Адвакат: Ігар Лосік фактычна знаходзіцца пад кругласуткавым відэаназіраннем

За кратамі блогер і палітвязень знаходзіцца з 25 чэрвеня 2020 года — 209 дзён, нагадвае «Радыё Свабода».

508_losik.jpg

Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня — ужо 209 дзён. Апошнія 39 з іх Ігар галадае.
«Ігар працягвае галадоўку, — расказаў Свабодзе адвакат палітвязня Дзмітрый Лепрэтар, які наведаў Ігара ў жодзінскім СІЗА 21 студзеня. — Ён выглядае не вельмі добра, але сцвярджае, што адчувае сябе прыкладна гэтаксама, як і мінулым разам. Яго турбуе ціск. Змяняецца на працягу дня. Дастаткова сур’ёзна. Ігара перавялі ў новую камеру, гэта здарылася ўчора. Гэта суседняя камера, там тры відэакамеры, яна ўся праглядаецца. У ранейшай камеры Ігара назірання не было. Цяпер Ігар фактычна знаходзіцца пад кругласуткавым відэаназіраннем».
Па словах адваката, 21 студзеня Ігар атрымаў каля 70 лістоў. Ён стараецца адказваць на ўсе, наколькі хапае сілаў. Таксама палітвязень перадае вялікую падзяку святарам, якія выступілі з паручальніцтвамі за яго.
«Ігар таксама ведае пра галадоўкі, якія абвешчаныя ў знак салідарнасці з ім. Ён просіць людзей спыніць іх. Матывуе тым, што яго галадоўка была асабістым выбарам, які прадыктавалі абставіны, у якія Ігар трапіў. Праявіць салідарнаьць можна іншымі метадамі, якія не падвяргаюць жыццё небяспецы. Ігар ведае, што такое галадоўка, і разумее, што гэта вельмі складана».
Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясціў 15 снежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачанні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Шэраг вядомых асобаў, у тым ліку Святлана Ціханоўская і Зміцер Дашкевіч, заклікалі Ігара спыніць галадоўку. Аднак ён адмовіўся гэта рабіць.
На знак салідарнасці з Ігарам галадоўкі пратэсту таксама абвясцілі праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў і студэнткі БДМУ Маргарыта Трафімовіч і Элеанора Арзуманьян.