Праваабаронца Павал Левінаў падаў у суд на Белтэлерадыёкампанію
Сваю «скаргу на дзеянні дзяржаўнага органу, якія ўшчамляюць права на свабоднае выказванне меркавання» Павал Левінаў накіраваў у суд Першамайскага раёну Мінску. Ён просіць суд абавязаць Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію даць яму магчымасць выступіць у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».
Павал Левінаў
Такім спосабам віцебскі праваабаронца хоча дамагчыся рэалізацыі свайго права на абвяржэнне звестак, распаўсюджаных у тэлепраграме «Клуб рэдактараў» 7 лютага (з паўторам 9 лютага), якія, на яго думку, не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
У згаданым выпуску тэлепраграмы, які збольшага быў прысвечаны праблемам ва Украіне, цягам амаль трох хвілін абмяркоўвалася сустрэча беларускіх праваабаронцаў са спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашам Харашці, што адбылася ў Вільні. Падчас абмеркавання ў эфіры даваліся негатыўныя ацэнкі дзеянням праваабаронцаў.
Так, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька неаднаразова зняважліва выказваўся аб праваабаронцах, называючы іх «так званымі праваабаронцамі», якія нешта ўкладвалі «яму [Міклашу Харашці] там у вушы». А госць тэлепраграмы, дэпутат Мінскага гарсавету Георгі Атаманаў, ужыў выраз «праваабарончая шпана».
Павал Левінаў, які быў адным з удзельнікаў сустрэчы беларускіх праваабаронцаў са спецдакладчыкам ААН, палічыў што выказванні, што прагучалі ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі, не толькі не адпавядаюць рэчаіснасці, але і зняважылі яго асабіста:
«Займаюся праваабарончай дзейнасцю больш за 40 гадоў, з'яўляюся сябрам Рады Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднання «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» і прадстаўніком аб’яднання на тэрыторыі гораду Віцебску і Віцебскай вобласці. Усё, што прагучала ў тэлеперадачы «Клуб рэдактараў», лічу не адпаведным рэчаіснасці і зневажальным для майго гонару і годнасці. Не адпавядаюць рэчаіснасці звесткі аб праваабаронцах, аб нашым месцы і ролі ў беларускім грамадстве, інфармацыя пра тое, што мы з'яўляемся «праваабарончай шпаной», а таксама што мы рабілі нейкія маніпуляцыі з вушамі спецыяльнага дакладчыка, мандат якога быў уведзены рэзалюцыяй Рады па правах чалавека ААН».
Перад тым, як звярнуцца ў суд, Павал Левінаў паспрабаваў быў вырашыць пытанне праз зварот наўпрост у Белтэлерадыёкампанію. Ён спасылаўся на артыкул 41 Закону «Аб сродках масавай інфармацыі», згодна з часткай 1 якога фізічныя асобы маюць права патрабаваць ад юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, абвяржэння распаўсюджаных звестак, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць іх гонар, годнасць або дзелавую рэпутацыю. Аднак кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі адказала на патрабаванне праваабаронцы адмовай.
Таксама Левінаў спадзяваўся заручыцца падтрымкай органаў МУС. Была напісаная заява у міліцыю, у якой праваабаронца прасіў прыцягнуць удзельнікаў тэлеперадачы, якія дапусцілі некарэктныя выказванні ў эфіры, да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкулу 9.3 КаАП («знявага»). Але і міліцыянты нічым не дапамаглі.
Цяпер у сітуацыі мусіць разабрацца суд, якому трэба даць адказ, наколькі патрабаванні віцебскага праваабаронцы з'яўляюцца абгрунтаванымі і слушнымі.