СПЧ ААН даў «зялёнае святло» расследаванням злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі

Савет па правах чалавека ААН прыняў сёння, 24 сакавіка 2021 года, рэзалюцыю па Беларусі, якая запускае механізм ААН па расследаванні і дакументаванні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.

1599580076_6789.jpg


Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет атрымала шырокі мандат паўнамоцтваў. Колькасць людзей у офісе Вярхоўнага камісара, якія займаюцца праблемай правоў чалавека ў Беларусі, павялічыцца да 16 супрацоўнікаў і 3 экспертаў, піша АФН са спасылкай на тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

На працягу наступных месяцаў яны будуць займацца расследаваннем парушэнняў правоў чалавека, а таксама збіраць доказы з мэтай прыцягнення да адказнасці вінаватых і правасуддзя для пацярпелых. Вынікі расследавання стануць асновай для сумленнага і незалежнага суду ў новай Беларусі, а таксама для крымінальных спраў па міжнароднай юрысдыкцыі.

Прынятая рэзалюцыя таксама заклікае рэжым Лукашэнкі забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары, пачаць дыялог з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху і ўзаемадзеянне з АБСЕ.

«[Рэзалюцыя] асуджае шматлікія акты катаванняў, гвалтоўныя знікненні, выкраданні, адвольнае выправаджэнне палітычных апанентаў з Беларусі, арышты, адвольнае пазбаўленне жыцця, а таксама акты сэксуальнага і гендарнага гвалту і заклікае спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў, журналістаў, праваабаронцаў, чальцоў стачкамаў, студэнтаў і тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах», — гаворыцца ў паведамленні.

Супраць рэзалюцыі прагаласавалі толькі 6 краін: Венесуэла, Кітай, Куба, Расія, Эрытрэя і Філіпіны. Кітай і Расія хацелі ўнесці каля 14 паправак, якія павінны былі цалкам сказіць сутнасць рэзалюцыі, але папраўкі былі адпрэчаныя большасцю галасоў.

Нагадаем, што сёння ж пачала працу міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых у катаваннях.