Працягнуты прыём працаў на конкурс «Курапаты — народны мемарыял»

Працягнуты праём працаў на грамадскі творчы конкурс «Курапаты — народны мемарыял». Такое рашэнне сябры аргкамітэту конкурсу прынялі на сваім чарговым пасяджэнні, што адбылося ў Мінску 8 снежня.

kurapaty_konkurs_pracjah_1__1__logo.jpg



Нагадаем, што на конкурс, вынікі якога будуць падведзены  на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», прымаюцца працы ў наступных намінацыях: архітэктурны праект, архітэктурна-ландшафтны праект, скульптура, жывапіс, графіка, арт-аб'ект, фатаграфіка, відэаінсталяцыя, літаратура, музыка, тэатр і кіно.


Выставу планавалася правесці напрыканцы лістападу — на пачатку снежня на адной са сталічных пляцовак. Паколькі ўзніклі праблемы з памяшканнем, адкрыццё выставы пасунута на другую палову студзеня 2017-га — года 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту, які запачаткаваў эпоху нянавісці, насілля і масавых палітычных рэпрэсій на дзяржаўным узроўні.


Апроч таго, у аргкамітэт конкурсу працягваюць паступаць працы для ўдзелу ў творчым спаборніцтве. Так, днямі свой праект помніка ў Курапатах даслаў вядомы грамадскі дзеяч з Магілёва Міхась Булавацкі. Разам з тым, для грамадскага творчага конкурсу рыхтуюць свае працы знаныя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, у тым ліку паэт Алесь Разанаў і мастак Генадзь Драздоў.


kurapaty_konkurs_pracjah__1__logo.jpg



Вось чаму і было вырашана працягнуць прыём працаў на конкурс аж да самага адкрыцця дакументальна-мастацкай выставы «Праўда пра Курапаты».


Трэба зазначыць, што на гэтай выставе будуць прадстаўленыя ўсе творы, што паступяць на конкурс. Сярод тых, што ўжо дасланыя, — працы айчынных і замежных творцаў, у тым ліку эсэ, вершы, праекты помнікаў і Цэнтру нацыянальнай памяці, а таксама жывапісныя і графічныя творы.    


Нагадаем, што з адкрыцця Курапатаў у 1988 годзе няспынна ідзе мемарыялізацыя гэтага трагічнага месца, дзе адбываліся масавыя расстрэлы бязвінных ахвяраў сталінізму з Беларусі і іншых краінаў Еўропы. За 28 гадоў у Курапатах з’явіліся Крыж пакутаў, капліца з копіяй абраза «Маці Божай Курапацкай усіх бязвінна расстраляных», мемарыяльныя камяні, крыжы і знакі ад беларусаў з розных рэгіёнаў Бацькаўшчыны, габрэяў, палякаў і амерыканскага народу.


Вось чаму з гадамі падвышаецца значэнне гэтага сакральнага месца і ўвага да яго — яно становіцца сімвалам пакутаў беларусаў і іншых народаў Еўропы. Па ўсёй Беларусі людзі не забываюцца пра сталінскі генацыд і перадаюць з пакалення ў пакаленне звесткі пра гэтую трагедыю і мясціны, дзе яна адбывалася.


Паводле старшыні журы конкурсу, знанага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна), сумленне, прыстойнасць і годнасць беларусаў будзяць менавіта Курапаты, а не Лінія Сталіна, праз якую дзяржава ўслаўляе ката беларускага народа. У гэтых варунках айчынная інтэлігенцыя абавязана зрабіць усё неабходнае, каб боль Курапатаў надала беларусам адказнасці за лёс сваіх нашчадкаў і краіны. Вось чаму далейшая мемарыялізацыя гэтага месца мае такое важнае значэнне для будучыні нацыі, лічыць Алесь Мара.


Ён заклікаў выбітных беларускіх творцаў — архітэктараў, мастакоў, скульптараў, музыкаў, пісьменнікаў, дзеячоў тэатру і кіно  далучыцца да конкурсу, натхніцца на стварэнне новых мастацкіх вобразаў, што вельмі важна ў справе ўшанавання памяці ахвяраў таталітарызму.


Больш падрабязна з умовамі творчага спаборніцтва можна пазнаёміцца на сайце vytoki.net