Першы TEDx адбыўся ў Гродне
Дзесяткі маладых твараў, інтарэс у вачох, незвычайны фармат, натхняльныя гісторыі поспехаў і пошукаў маладых гарадзенцаў. Так у некалькіх словах можна апісаць гарадзенскі TEDxYouth@Hrodna, які адбыўся 1 лістапада
Пяцёра розных
Галоўнымі героямі гарадзенскага ТЭДа сталі пяцёра маладых прамоўцаў.
У кожнага – свая гісторыя, свая жыццёвая філасофія, якой яны дзяліліся з прысутнымі.
Вераніка
— "Мая гісторыя пачалася з таго, што я паступіла на факультэт дыпламатыі, чым моцна здзівіла нават сваю сям’ю", — распачынае свой аповед дзяўчына.
І далей распавядае пра сваё першае дыпламатычнае заданне (сустрэча ў аэрапорце важнага госця), свае стажыроўкі, уражанні ад сустрэч з дыпламатамі, сваё разуменне сутнасці гэтай працы (“дыпламатыя — гэта колы вялізнага цягніка, у якім едуць пасажыры (палітыкі) і задача дыпламатаў, каб колы ехалі добра і каб пасажыры не хваляваліся).
— Ніхто не верыў, што нейкая дзяўчынка з Гродна стане дыпламаткай, будзе працаваць у амбасадзе, але я зрабіла гэта. І мая галоўная выснова — няма нічога немагчымага, калі вы ведаеце, чаго хочаце дасягнуць, — сканчае сваю прамову Вераніка.
Павал
Хлопец нарадзіўся ў Гродне 24 гады таму і ўжо некалькі год працуе экскурсаводам.
У сваёй прамове Павал прапануе свой рэйтынг “топавых” месцаў і з’яваў, з якімі абавязкова трэба знаёміць і турыстаў і саміх гарадзенцаў.
У гэтым рэйтынгу апроч такіх візітовак горада, як Каложа, замкі ды храмы, ёсць месца і для Горадні кінематаграфічнай, Горадні адметных кавярняў, Горадні як месцу “каралеўскага шопінгу”.
Кірыл
Выступ гэтага студэнта купалаўскага ўніверсітэту не раз прымушае аўдыторыю расплывацца ва ўсмешках: энэргія, пачуццё гумару, добрая мова, цікавая візуальная падача інфармацыі і, канечне, тэма, актуальная для многіх удзельнікаў імпрэзы.
Як знайсці працу для душы? Адказ на гэтае пытанне шукае хіба што кожны чалавек.
Па словах Кірыла, 33% беларусаў ненавідзяць сваю працу (1-е месца ў СНД і 7-е месца ў свеце па гэтым паказчыку).
— Я не кажу зараз толькі пра рабочых якога-небудзь ліцейнага заводу, якія мараць пра сканчэнне цяжкай змены. Я кажу і пра настаўнікаў, якія нас навучаюць, і пра лекараў, якія нас лечаць, і пра будаўнікоў, які будуюць нашыя дамы.
Як жа знайсці працу для душы?
Вось “рэцэпт” ад Кірыла:
— Я ўзяў асадку і запісаў на паперы ўсё, што я люблю, што ў мяне атрымліваецца рабіць найлепш. Затым глядзеў, ці тая альбо іншая праца адпавядае маім інтарэсам і здольнасцям.
Пакуль мы маладыя — можна спрабаваць сябе ў розных сферах. Памыляцца і зноў спрабаваць, бо з гадамі гэта будзе рабіць больш складана, — адзначае прамоўца.
Вольга
Прыхільніца гарадскога жыцця ва ўсіх яго праявах. Менавіта так была прадстаўленая валанцёрка з Польшчы, якая ўжо месяц працуе ў Гродне.
Для Вольгі Гродна – ужо пяты горад, у якім яна жыве (пасля Любліна, Вільні, Варшавы і Гдыні).
Як адаптавацца да жыцця ў новым горадзе, стаіць у ім “сваім”, палюбіць яго?
Вось дзевяць парадаў ад Вольгі:
1. Скажы сабе: я зараз жыву тут
2. Ніколі не пераставай знаёміцца з прасторай
3. Знайдзі ўлюбёную кавярню
4. Прысутнічай (удзельнічай у жыцці горада)
5. Пастарайся хадзіць пешкі (ровар таксама крутая ідэя). Варта часам заблудзіцца:)
6. Святкуй кожную хвіліну з горадам
7. Лайкай, лайкай (прысутнічай у тэматычных групах у сацыяльных сетках, прысвечаных гораду)
8. Памятай, што пастаянна вучышся
9. Каштуй наступнае
Дана
“Мне не важна, як вы рухаецеся, галоўнае — што вамі рухае”. А гэта ўжо анонс чарговай выступоўцы.
Дана выразна хвалюецца, але гэта не замінае ёй з ходу завалодаць сімпатыямі аўдыторыі.
Дзяўчына з’яўляецца ўдзельніцай танцавальнага гурта “Начало” і ахвотна дзеліцца рознымі практыкаваннямі, якія дазваляюць ураўнаважыць цела і розум чалавека.
Парада на "шэры" дзень ад Даны: |
"Калі ў вас кепскі настрой, бачыце шмат шэрых будынкаў і змрочных людзей - уявіце, што ў вас у руках нябачны шар з яркімі колерамі. Кідайце гэтыя шары і ўяўляйце, як фарбы “расфарбоўваюць” людзей і будынкі. І вы ўбачыце, як горад становіцца больш яркім". |
TEDx: ад Штатаў да Гродна
TED у Гродна прывезла Ганка Барадзіна (на здымку ніжэй), адна з чатырох беларусаў, якія маюць ліцэнзію на правядзенне такога кшталту імпрэзаў у Беларусі.
Калісьці Ганка прыехала ў Гродна на трэнінг…і вырашыла, што хоча застацца тут.
— Што для мяне TEDxYouth@Hrodna? — рытарычна запытала ў пачатку сустрэчы ў сябе дзяўчына і патлумачыла:
—Афіцыйна TED расшыфроўваецца як Тэхналогіі, забавы, дызайн (Technology Entertainment Design), аднак я маю сваё тлумачэнне гэтай абрэвіятуры:
Т — найперш “тусоўка” прыемных, цікаўных, адкрытых людзей са сваімі ідэямі і прапановамі.
Э — “Эўрыка”, прастора для адкрыццяў.
Д — “даросласць”. Нягледзячы на тое, што гэтую імпрэзу арганізавала вельмі маладая каманда, па сваёй сутнасці гэта вельмі сур’ёзнае, “дарослае” мерапрыемства.
х — гэта нешта неспадзяванае, нечаканае, новае, што можа здарыцца сёння.
Што ж, першы гарадзенскі TED сапраўды быў і цікавай “Тусоўкай”, і прыносіў Адкрыцці, і пакінуў уражанне саліднасці (“Даросласці”).
Гэта сапраўды было тое неспадзяванае, новае, незвычайнае, чаго так бракуе ў Гродне.
Наступны TED каманда яго арганізатараў плануе на вясну наступнага года. Відэа з самымі цікавымі момантамі дэбютнага TEDxYouth@Hrodna з'явіцца ў хуткім часе ў сацыяльных сетках.
Фота Варвары Злобінай
www.t-styl.info