Польшча не змяніла стратэгію

Палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі кардынальна не змянілася пасля падзей 19 снежня 2010 года, запэўнівае пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.



b4f1ec9f4b5c8207f8fc29522efe783d.jpg

Палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі кардынальна не змянілася пасля падзей 19 снежня 2010 года, запэўнівае пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
“Наша стратэгія застаецца той жа, — мы хацелі б, каб Беларусь блізка супрацоўнічала з Еўропай і намі. У нас ёсць многа пляцовак для супрацоўніцтва, вялікі гандлёвы абмен. Мы ў першай пяцёрцы вашых эканамічных партнёраў, сёлета гандлёвы таваразварот будзе тры мільярды долараў. Але ёсць ясныя ўмовы для супрацоўніцтва, — выказаўся спадар Шарэпка наконт беларуска-польскіх адносінаў падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску. — Пяць-шэсць кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся ў турме пасля выбараў. Калі яны бандыты, чаму яны ўдзельнічалі ў выбарах, а калі не бандыты, чаму яны сядзяць у турме?
Лешак Шарэпка заявіў, што “дэмакратычны свет чакае пераўтварэнняў ад Беларусі. “Развівацца трэба згодна з традыцыям ААН, выконваць агульныя правы. Беларусь — сузаснавальнік ААН, але чаму ж яна не выконвае тое, што запісана ў статуце ААН? — сказаў пасол. Ён падкрэсліў, што крытыка ў адносінах да ўладаў Беларусі — нармальная з’ява: “Гэта не змова супраць Беларусі. Дэмакратычны свет адкрыта кажа, што думае аб сітуацыі ў Беларусі. Трэба прыслухоўвацца. Але рашэнне за вамі, вы павінны гэта зрабіць. Мы гэтага чакаем.
 Адказваючы на пытанне аб польскіх грошах беларускай апазіцыі, дыпламат падкрэсліў, што МЗС Польшчы і пасольства “апазіцыі ніколі не дапамагае, гэта не ў нашай кампетэнцыі, падобнай дапамогай звычайна займаюцца фонды. “Усе праекты — на нашым сайце. Мы, у рамках малых грантаў, дапамагаем розным недзяржаўным арганізацыям. На пачатку гэтага года мы завяршылі праект абсталявання сучасным медабсталяваннем дзіцячай бальніцы ў Гомелі. Мы выдаткавалі на гэта 40 тысяч еўра, — расказаў аб фінансавай дапамозе пасол.
Аднак спадар Шарэпка панаракаў, што пасольства мае “велічэзныя праблемы, каб рэалізаваць праекты, бо нашы заканадаўствы супярэчаць адно аднаму. “Ваша заканадаўства наўмысна спрабуе выкінуць нас у “шэрую зону, а мы б хацелі дапамагаць недзяржаўным арганізацыям, — дадаў ён. Дыпламат у якасці прыкладу прывёў Украіну, дзе ў час сваёй працы ён займаўся менавіта падобнымі праграмамі, і дзяржава ніяк не перашкаджала супрацоўнічаць з НДА.
Пасол Польшчы ў Беларусі таксама нагадаў, што яшчэ ў лютым мінулага года было падпісана міжурадавае пагадненне аб бязвізавым малым памежным руху. У верасні 2010 года польскі бок перадаў увесь пакет дакументаў у Беларусь, але далейшага руху па гэтаму пытанню няма. “Нам сказалі, што ваш прэзідэнт быццам бы падпісаў гэтае пагадненне ў снежні мінулага года. Але быццам бы з’явіліся нейкія тэхнічныя праблемы, таму праца прыпынілася. Мы шматразова звярталіся да беларускіх уладаў, каб паскорыць гэты працэс, бо гэта найперш выгодна беларусам: у бязвізавай тэрыторыі апынуцца два буйныя гарады — Брэст і Гродна. Наш прэзідэнт нядаўна нават прыязджаў на мяжу ў Кузніцу і таксама гаварыў аб гэтым пагадненні, — распавёў аб цяжкасцях двухбаковага паразумення дыпламат.