Пётр Кузняцоў: Вопыт 2020 года падарваў давер да дыпкорпуса

Стваральнік партала «Моцныя навіны» ў сваім ТГ-канале разважае пра тое, што насамрэч азначаюць закрытыя замежныя ўчасткі на рэферэндуме.

Пётр Кузняцоў

Пётр Кузняцоў


«Сацыяльныя сеткі выбухнулі ад навіны аб тым, што пад "рэферэндум" не будуць створаны ўчасткі ў пасольствах — для грамадзян, якія знаходзяцца па-за межамі краіны.
Я для пачатку хацеў бы сказаць, што, як па мне, абмяркоўваць гэта наўрад ці мае нейкі сэнс. Тыпу грамадзян пазбаўляюць права голасу? А дык у нас тут ва ўсіх гэтае права — такое святое і выконваецца, што аж дзявацца няма куды.
Яно, вядома, думка пра тое, што гэта — першы крок да рэалізацыі пагрозы пазбавіць эмігрантаў грамадзянства, напрошваецца сама сабой. Я толькі не ведаю, гэтае грамадзянства наогул яшчэ ў кагосьці, хто думае інакш, застаецца, калі, вядома, мець на ўвазе "грамадзянства" ў тым сэнсе, якім гэты тэрмін надзяляецца вызначэннем?
Грамадзянін, калі ён грамадзянін, згодна з дэфініцыяй, карыстаецца ўсімі правамі, гарантаванымі яму законамі дзяржавы. Ці шмат беларусаў карыстаюцца правам на свабоду слова, мірных сходаў, свабоду выбару, сумленны суд і вось гэта вось усё?
Мы, носьбіты беларускіх пашпартоў, усе — даўно ўжо не грамадзяне, а жыхары. Такая суровая рэальнасць, якая існуе ў значна больш шырокім маштабе, чым выбарчыя ўчасткі.
Ну а што да магчымых планаў пазбавіць экс-жыхароў яшчэ і пашпартоў як неабходных якароў для настальгіі, то, думаю, тут не ўсё так драматычна.
Варта звярнуць увагу, што для матывацыі рашэння не ствараць участкі прыдумалі нейкую слабую адмазку пра статыстыку тых, хто галасуе. Для лёсавызначальнага кроку — слабая прэлюдыя, якая кажа пра тое, што, хутчэй, думаюць у гэты бок, але механізм прыдумаць не могуць, таму дзейнічаюць па сітуацыі.
Гэта нагадвае інфармацыйную хвалю пачатку мінулага года пра планы прызнаць экстрэмісцкім БЧБ-сцяг. Размоў было шмат, і абгрунтаванні прыдумляліся, але вырашыцца афіцыйна прызнаць "фашысцкім" сцяг, пад якім была заснавана дзяржава і праводзілася першая інаўгурацыя, так і не атрымалася.
Вангую, што нешта падобнае будзе і тут. У канкрэтнай сітуацыі знайшлі тэму, у якой — можна. Як пракруціць ў цэлым — ніхто не ведае і вельмі наўрад ці прыдумае.
А наогул жа, я думаю, што ад замежных участкаў вырашылі адмовіцца па адной досыць простай прычыне.
Вопыт 2020 года, калі ў многіх пасольствах галасы падлічылі сумленна, падарваў давер да дыпкорпуса настолькі, што гуляцца ў гэтыя гульні лішні раз камусьці не хочацца. Што намалююць у бюлетэнях рэлаканты і мігранты — усе разумеюць.
Але, калі ў Беларусі ўсё схоплена і членам участковых камісій дзявацца няма куды, то што будзе па выніку там — аднаму Богу вядома.
Вось і, пры ўсёй, здавалася б, бессэнсоўнасці галасавання ў беларускіх умовах, дзьмуць на ваду.