусь падагравала канфлікты з мэтай паставіць жалезную заслону на заходняй мяжы. Больш выглядае на чарговае падкручванне гаек, якія пры нагодзе можна паслабіць, тым самым
прадэманстраваўшы сваю «згаворлівасць» ды жаданне «дэмакратызавацца». А вярнуць палякам будынак ці проста пакінуць на час іх у спакоі ўсё ж для ўладаў значна больш
бяспечна, чым даць адносную свабоду парачцы газет ці акрэдытаваць «Белсат», не гаворачы ўжо пра легалізацыю нязручных палітычнаму рэжыму партый ды грамадскіх арганізацый. Дарэчы,
згода пачаць дыскусію вакол адмены смяротнага пакарання (хай сабе і базавай агульнагуманістычнай каштоўнасці) для ўладаў таксама не балючая і фактычна нічога не вартая. Усё гэта фактары, якія ніякім
чынам не ствараюць пагрозы выбудаванай палітычнай сістэме. Таму цалкам слушным можа быць меркаванне, што канфлікт — гэта толькі пыл у вочы ЕС, якім зручна адцягнуць увагу ад больш значных
падзей і праблем, што маюць месца ў Беларусі.