Тры гады пенсіянеры змагаюцца за дом

Можна пражыць хоць 10 гадоў на ўласнай зямлі, але гэта не гарантуе, што аднойчы да вас не прыйдуць незнаёмыя людзі і не прад’явяць прэтэнзіі на ўласнасць. Менавіта такая гісторыя адбылася з Надзеяй Сянчыла з Аршанскага раёна. 



stos_papier_pa_spravie_siam_i_siancyly_logo.png

Вось колькі папер сабралася за тры гады змагання за дом

За амаль 3 гады судовых разбіральніцтваў сям’я жанчыны выдаткавала каля 200 мільёнаў рублёў на бясконцыя скаргі на рашэнні судоў. Дзясяткамі мільёнаў вымяраюцца і сумы, якія патрабуе ад іх у якасці маральнай кампенсацыі новы прэтэндэнт на ўласнасць — Аляксандр Нявесценка. Як пенсіянеры трапілі ў такую абсурдную сітуацыю?

Звяртайцеся ў суд

Кажуць, што гісторыю спадарыні Надзеі ўжо ведае большасць чыноўнікаў Аршанскага раёна. Бо бясконцымі судовымі спрэчкамі паміж Сянчылай і Нявесценка ўжо займаліся бадай усе суддзі раёна.

А пачалося ўсё ў 2001 годзе, калі Надзея і Валер Сянчылы знайшлі абвестку пра продаж дому ў Аршанскім раёне. Яго прадавала Марына Мілер, якая пасля смерці мужа была адзінай уласніцай хаты. «Марына Іванаўна распісалася, што не мае аніякіх запазычанасцяў ні на дом, ні на іншыя пабудовы, — распавядае Надзея Сянчыла. — Мы праверылі гэты дом, нам усе дакументы на яго аформілі, потым мы звярнуліся ў натарыяльную кантору, дзе нам далі паперу, што ў доме ніхто не пражывае, старонніх людзей там няма, а мы будзем паўнапраўнымі гаспадарамі».

sjanchila_logo.png

Надзея Сянчыла

Пасля продажу дому спадарыня Мілер з’ехала на сталае месца жыхарства ва Украіну, а Сянчылы пачалі жыць у нованабытым доме і завялі гаспадарку. Усё было добра, пакуль аднойчы на дварышчы не з’явіліся нязваныя госці. Людзі паводзілі сябе так, быццам маюць права знаходзіцца на прыватнай уласнасці Сянчылаў. Таму гаспадары выклікалі міліцыянтаў. Працаўнікі правапарадку прыехалі і параілі сям’і звяртацца ў суд.

Пазней высветлілася, што нязваным госцем быў Аляксандр Нявесценка, былы калега мужа Марыны Мілер, і ягоныя сваякі. Ён прад’явіў суду ксеракопію дакумента, паводле якога таксама з’яўляецца гаспадаром дому Сянчылаў. Паводле ягонай версіі, палова пабудовы адышла яму яшчэ пры жыцці Юрыя Мілера, які памёр у 1994 годзе.

Тое, што з таго моманту прайшло амаль 20 гадоў, і прэтэнзіі прад’яўляць позна, яго не хвалявала. Не ўлічыў тэрмін даўнасці і суд, якія вяла суддзя Алеся Котава. Паводле яе рашэння, спадар Нявесценка сапраўды мае права на дом. Не дапамаглі нават паказанні Марыны Мілер, якую апытвалі ва Украіне і потым даслалі вынікі суддзі.

— Во, глядзіце, гэта гаспадыня, у якой я набывала дом, яна місіс Украіна, бачыце? — спадарыня Надзея паказвае фота і газетныя выразкі. — Я ім гэта ўсё паказвала, але ім не цікава. Нявесценка ў судзе кажа мне: яна гулявая, якая гаспадыня, такая і вы!

Нахабныя госці

Дзе ж быў Аляксандр Нявесценка раней, калі памёр Юры Мілер? Чаму з’явіўся і прад’явіў правы на ўласнасць толькі праз два дзясятка гадоў? Магчыма, не апошнюю ролю адыграла, тое, што да 2012 года гэты Нявесценка займаў пасаду ў Мытным камітэце і не хацеў, як кажуць вяскоўцы, «свяціцца». Тым болей Аляксандр прыцягваўся дадаміністратыўнай адказнасці ў 2011-м і 2012 годзе.

Судовы працэс яшчэ не быў скончаны, як спадар Нявесценка і ягоныя сваякі зноўку з’явіліся на дварышчы Сянчылаў. Паводле словаў спадарыні Надзеі, дзейнічалі яны нахабна: разбурылі плот, нанеслі ёй цялесныя пашкоджанні, якія яна потым зняла.

Напад адбыўся 2 гады таму, але спадарыня Надзея дагэтуль хвалюецца падчас расповеду пра тое, што тады адбывалася: «Яны гусей кідалі праз маю галаву! Забілі 6 гусей у мяне! Вёдры праз маю галаву ляцелі! Тазы праз мяне ляцелі! Бялізну, што на вяроўцы вісела — прасціны, рушнікі — яны во так во ірвалі і наўпрост мне ў твар кідалі! На мне во так во разарвалі кашулю, ногі паранілі! Гэта добра, што людзі пачулі: крычаў дзіцёнак, інакш забілі б бабу...»

razburani_plot_1_logo.png

Павалены плот

Далей падзеі развіваліся як у дурным сне. Чарговы суд не ўбачыў аніякага злачынства ў дзеях спадара Нявесценкі ды яго сваякоў, маўляў, цялесныя пашкоджанні Надзея Міхайлаўна магла сабе нанесці і сама. Спадар Аляксандр у сваю чаргу падаў на сям’ю Сянчылаў у суд і абвінаваціў у тым, што яны перашкаджалі яму заходзіць на дварышча, вырошчваць і збіраць ураджай на зямлі. Сянчылам прад’явілі іск за маральныя і матэрыяльныя страты ў памеры 50-ці мільёнаў рублёў... кожнаму.

Дасталася і сведцы нападу на Сянчылаў. На грамадзянку Расійскай Федэрацыі Вольгу Цімафееву Следчы камітэт гораду Оршы завёў крымінальную справу за заведама ілжывыя паказанні на спадара Нявесценку. Судовых разбіральніцтваў з таго часу адбылося не пералічыць, але праблема і дагэтуль не вырашаная.

У пошуках праўды

Спадарыня Надзея ў пошуках праўды звярнулася ў «Прававую дапамогу насельніцтву» (зарэгістраваная ва Украіне).

Адной з галоўных неадпаведнасцяў, што кінуліся ў вочы праваабаронцу Алегу Волчаку, — была дамова ад 1989 года, якую прадставіў суду Аляксандр Нявесценка.

«Папера, інакш такую дамову назваць нельга, паколькі «дамова» не зарэгістраваная ў адпаведнасці з заканадаўствам, — тлумачыць Алег Волчак. — У ёй невыразна акрэслены аб’ект продажу, не ўказаная сума ўгоды, не атрымана дазволу іншага супруга. Нават пры візуальным вывучэнні сумнеўнай «дамовы» немагчыма спраўдзіць дакладнасць выкладзеных у ёй вестак — кепская ксеракопія. Але нават у самой дамове ёсць адзначэнне пра неабходнасць рэгістрацыі ў выканкаме: «...Дамова пад страхам несапраўднасці падлягае рэгістрацыі ў выканкаме Усценскага сельскага Савета народных дэпутатаў...» (фота копіі дамовы 1989 года)

Супраць дакументу сведчыць і яшчэ адзін факт: «Мілер не змог бы зарэгістраваць угоду без згоды жонкі. А яна пра гэтую дамоўленасць нічога не ведае, пра што і дала адпаведныя паказанні. Пасля смерці мужа, Марына Мілер адна ўступіла ў спадчыну, потым прадала дом Сянчылам, і ніякіх пытанняў не ўзнікла. Да таго ж існуе 10-гадовы тэрмін іскавой даўніны па ўгодах. Нават калі б угоду паміж Мілерам і Нявесценкам зарэгістравалі афіцыйна, ён мусіў прад’явіць свае правы на дом да 2004 года, то бок цягам 10 гадоў пасля смерці Юрыя Мілера. А гэтага не адбылося», — каментуе праваабаронца.

Не зразумелыя спадару Волчаку і памеры сумаў, якія патрабавалі па суду ад Сянчылаў: «Нельга проста галаслоўна паверыць чалавеку, які кажа, што яму нанеслі пашкоджанні на 50 мільёнаў, мусіць адбыцца экспертыза, адпаведны разлік адмыслоўцамі», павінны быць сведкі, пісьмовыя доказы і г.д.

Факты карупцыі не выключаюцца

Тым не менш беларускі суд разглядаў ксеракопію нічога не вартай паперы як сур’ёзны доказ. Наогул, суды ўвесь час прымалі рашэнні на карысць Аляксандра Нявесценкі. Таму спадар Волчак не выключае фактаў карупцыі ў судах Аршанскага раёна, гэтым і тлумачыць шматлікія супярэчнасці ў справе сям’і Сянчыла.

«Карупцыя — гэта ж не абавязкова факт хабару, — кажа Алег Волчак. — Карупцыя — гэта і калі суддзя дзеля інтарэсаў дзяржавы або асобы, якая мае ўплывовыя сувязі, выкручвае закон у патрэбны бок. Калі ёсць карупцыя ў судзе, як бы пісьменна не складзеная была скарга, усе факты пераварочваюцца пэўным чынам. Даказаць гэта вельмі складана. І такая праблема не толькі па Оршы, практычна ва ўсіх рэгіёнах адбываецца нешта падобнае. Мы атрымліваем вельмі шмат скаргаў на раённыя суды і прыйшлі да высновы, што кваліфікацыя суддзяў вельмі нізкая. Праз гэта ідзе шмат валакіты, рашэнні ўвесь час абскарджваюцца».

Судовыя выдаткі

Натуральна, што ў судовых спрэчках фінансавыя страты нясуць абодва бакі. Чым далей, тым складаней спыніць канфлікт, бо кожны заплаціў ужо нямала грошай на незлічоныя позвы, апеляцыі ды скаргі. І гэта датычыць не толькі справы Сянчыла і Нявесценка.

«Як праваабаронцы мы хацелі б узняць пытанне пра дзяржпошліны, — кажа Алег Волчак, — бо паводле Канстытуцыі чалавек мае доступ да правасуддзя. Вось, напрыклад, каб Сянчылы ўсёй сям’ёю не збіралі грошы на судовыя выдаткі, яны б даўно страцілі права на дом. Пры заробках па рэгіёну 2–2,5 мільёна, падаць скаргу ў той жа Вярхоўны суд, трэба дзяржпошліну заплаціць ад 1 245 000. Таму людзі не задаволеныя судовай уладай. Шмат скаргаў. І вось, глядзіце, суд пастанавіў прызнаць угоду Сянчыла — Мілер несапраўднай, дом мусіць быць падзелены на дзве часткі: палову хочуць вярнуць Мілеру, а палову — Нявесценку, але ўсе страты па дзяржпошлінах ляглі толькі на Сянчылаў. Пры гэтым мы можам сказаць, што дзяржаўныя органы, натарыус, БТІ, якія ўдзельнічалі ў афармленні ўгоды, яны таксама вінаватыя і таксама мусяць несці адказнасць. Бо яны выдаткавалі дзяржаўныя сродкі на рэгістрацыю».

«Нам тут жыць...»

Алег Волчак упэўнены, што сям’я Сянчылаў можа дабіцца перагляду справы на сваю карысць, як і шмат іншых людзей, якія трапілі ў падобныя гісторыі. Аднак не ўсе даводзяць справу да канца: «Да нас шмат звяртаюцца па бясплатную юрыдычную дапамогу. АлеУ нас шмат кліентаў, калі мы даходзім да Вярхоўнага суда, і адчуваем, што засталося толькі «дажаць», яны стамляюцца або паддаюцца страху (асабліва ў рэгіёнах). «Вы разумееце, нам тут жыць, — кажуць нам людзі, — А чыноўнікі ж на месцах усе паміж сабою павязаныя». Бывае так, што нават мужчыны плачуць у слухаўку і выбачаюцца, што адмовіліся ісці да канца. Але мы іх разумеем».

Судзіцца з ўплывовымі асобамі сапраўды няпроста. Часам нават кінуўшы выклік такім людзям можа пазбавіцца апошняга. Але ў выпадку з сям’ёй Сянчылаў гаворка ідзе пра дом, дзе яны пражылі шмат гадоў, таму змагацца за ўласнасць да канца — для іх адзіны выбар.