Пуцін і Джонсан абмяняліся думкамі па Украіне і гарантыях бяспекі
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан правялі сёння тэлефонную размову.
«Праведзены досыць падрабязны абмен думкамі ў кантэксце ўнутрыўкраінскага крызісу і сітуацыі па забеспячэнні доўгатэрміновых юрыдычна зафіксаваных гарантый бяспекі Расійскай Федэрацыі», — паведамляе прэс-служба Крамля.
Адзначаецца, што Пуцін выказаў «прынцыповыя падыходы» па гэтых пытаннях.
«У прыватнасці, звернута ўвага на хранічны сабатаж Кіевам "мінскіх дамоўленасцей". Адзначана негатоўнасць NATO адэкватна рэагаваць на абгрунтаваныя расійскія заклапочанасці, прыкрываючыся пры гэтым спасылкамі на так званую палітыку "адчыненых дзвярэй" альянса, якая супярэчыць асноватворнаму прынцыпу непадзельнасці бяспекі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расійскага кіраўніка.
Як перадае «Reuters» са спасылкай на прадстаўніка офіса Джонсана, брытанскі прэм'ер сказаў Пуціну, што любое ўварванне ва Украіну будзе «трагічным пралікам», «выказаў глыбокую заклапочанасць цяперашняй варожай дзейнасцю Расіі на мяжы Украіны» і падкрэсліў неабходнасць знайсці шлях, які паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і яе права на самаабарону.
«Лідары пагадзіліся, што абвастрэнне сітуацыі не адказвае нічыім інтарэсам. Прэм'ер-міністр падкрэсліў важнасць дыялогу і дыпламатыі, а таксама неабходнасць уключэння Украіны ў перамовы», — гаворыцца ў апублікаванай пасля размовы заяве офіса прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі.
Паведамляецца, што Джонсан і Пуцін віталі нядаўнія двухбаковыя зносіны па такіх пытаннях, як змяненне клімату, Іран і Афганістан, і дамовіліся прымяніць гэты дух дыялогу да цяперашняй напружанасці, каб знайсці мірнае рашэнне.
Напярэдадні Джонсан пабываў у Кіеве, дзе сустракаўся з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.