Адвакат Дзмітрый Лаеўскі: Адвакатуру ў Беларусі чакаюць сталінскія часы
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі, які абараняе Віктара Бабарыку і Максіма Знака, распавёў у інтэрв'ю DW пра ціск улад, умовы працы і перспектывы незалежнай адвакатуры ў Беларусі. А таксама выказаўся наконт законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці».
— Гэтыя змены нашкодзяць адвакацкай супольнасці і людзям, якія атрымліваюць юрыдычную дапамогу: незалежнасць адвакацкай прафесіі будзе звужаная, калі наогул можна будзе казаць пра незалежнасць. Гэты праект фактычна ставіць адвакатуру ў залежнасць ад дзяржапарата. Спытайце любога, хто звяртаецца да адваката па юрыдычную дапамогу, ці хоча ён, каб яго абаронца быў ва ўмовах, калі на яго з усіх бакоў па розных пытаннях будзе аказвацца ціск? Усе, вядома, скажуць, што хочуць незалежнага адваката.
Ва ўсіх адвакатаў ліцэнзія аднолькавая, і праводзіць градацыю на ажыццяўленне таго ці іншага віду дапамогі ў залежнасці ад таго, дзе адвакат працуе, — гэта дзіўна.
— Як вы думаеце, чаму беларускія адвакаты цяпер знаходзяцца пад такім ціскам?
— Апошнія некалькі месяцаў мы назіраем, што людзі розных прафесій, якія выказваюць меркаванне, што не супадае з меркаваннем улад, трапляюць у сітуацыі, калі на іх аказваецца рознага роду ўздзеянне. У сувязі з гэтым адвакацкая прафесія найбольш рызыкоўная, таму што адвакат павінен спрачацца з абвінавачваннем, гэта значыць апрыёры выказваць пункт гледжання, які разыходзіцца з пунктам гледжання дзяржапарата. У чым розніца паміж намі і іншымі людзьмі, якія выказваюць нязгоду? У нас часта гэтая нязгода выказваецца ў рамках прафесійных абавязкаў. Таму адвакатаў напаткала хваля агрэсіўнай рэакцыі, і мы назіраем толькі эскалацыю.
— Якая будучыня чакае незалежную адвакатуру ў Беларусі?
— Незалежнасць выяўляецца ў тым, якія паўнамоцтвы ёсць у дзяржавы па ўздзеянні на адвакатаў. Цяпер сітуацыя такая, што ў любы момант можна выклікаць адваката на якую-небудзь працэдуру і прыняць рашэнне, у выніку якога чалавек страціць працу. Сёння ў нас дэфіцыт незалежнасці адвакатуры.
А адказаць на пытанне пра будучыню адвакатуры лёгка. Не так даўно, у сталінскія часы, адвакатура фармальна таксама існавала. І нават не фармальна, а былі людзі, якія знаходзілі ў сабе сілы рабіць сваю працу і пярэчыць. Праўда, некаторыя з іх потым мянялі прафесію, пакідалі краіну або заядалі ганеннямі. Цяпер мы таксама можам аказацца ў сітуацыі, калі адвакатура будзе існаваць як у сталінскія часы. У сукупнасці з тым, што мы назіраем у судовай сістэме, гэта прывядзе да таго, што людзі не будуць бачыць прававых метадаў абароны. А адвакаты будуць баяцца, займацца самацэнзурай. Даволі сумная гісторыя.