«Пустыя заявы сілавікоў». Ці ўплывае статус палітвязня на прысуд?

Сваякі затрыманых баяцца паведамляць праваабаронцам пра затрыманні — маўляў, гэта можа нашкодзіць. Самі зняволеныя цяпер часта просяць не прызнаваць іх палітвязнямі. «Нямецкая хваля» разбіралася, ці насамрэч уплывае прыцягненне ўвагі да справы на атрыманы тэрмін.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


1435 чалавек у Беларусі прызнаныя на сённяшні дзень праваабаронцамі «В*сны» палітвязнямі (ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1704 палітычных зняволеных). Насамрэч асуджаных па палітычных матывах у краіне можа быць больш — пра шматлікія справы грамадскасці проста невядома. Ці ўлічваюць праваабаронцы меркаванне саміх фігурантаў такіх спраў і іх сваякоў, перш чым прыняць рашэнне аб статусе палітвязня? Як асуджаных у Беларусі прызнаюць палітвязнямі і ці ўплывае гэтая акалічнасць на прысуды, якія ім выносяць?

Як прымаюць рашэнне аб прадастаўленні статусу палітвязня?

Напрыканцы 2022 года былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Васіль Хамутоўскі атрымаў два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту. Да абвяшчэння прысуду ў тэлеграм-каналах, звязаных з сілавікамі, пісалі, што статус палітвязня яму нашкодзіць. Калі вынеслі прысуд, Хамутоўскі запісаў зварот, у якім папрасіў не лічыць яго палітвязнем, адзначыўшы, што ў яго ніхто не спытаў, ці патрэбны яму такі статус.

Прымаючы рашэнне адносна той ці іншай асобы, беларускія праваабаронцы абапіраюцца на пазіцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) адносна тэрміна «палітычны зняволены» і крытэрыяў яго выкарыстання. Часцей за ўсё палітвязнем прызнаюць чалавека, які да суда знаходзіцца ў СІЗА або пад хатнім арыштам, а па завяршэнні працэсу прысуджаны да арышту, абмежавання або пазбаўлення волі за палітычныя перакананні, выказванне меркавання або ўдзел у мірных акцыях пратэсту.


Пра факты пераследу праваабаронцы даведваюцца ад саміх фігурантаў ці іх сваякоў або падчас судовых працэсаў, а таксама са СМІ. Далей вывучаецца кожная справа, і калі яна адпавядае крытэрыям, пытанне выносіцца на галасаванне праваабарончых арганізацый (цэнтр «В*сна», БАЖ, БХК, «Lawtrend» і іншыя).

«На сёння ў Беларусі 1435 палітвязняў»

Прызнанне палітвязнем не азначае, што асуджаны і яго сям'я аўтаматычна атрымаюць дапамогу. Фонды, якія аказваюць падтрымку палітвязням, працуюць асобна па кожным выпадку.

«На сёння ў Беларусі 1435 палітвязняў. Насамрэч іх значна больш, — кажа юрыст і намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Алег Агееў. — Мы працуем толькі па справах, якія вядомыя грамадскасці, пры гэтым дзяржава робіць усё магчымае, каб схаваць сапраўдныя маштабы рэпрэсій. Асабліва складана атрымліваць інфармацыю з рэгіёнаў. Часам мы даведваемся, што чалавек асуджаны па тым жа 342-м артыкуле, калі ён ужо адбывае пакаранне ў калоніі».

Нагадаем, што ў 2021 годзе ў Следчым камітэце заяўлялі, што ў сувязі з пратэстамі ў Беларусі распачата больш за 5 тысяч крымінальных спраў. Маніторынг праваабарончага цэнтра «В*сна» сведчыць, што масавы пераслед беларусаў па палітычных матывах працягваецца.

Ці ўлічваюць праваабаронцы меркаванне асуджанага і яго сваякоў?

Паводле слоў юрыста «В*сны» Паўла Сапелкі, прызнанне палітвязнем — гэта канстатацыя парушэння правоў чалавека, таму пры разглядзе спраў улічваюцца факты пераследу. Меркаванне самога фігуранта або яго сваякоў у дадзеным выпадку ролі не адыгрывае. Такая ж практыка і ў іншых краінах  — Расіі, Казахстане, Украіне.


«Калі паглядзець заявы аб прызнанні той ці іншай асобы палітвязнем, там не будзе ацэнкі фігуранта да прад'яўленага абвінавачання. Яно таксама не мае значэння, калі гаворка ідзе пра пераслед па палітычных матывах — напрыклад, чалавека караюць за яго права выйсці на мірны пратэст і выказаць меркаванне адносна падзей у краіне», — тлумачыць Сапелка.

Калі ж у дзеяннях той ці іншай асобы мелі месца праявы гвалту, не звязаныя з самаабаронай, у статусе палітвязня могуць адмовіць. Так, па справе бізнесоўца Мікалая Аўтуховіча некаторыя яго фігуранты былі прызнаныя палітвязнямі ўжо пасля судовага працэсу, калі стала ясна, што было парушана іх права на справядлівы суд. У такіх выпадках праваабаронцы патрабуюць перагляду справы.

Статус палітвязня дапамагае ці шкодзіць?

Звестак пра тое, што статус палітвязня можа павялічыць тэрмін пакарання, у праваабаронцаў няма. «Гэта пустыя заявы сілавікоў, іх словы нічым не пацвярджаюцца, — адзначае Алег Агееў. — Як можна праверыць, ці паўплывала прызнанне палітвязнем на канчатковы прысуд? Гэта маніпуляцыя».

Павел Сапелка таксама не бачыць у дадзеным выпадку ўзаемасувязі: «Часам мы даведваемся, што чалавек быў асуджаны па "палітычным" артыкуле КК, калі ён ужо адбывае пакаранне. Па 342-м артыкуле яму далі два гады пазбаўлення волі, гэта даволі суровае пакаранне, пры гэтым статусу палітвязня ў яго не было. А бываюць і іншыя прыклады: вядомага чалавека, пра якога ўсе пішуць, прызнаюць палітвязнем і потым яго прысуджаюць да "хатняй хіміі" па тым жа 342-м артыкуле».


Гэта ж пацвердзіў «Нямецкай хвалі» і адзін з былых палітвязняў, які выйшаў на волю ў 2022 годзе. «У СІЗА глядзяць на твой артыкул, а не на тое, прызналі цябе палітвязнем ці не. І ў судзе таксама, — гаворыць суразмоўца, які папрасіў не называць яго імя. — Нават на Акрэсціна, калі ў цябе "пратэсны артыкул", адразу асаблівае стаўленне — максімальныя абмежаванні, гэта працягваецца і ў калоніі».

Ці можа статус палітвязня дапамагчы чалавеку? «У 2021 годзе мы адчувалі падтрымку ў СІЗА, незнаёмыя людзі часта адпраўлялі лісты, грошы, пасылкі — яны даведваліся пра нас як пра палітвязняў. У гэтым плане мы адрозніваліся ад іншых "сядзельцаў". Але ўжо ў калоніі дапамагчы могуць толькі сваякі, ды і ў СІЗА паступова дапамогу абмежавалі. Напрыклад, лісты ад незнаёмых людзей амаль не перадаюць», — рэзюмаваў былы палітвязень.