У Польшчы пройдзе вялікі канцэрт салідарнасці з Беларуссю

Нацыянальны філарманічны аркестр, зоркі польскай музычнай сцэны і беларускія артысты выступяць у чацвер падчас канцэрта «Gramy dla Беларусі 2021», які будзе выказваннем салідарнасці з нашай краінай.

exj0ru9x.jpg


25 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Волі – свята, якое не прызнаецца ўладамі, але гадамі адзначаецца беларускімі грамадзянамі, якія такім чынам дэманструюць сваю прыхільнасць свабодзе. Менавіта ў гэты дзень адбудзецца канцэрт салідарнасці з Беларуссю, перадае «Радыё Рацыя».

Арганізатарам канцэрта «Gramy dla Беларусі 2021» з’яўляецца Нацыянальны цэнтр культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту, TVP S.A. і Нацыянальнай філармоніі.

У праграме — творы іконы польскай музычнай сцэны Чэслава Немэна, які нарадзіўся і вырас у сённяшняй Беларусі, у новых аранжыроўках. Таксама мы пачуем песні «NaviBand», напісаныя ў падтрымку леташніх пратэстаў беларускага грамадства, знакамітыя «Муры» Яцэка Качмарскага і хіт беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкі» пад назвай «Грай».

Канцэрт, які з-за эпідэміі пройдзе без удзелу гледачоў, можна паглядзець у 20:15 (польскі час) у эфіры грамадскага тэлебачання: TVP Kultura, TVP Polonia, Biełsat TV, TVP Wilno, а таксама ў інтэрнэце ў Facebook і на сайце NCK.