Праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» дапытваюць нават на Дзень Волі

Усё больш і больш праваабаронцаў і валанцёраў атрымалі позвы на допыты ў Следчы камітэт альбо былі дапытаныя раней па справе «Вясны». Лік ідзе на дзясяткі.

sk_5.jpg

Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Валанцёрку праваабарончай каманды MAYDAY з Магілёва Таццяну Жывіцу выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці на 25 сакавіка.

Допыт, мяркуючы па ўсім, будзе тычыцца дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна». Дапытваць Таццяну будзе следчы Шацько. Раней ён жа дапытваў магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова і праваабаронцу Барыса Бухеля.

Учора следчыя тэлефанавалі праваабаронцу з Баранавіч Аляксандру Вайцешыку, запрасілі на допыт у Баранавіцкі міжраённы аддзел СК. А калі ён паведаміў, што зараз знаходзіцца ў Мінску, то яго нумар набрала следчая з Цэнтральнага апарата СК і прапанавала «дапытацца» ў Мінску ў любы час.

Юрыста Аляксея Лойку таксама выклікаюць у СК у якасці сведкі па факце дзейнасці ПЦ «Вясна». Учора ў другой палове дня юрыста на мабільны тэлефон патэлефанаваў следчы і выклікаў на допыт па месцы рэгістрацыі. На дадзены момант юрыст пражывае ў іншым горадзе, і следчы, удакладніўшы адрас, паведаміў, што праваабаронца будзе выкліканы па месцы свайго жыхарства.

Учора былі дапытаныя праваабаронцы Сяргей Гоўша з Баранавіч, Алесь Дзергачоў са Смаргоні, Уладзімір Целяпун з Мазыра. Прычым Целепуна на допыт забралі проста з лякарні, дзе ён чакаў аперацыі.

Рада ПЦ «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцей правоў чалавека і дэмакратыі.

spring96.org