Казакевіч: Свядомае абмежаванне выбарчых правоў соцень тысяч грамадзян

Фактычна адмяніць галасаванне на рэферэндуме па-за межамі Беларусі і не адкрываць участкі для галасавання ў пасольствах за мяжой. Такой практыкі яшчэ не было.

parliament_690x463.jpg

Наколькі адэкватнае рашэнне ўладаў? «Гучыць як выключны здзек. Можна яшчэ абвясціць, што выбарчыя ўчасткі ў Беларусі арганізуюцца толькі ў Мінску ці толькі ў Магілёве — і хто хоча, хай прыязджае і галасуе», — заўважае у экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

— У Беларусі, прынамсі, у апошнія два дзесяцігоддзі, была магчымасць людзям галасаваць, хоць, справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што да 2020 года вялікай цікавасці да галасавання ў цэлым таксама не было, — сказаў ён.

Доктар палітычных навук, вывучыўшы аргументацыю беларускіх уладаў, адзначае, што менш за ўсё падобнае рашэнне можа быць звязана з супрацьэпідэміялагічнымі мерамі — тым больш, што ў розных краінах яны розныя, а ў Беларусі абмежаванняў як такіх цяпер зусім няма.

— Думаю, ёсць праблема, звязаная з неўкамплектаванасцю пасольстваў у асобных краінах, дзе можа не хапіць супрацоўнікаў для працы выбарчай камісіі. Але асноўныя меркаванні, на мой погляд, выключна палітычныя.

Па-першае, выключыць з выбарчага працэсу людзей, якія знаходзяцца за мяжой і якія, як паказвае практыка 2020 года і папярэдніх электаральных кампаній, як правіла, не падтрымліваюць уладу. Цяпер гэта было б яшчэ больш заўважна з-за таго, што вельмі вялікая колькасць беларусаў, не менш за 100 тысяч чалавек, з'ехалі ў выніку падзей апошняга часу.

Ну і, па-другое, сам працэс волевыяўлення за мяжой мог бы стаць магчымасцю для рознага роду маніфестацый, пікетавання, exit polls і іншых палітычных акцый, якія б дазвалялі прыцягваць увагу да таго, што рэферэндум праходзіць у недэмакратычнай атмасферы.

Акрамя таго, гэтыя акцыі дазвалялі б дадатковым чынам мабілізаваць дыяспару ў розных краінах, масава праявіць грамадзянскую пазіцыю, якая не супадае з «афіцыйным курсам», што таксама нявыгадна ўладам.

Па сукупнасці гэтых фактараў, думаю, і было прынята такое рашэнне — не адкрываць участкі для галасавання за мяжой.

— Пры гэтым МЗС вуснамі Глаза сказаў, што канстытуцыйнае права паўдзельнічаць у рэферэндуме не парушанае. Маўляў, хочаце прагаласаваць — прыязджайце па месцы рэгістрацыі або апошняга пражывання ў Беларусі.

Адразу пачаліся дыскусіі, ці было гэта сказана з прыцэлам затрымаць тых, хто рызыкне прыехаць, і распачаць чарговыя крымінальныя справы. Або, наадварот, з той мэтай, каб ужо дакладна ніхто не прыехаў і не сапсаваў «карцінку».

— Вядома, гэта гучыць як выключны здзек. Пытанне нават не ў тым, ці будуць людзей затрымліваць, а ў тым, што прапанова дабірацца, напрыклад, з Еўропы ў Беларусь у цяперашніх умовах — гэта вельмі складана і дорага, — кажа Казакевіч. — Ляцець у Мінск праз Маскву ці Стамбул толькі для таго, каб апусціць бюлетэнь, які, хутчэй за ўсё, нават не будзе палічаны — такое сабе задавальненне.

Так можна яшчэ абвясціць, што выбарчыя ўчасткі ў Беларусі арганізуюцца толькі ў Мінску ці толькі ў Магілёве — і хто хоча, хай прыязджае і галасуе.

Зразумела, што гэта свядомае абмежаванне выбарчых правоў. Тэарэтычна магчымасць удзелу ў рэферэндуме ёсць, але на практыцы сотні тысяч грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, проста будуць пазбаўленыя магчымасці галасаваць.

Паводле «Салідарнасці»