Прэзентацыя Белай кнігі па міжкультурным дыялогу ў Мінску

28 чэрвеня ў Мінску ў Галерэі Міхаіла Савіцкага адбылася прэзентацыя Белай кнігі па міжкультурнаму дыялогу “Жыць разам ў роўнай годнасці”, выдадзенай Міністэрствам культуры Беларусі па дамоўленасці з Саветам Еўропы.    



bielaja_kniha_2_1_.jpg

Кніга — падрыхтаваны ў Інстытуце культуры Беларусі пераклад на беларускую мову выдання, зацверджанага міністрамі замежных спраў краін-удезьніц Савета Еўропы на 118 сесіі Камітэта міністраў у Страсбургу 7 траўня 2008 года.

У выданні прадстаўлены асноўныя праблемы і ключавыя паняцці міжкультурнага дыялогу, яго канцэптуальныя рамкі і палітычныя падыходы для развіцця, разуменне культурнай разнастайнасці, а таксама рэкамендацыі і палітычныя арыенціры для будучых дзеянняў.

belaja_kn_ga_1_1_.jpg

У прадмове да Белай кнігі генеральнага сакратара Савета Еўропы Тэры Дэвіса гаворыцца, што выданне з’яўляецца вынікам нялёгкай, але рашучай працы, і больш за ўсё — дыялогу. Кніга была падрыхтаваная пасля маштабных і працяглых кансультацый з прадстаўнікамі дзяржаў, супольнасцяў грамадзян, вернікаў і мігрантаў, а таксама мясцовых і рэгіянальных улад.

Міжкультурны дыялог неабходны ў наш час. Ва ўмовах усё больш разнастайнага і небяспечнага свету, нам неабходна размаўляць, не зважаючы на этнічныя, рэлігійныя, моўныя і нацыянальныя раздзяляльныя лініі для забеспячэння сацыяльнай згуртаванасці і пераадолення канфліктаў.

Асноўная ідэя Белай кнігі у тым, што міжкультурны дыялог немагчымы без выразнай спасылкі на ўніверсальныя каштоўнасці — дэмакратыю, правы чалавека і вяршэнства закону.

Белая кніга атрымала шырокую падтрымку, але яе высновы і рэкамендацыі павінны быць ператвораныя ў жыццё і кантралявацца праз дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі. Міжкультурны дыялог з’яўляецца “работай у кірунку прагрэсу” — новым крокам на шляху да новай сацыяльнай і культурнай мадэлі адаптацыі да Еўропы і свету, якія аднолькава хутка змяняюцца”, — адзначае спадар Дэвіс.

У прадмове міністра культуры Беларусі Барыса Святлова звяртаецца ўвага на тое, што выданне Белай кнігі на нацыянальнай мове азначае далучэнне Беларусі да еўрапейскіх каштоўнасцей і прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай для стабільнага існавання і развіцця грамадства.

У прэзентацыі кнігі ўдзельнічалі спецыяльны саветнік генсакратара Савета Еўропы Ульрых Буньес, прадстаўнікі міністэрстваў культуры, замежных спраў і адукацыі, а таксама праваслаўнай і рыма-каталіцкай дэнамінацый хрысціянства.