
Работы Аліны Куніцынай — ураджэнкі Мінска, якая жыве і працуе ў Вене, Аўстрыя
Сучаснае мастацтва даўно выйшла за рамкі звыклых нам норм. Сёння гэта пастаянны пошук новых форм выразу, наватарства, эксперымент з незвычайнымі раней для мастацтва рэчамі, спалучэнне розных напрамкаў праяўлення мастацтва, камбінацыя і злучэнне такіх розных галін, як уласна мастацтва, медыйныя сродкі і сучасныя тэхналогіі. Менавіта з сучаснымі тэндэнцыямі развіцця мастацтва можна ў гэтыя дні азнаёміцца на выставе «Пункт гледжання», якая праводзіцца ў рамках «Аўстрыйскага культурнага сезону» ў Беларусі.

Відэашэраг Маркуса Ханакама і Росвіты Шуллер


Фотамастачка Біргіт Грашопф са сваімі работамі
На выставе прадстаўлены работы маладых аўстрыйскіх мастакоў: Альдо Джанноццi, Бiргiт Грашопф, Аліны Куніцынай, Бернда Оппля, Маркуса Ханакама і Росвiты Шуллер, Філіпа Швайгера. Усе яны ўжо паспелі заслужыць прызнанне — іх працы выстаўляюцца і дэманструюцца ў галерэях і выставах як у Еўропе, так і за яе межамі.

Работы Берндта Оппла
Падчас адкрыцця выставы Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Аляксандр Байерль распавёў, што «культурнаму сезону» папярэднічалі палітычныя і эканамічныя сустрэчы паміж Аўстрыяй і Беларуссю. І гэта добра, што атрымалася звязаць эканамічныя і культурныя мерапрыемствы. А глава групы кампаній Kapsh, пры чыёй фінансавай падтрымцы і атрымалася правядзенне выставы, падмеціў, што мастацтва па-за палітыкай. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Наталля Шаранговіч адзначыла, што гэтая падзея важна таму, што мы ўпершыню можам паказаць сучасных аўстрыйскіх творцаў.

Некаторыя работы могуць здзівіць нават знаўцаў сучаснага мастацтва сваёй незвычайнасцю, арыгінальнасцю падачы. Бо кожны з іх аўтараў унікальны і своеасаблівы. Альдо Джанноцці — відэа-мастак, працуе з рознымі тэхнікамі: інсталяцыі, відэа, фатаграфія. Працы Бернарда Оппля выкананы ў чорна-сера-белай гаме і здольныя навесці на гледача некаторы жах, уперамешку з меланхоліяй і дэпрэсіяй. Яго нестандартны погляд на рэчы даказвае, што спецэфекты можна зрабіць у рэжыме рэальнага часу без ужывання камп’ютарных тэхналогій. Сузіраючы яго творы быццам губляеш сувязь з рэальнасцю.
Характэрная рыса прац Аліны Куніцынай — рэалістычна прадстаўленыя сюжэты, якія, здаецца, сціраюць межы паміж жывапісам і трохвымернасцю. Бiргiт Грашопф часта камбінуе розныя медыйныя сродкі (фатаграфія, малюнак), перформанс і прасторавую інсталяцыю. Намаляваныя ёй постаці могуць здавацца бездапаможнымі. У сваіх работах мастак намякае на абмежаванасць нашага існавання ў рамках грамадскіх нормаў і ўмоўнасцяў. Маркус Ханакам і Росвiта Шуллер працуюць пераважна ў вобласці відэа, інтэрактыўных камп’ютарных гульняў і малюнка. Філіп Швайгер звяртаецца ў сваёй творчасці да сюжэтаў з побыту, знаёмым месцам ці падзеям мінулага. Дзякуючы расплывістасці і зіготкім уварванням святла, яго карціны ствараюць уражанне затухаючых успамінаў падсвядомасці.

Філіп Швайгер. Без назвы, 2016, алей, холст.

Альдо Джанноцці. Аўстрыйская вёска на на вяршыні Нью-Ёрка, 2016, малюнак на паперы

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Аўстрыі ў Беларусі Аляксандр Байерль адзначаў: "Гэта самая вялікая культурная падзея, якую мы калі-небудзь праводзілі ў Беларусі. Сезон унікальны і дзіўны сваім шырокім спектрам. Ён уключае і вернісажы, і семінары, і канцэрты, тэатральныя і кінапастаноўкі. Добра, што наша ініцыятыва супала з Годам культуры, абвешчаным у Беларусі".

Праект працягнецца па красавік наступнага года ўключна. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў раней адзначыў, што Аўстрыйскі культурны сезон стане добрым завяршэннем Года культуры ў Беларусі, працягнецца ў наступным годзе, а далей, магчыма, застанецца на сталай аснове.


Выставу можна наведаць з 9 па 24 снежня ў Мінску ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Некрасава, 3).
Часы працы:
аўторак, чацвер, пятнiца, субота: 11:00 – 19:00
серада: 13:00 – 21:00
нядзеля, панядзелак — выходны.