Праграма аб развіцці пладаводства ў дзеянні: замест знішчаных садоў — баршчэўнік Сасноўскага

Жыхары вёскі Грозаў Капыльскага раёна з сумам успамінаюць пра былы калгасны яблыневы сад, які знішчаны некалькі гадоў таму. Раней сяляне маглі там разжыцца кошыкам яблык, а зараз там квітнее баршчэўнік Сасноўскага. Пладовы сад, які належаў СПК “Грозаў-агра”, быў пушчаны пад корань некалькі гадоў таму.



Гэтым летам такі ж лёс напаткаў пладовыя дрэвы на тэрыторыі сада паміж вёскай Аксаміты і Балгавічы Грозаўскага сельскага савета. Так, напрыканцы чэрвеня 2015 года бабулькі з вёскі Аксаміты пачулі незвычайны гул па-за межамі сваіх агародаў. Высветліўшы прычыну і ўбачыўшы спілаваныя шапкі дрэў, разнерваваліся, засмуціліся ды пайшлі прымаць медыцынскія лекі.

 

Найбольш актыўныя пачалі тэлефанаваць старшыні СПК “Грозаў-агра” Аляксандру Рыбаку, каб выказаць сваё абурэнне.

 

Прывыкла да сада, прыкіпела, што называецца, душой і сэрцам, — гаворыць пенсіянерка Людміла Лазоўская, заслужаная даярка. — Канешне, сад ужо немалады. Але ж ён штогод пладаносіў. Запытала ў кіраўніцтва калгаса, чаму так зрабілі. Адказваюць, што на гэтым месцы будзе сельскагаспадарчае поле. Дык у нас у ваколіцы столькі палёў і няскошаных траў! Хай хоць тыя апрацуюць своечасова. А такі сад добры быў, такія харошыя грушы і яблыкі там раслі. Ператвораць у зарослую пустыню. Вунь у Міхалёўцах каля Грозава некалькі гадоў таму ўсё яблыні зрэзалі. І што цяпер? Пні дагэтуль тырчаць ды баршчэўнік Сасноўскага на месцы сада шыкуе.

 

У канторы СПК “Грозаў-агра” пацвердзілі інфармацыю і заявілі, што старыя пладовыя сады вынішчаюць па ўсёй Мінскай вобласці. Ёсць адпаведнае рашэнне Мінскага абласнога савета дэпутатаў і пастанова Мінскага аблвыканкама, зацверджаныя яшчэ ў 2011 годзе. Згодна гэтымі пастановамі, у адпаведных месцах будуць стварацца спецыялізаваныя буйныя гаспадаркі, якія павінны мець сховішчы і ўсё неабходнае для перапрацоўкі.

 

Так, сапраўды, з рашэння Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 6 траўня 2011 года "Аб зацвярджэнні праграмы развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства ў 2011–2015 гадах" вынікае, што «задачамі па развіцці пладаводства з'яўляюцца стварэнне буйнатаварнай вытворчасці пладоў і ягад дэсертнага прызначэння, стварэнне перапрацоўчымі арганізацыямі ўласных прамысловых сыравінных зон з выкарыстаннем гатункаў, прыдатных для механізаванай уборкі, а таксама вывад з гаспадарчага абароту садоў з нізкім банітэтам за кошт іх раскарчоўкі для далейшага рацыянальнага землекарыстання».

 

Атрымліваецца, што выканаўцы праграмы добрасумленна здолелі выканаць толькі тую частку праграмы, якая накіравана на знішчэнне дрэў. Нават на далейшыя пункты праграмы — «раскарчоўку для далейшага рацыянальнага землекарыстання» энергіі ўжо не хапіла.

 

Канешне, так не павінна быць, але ж на прывядзенне ў парадак гэтых зямель не хапае сродкаў, — вось і ўсё, што змаглі адказаць на маё пытанне аб далейшым рацыянальным скарыстанні сельскагаспадарчай тэрыторыі старшыня Грозаўскага сельскага савета Жана Скрыган і эканаміст СПК “Грозаў-агра”.

 

Дык ці не лепей было б, каб пладовыя дрэвы, якія нікому не заміналі, працягвалі расці і радаваць людзей? Новаму яблыневаму саду патрэбна шмат гадоў расці, а беларускія яблычкі апошнімі часамі карыстаюцца папулярнасцю праз адсутнасць хіміі.

 

Вось так на справе выглядаюць дзяржаўныя клопаты аб развіцці беларускага садаводства.