Пётр Кузняцоў: Супрацьстаянне грамадства і ўлады набліжаецца да крытычнай кропкі

І галадоўка Ігара Лосіка, і сённяшні акт самаспалення на плошчы Незалежнасці — гэта вельмі сур'ёзныя ўдары па пазіцыях беларускай улады, піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку Пётр Кузяняцоў.



vas_vot_marsh_20201011_20201011_008_2_logo.jpg

Цяпер, калі многія пасыпаюць галавы попелам і паўтараюць пра тое, што «пратэст садзьмуўся, ён уседзеў», далёка не кожны прыгадае, што зімовы спад актыўнасці многія (у тым ліку і аўтар гэтых радкоў) прагназавалі яшчэ ў пачатку восені, роўна як і паглыбленне крызісу і карозіі дзеючай сістэмы пад уплывам ужо зусім іншых фактараў. А калі прагнозы пачынаюць спраўджвацца, гэта значыць адно: падзеі падпарадкоўваюцца пэўнай логіцы.

Літаральна некалькі дзён таму беларусы актыўна абмяркоўвалі і радаваліся адмене Чэмпіянату свету па хакеі. На думку многіх, гэта стала не толькі чарговым следствам страты ўладай легітымнасці, але і дадатковай прыкметай падвышанай таксічнасці рэжыму з сур'ёзнымі доўгатэрміновымі наступствамі.

Аднак прайшло ўсяго некалькі дзён — а падзей, якія наносяць па ўладах надзвычай адчувальныя ўдары, адбылося ўжо столькі, што і ЧС амаль не абмяркоўваецца.

"Беларуськалій" заявіў, што гатовы аднавіць на працы звольненых "за палітыку". Гэты парыў абумоўлены, вядома, не прыступам гуманнасці, а ўсяго толькі тым, што надышоў момант для заключэння 5-гадовага кантракту з нарвежскай кампаніяй Yara. Нарвежцы — найбуйнейшыя ў свеце вытворцы ўгнаенняў, у тым ліку і з калійнай сыравіны, а беларускі бок — пастаўшчык. І вось гэтыя бізнесоўцы сур'ёзна заклапаціліся станам спраў з правамі чалавека на беларускім прадпрыемстве, з тэхнікай бяспекі, з умовамі працы і з іншымі "дробязямі". Прыязджалі ў Мінск, калупалі мазгі, выпускаюць заявы.

А калі кантракту не будзе? Вычарпаецца вельмі істотны крыніца паступлення валюты — усяго толькі... Роўна настолькі, каб пачаць круціцца і абяцаць.

Праблема, на самай справе, для рэжыму вельмі сур'ёзная. Прывыклі ж думаць, што бізнес — гэта толькі грошы лічыць, а палітыка — справа дзяржаў. Але тут літаральна днямі менавіта прыватны бізнес па факце адмяніў ЧС па хакеі — адчувальны ўрок. Калі Yara не падпіша кантракт, абвінаваціць яе ў тым, што яна «прадалася» будзе цяжка: такога ніхто не хоча, гэткае рашэнне выкліча напружанне на рынку, якое ўдарыць па ўсіх. Але, з іншага боку, цяпер таксічнасць беларускай улады зашкальвае настолькі, што нават прагматычныя бізнесоўцы вымушаныя дзейнічаць ужо ў такой плоскасці — на мяжы сваіх уласных эканамічных санкцый.

І калі раптам рашэнне аб непадаўжэнні кантракту будзе прынятае, яно можа адкрыць такую скрыню Пандоры... Бо стане каласальнай сілы сігналам не толькі іншым бізнес-структурам, але і дзяржавам, і міжнародным арганізацыям не толькі пра таксічнасць, але і пра будучую неплацежаздольнасць. Так што тут, на гэтым фронце, разгараюцца цяпер крайняй важнасці падзеі.

Але і гэта — не адзіная праблема для ўладаў. Яны, магчыма, яшчэ не зразумелі, але і галадоўка Ігара Лосіка, і сённяшні акт самаспалення на плошчы Незалежнасці — гэта таксама вельмі сур'ёзныя ўдары па іх пазіцыях.

Чым больш будзе назапашвацца падобных кейсаў, чым больш будзе ахвяр, відавочных прыкладаў адчайнага супраціву зверскаму бязмежжу, тым менш шанцаў ва ўладаў у найбліжэйшай будучыні вярнуцца ў міжнародную палітыку са звыклым для іх козырам — гандлем палітвязнямі. Ужо зараз мы назіраем, як, нягледзячы на тое, што пратэсты нібыта “сцішыліся”, напал супрацьстаяння грамадства і ўлады ў самых розных формах набліжаецца да крытычнага ўзроўню, калі яшчэ не наблізіўся. І дзень, калі з краінай, у якой за паўгода ўжо адбылося тры самаспаленні, а людзі гінуць у турмах ад галадовак, пачнуць ірваць адносіны ўсё і ўся, што канчаткова падарве як рэсурсную базу рэжыму, так і запас лаяльнасці да яго з боку выканаўцаў, на самай справе, можа наступіць у любы момант.

Пратэсты — ці актыўныя яны, ці "прыцішаныя" — гэта толькі адна з прыкметаў і толькі адна з формаў палітычнага крызісу, які, на самай справе, нашмат глыбейшы і шматграннейшы. І калі яго не вырашаць, ён здольны проста раз'есці гэтую сістэму, раскласці яе на складовыя часткі. Але ўлады змагаюцца з пратэстамі і ідуць па шляху бясконцай канфрантацыі. Пачынаючы з вечара 9 жніўня і да сённяшняга дня — гэта галоўная і самая трагічная іх памылка.