Святлана Ціханоўская перадала ўкраінскім дэпутатам просьбы беларускай дыяспары
Святлана Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі міжфракцыйнага аб'яднання Вярхоўнай рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь», у якую ўваходзяць дэпутаты партый «Слуга народа», «Еўрапейская салідарнасць», «Голас», а старшынёй МФА З'яўляецца Аляксей Ганчарэнка.
Як паведамляе reform.by, шэраг пытанняў
датычыўся беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму. Лідар дэмсіл перадала
просьбы беларускай дыяспары ва Украіне, з якой напярэдадні правяла спецыяльны
званок.
Ціханоўская звярнула ўвагу на тэмы, якія лічыць важнымі:
не дазволіць рэжыму пасварыць Беларусь і Украіну;
спыніць супрацоўніцтва СБУ, МУС і офіса генпракурора Украіны з Беларуссю;
увесці для тых, хто быў вымушаны выехаць ва Украіну, статус часовай абароны, прадугледжаны Законам Украіны «Аб бежанцах і асобах, якія маюць патрэбу ў дадатковай або часовай абароне»;
часова выключыць адміністрацыйную адказнасць для тых, хто быў вымушаны перасякаць мяжу Украіны за межамі пунктаў пропуску, калі яны плануюць выехаць у іншую краіну;
пайсці на сустрэчу ў пытанні апастыляў на дакументах, паколькі для многіх рэлакантаў небяспечна вяртацца ў Беларусь або звяртацца ў амбасаду;
падтрымаць грамадскія арганізацыі і медыя, якія працягваюць працу ў выгнанні, — ім патрэбна дапамога ў рэгістрацыі аб'яднанняў і юрыдычных асоб.
Ціханоўская падзякавала дэпутатам за падтрымку беларусаў і актыўную працу МФА па прасоўванні беларускага пытання, агучыла пазіцыі па пагрозе ваеннага канфлікту і прапанавала далейшыя шляхі супрацоўніцтва.
Украінскія дэпутаты падкрэслілі, што чакаюць ад сваёй краіны далучэння да санкцый ЕС і абмеркавалі з Ціханоўскай пытанне аб стварэнні групы падтрымкі Беларусі ў ПАРЕ. Яны прапанавалі ініцыяваць слуханне ці сустрэчу на тэму Беларусі падчас красавіцкай сесіі ПАРЕ і запрасіць туды Святлану Ціханоўскую.