302 палітзняволеныя. Яшчэ тры чалавекі прызнаныя палітвязнямі
Праваабаронцы прызналі яшчэ трох чалавек — Уладзіміра Шакуна, Іллю Тананку, Рамуальда Улана — палітычнымі зняволенымі.
Праваабарончая супольнасць 25 сакавіка прызнала яшчэ трох чалавек палітычнымі зняволенымі і выступіла з адмысловай заявай.
У супольнай заяве прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці пра прызнанне трох новых палітычных зняволеных адзначаецца: пераслед і пазбаўленне волі Уладзіміра Шакуна, Іллі Тананкі, Рамуальда Улана палітычна матываваныя, звязаныя з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.
Уладзімір Шакун асуджаны прысудам суда Жыткавіцкага раёна на два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу па ч.1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), арт. 370 КК («Знявага дзяржаўных сімвалаў»), накіраваны для адбыцця пакарання.
Ілля Тананка асуджаны прысудам суда Фрунзенскага раёна г. Мінска на паўтара гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), накіраваны для адбыцця пакарання.
Рамуальд Улан асуджаны прысудам суда Смаргонскага раёна на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 188 КК («Паклёп»), накіраваны для адбыцця пакарання.
Праваабарончыя арганізацыі ў сваёй супольнай заяве патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Уладзіміра Шакуна, Іллю Тананку, Рамуальда Улана і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. А таксама прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта: арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.