«Прывязаць да станка? Выдаць усім па мятле?» Чаму ўладам варта адчапіцца ад «дармаедаў»
У Гарадзенскай вобласці пачалі «максімальна аператыўна» складаць «базу дармаедаў».
На пашыранай нарадзе старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік даў загад "максімальна аператыўна скласці базу даных тых, хто не працаўладкаваны”, паведамляе сайт аблвыканкаму. "Тым, хто хоча працаваць, — дапамагчы. Тых, хто заняты ў ценявым бізнесе, — вывесці на празрыстую эканамічную дзейнасць. Да ўзаемадзеяння з пітушчымі і тымі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, падключаць псіхолагаў і наркалагічную службу”, — паставіў задачу Каранік, піша Радыё Рацыя.
Між тым, у каментары "Салідарнасці" праваабаронца і юрыст Леанід Судаленка, вядомы змагар з "дармаедскім" дэкрэтам, распавёў пра тое, чаму чарговая ініцыятыва ўладаў можа пацярпець крах.
На ягоную думку, дэкрэт аб садзейнічанні занятасці так і не запрацаваў — як у старой рэдакцыі, так і ў новай.
— Чаму? Я глыбока перакананы, што пакуль у беларусаў ёсць магчымасць выехаць на заробкі хоць у Расію, хоць у Польшчу ці Літву, пакуль у нас не ператварылі краіну ў Паўночную Карэю, зачыніўшы межы, ніхто тут за ежу працаваць не будзе.
Праваабаронца звяртае ўвагу на той факт, што ў рэгіёнах за шчасце вакансія, якая абяцае 500 рублёў заробку. І гэта пры тым, што ўлады не год і не два абяцалі ўсім па 500 долараў.
— За такімі вакансіямі людзі нават у абласных цэнтрах у чаргу становяцца. Так што, замест гэтай балбатні, лепш бы кіраўніцтва краіны занялося б стварэннем канкурэнтаздольных працоўных месцаў, шукала б нейкія новыя вытворчасці, — эксперт перакананы, што ў краіне трэба ствараць умовы, пры якіх беларусам не прыйшлося б шукаць працу за мяжой.
— Былі б тут такія ўмовы, і тыя паўмільёна работнікаў, якіх залічылі ў дармаеды, самі вярнуліся б сюды працаваць і плаціць падаткі. Але нічога гэтага няма.
Праваабаронца называе другую прычыну, якая зводзіць на нішто намаганні ўладаў па барацьбе з тымі, хто "боўтаюцца і хістаюцца":
— Канстытуцыя дае нам права на працаўладкаванне, але не прымушае нас працаваць. Калі нам кажуць, што Канстытуцыя ў гэтым выпадку не галоўная, часам не да законаў, то давайце тады адмяняць і нашы абавязкі, прапісаныя ў Асноўным законе. Тэрміновую службу ў арміі, выплату падаткаў.
Ці можа новы наступ на беспрацоўных справакаваць масавыя пратэсты, як гэта было ў 2017-м? Эксперт лічыць, што многае будзе залежаць ад таго, што менавіта будуць рабіць улады.
— Спісы гэтых людзей даўно складзеныя. Але што з імі цяпер рабіць? Прывязаць да станка, выдаць усім па мятле? Прымусовыя працы? Але як прымусіць чалавека працаваць прымусова, калі на гэта няма рашэння суда? Вось вярнуўся з Мінска з нарады кіраўнік Гомельшчыны? І як ён будзе выконваць ўказанне прымусіць людзей працаваць?
Леанід Судаленка нагадаў, што ў 20-я гады мінулага стагоддзя бальшавікі ўводзілі абавязковую працоўную павіннасць:
— І чым усё скончылася? У нас хтосьці называе сябе гісторыкам, але так жа і ўрокі гісторыі трэба ўлічваць, каб не паўтараць старых памылак.
Калі ўлады ўсё ж пачнуць пераследваць беспрацоўных, гэта толькі павялічыць адток эканамічных мігрантаў, лічыць праваабаронца. У першую чаргу гэта тычыцца маладога пакалення, як больш мабільнага.
Эксперт звярнуў увагу на праблему звальненняў сярод удзельнікаў пратэстаў. Цяпер ён заняты справай працаўніка светлагорскага цэлюлознага камбіната:
— Чалавек адбыў 15 сутак, а яго звольнілі за прагул. І колькі такіх людзей? Чаму не заняцца гэтай праблемай, а не думаць над тым, як кагосьці прымусіць працаваць?