Рабіце, што можаце там, дзе вы зараз
Здаецца сілы ўжо на зыходзе. Здаецца, немагчыма ўжо трываць. Плача сэрца і рвецца душа ад таго, што мы чуем і бачым. Ад бяссілля абараніць сябе, сваіх родных, сяброў, тое, што даражэй за грошы і выгоды. Здаецца, зло зжырае дабро дробнымі кавалкамі, і ўнутры нас амаль усё выпалена...
Але гэта не так, гэта толькі ілюзія паразы, якую прыхавана ці ўяўна стварае прапаганда. Гэта тое, чаго хочацца тым, хто сёння хаваецца за несапраўднымі імёнамі ці сапраўднымі пасадамі. Гэта іх мара, і нават не мэта. Бо на самай справе зло ніколі ў гісторыі сусвета не перамагала. Не верыце? Пагартайце падручнікі гісторыі. Часам хочацца плакаць часам крыкам крычаць, нават выць па-звярынму? Пагартайце падручнік гісторыі. Хоць далёкай, хоць блізкай.
«На папярэднім следстве я казаў, што я не шпіён, я не тэрарыст, але мне не верылі і ўжылі да мяне наймацнейшыя збіцці. Я на працягу дваццаці пяці гадоў свайго партыйнага жыцця сумленна змагаўся з ворагамі і знішчаў ворагаў. У мяне ёсць і такія злачынствы, за якія мяне можна і расстраляць, і я пра іх скажу пасля, але тых злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць у заключэнні па маёй справе, я не здзяйсняў і ў іх не вінаваты», — гэта апошняе слова перад расстрэлам Мікалая Яжова, таго самага кіраўніка НКУС (1940 год).
«Прызнаючы, што я адказны за перагіны і вычварэнствы сацыялістычнай законнасці ў 1937-1938 гадах, прашу суд улічыць, што карыслівых і варожых мэтаў у мяне пры гэтым не было. Прычына маіх злачынстваў-абстаноўка таго часу. Прашу вас пры вынясенні мне прысуду старанна прааналізаваць мае дзеянні, не разглядаць мяне як контррэвалюцыянера, а ўжыць да мяне толькі тыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія я сапраўды заслужыў», — а гэта ўжо словы Лаўрэнція Берыі, таксама перад расстрэлам (1953 год).
У наступныя гады былі арыштаваныя і пакараныя многія паплечнікі Берыі, якія займалі высокія пасады ў сілавых структурах саюзных рэспублік. Усім ім, як і іх былому шэфу, было адмоўлена ў рэабілітацыі пасмяротна.
Вы скажыце, што кошт такой перамогі быў занадта высокі? Магчыма, але хто можа гэта вызначыць? Дзе тая мяжа ахвярнасці, якая дазволіць сказаць, што гэта занадта? Які кошт павінна заплаціць грамадства, каб стаць не проста свабодным, салідарным і з’яднаным, але яшчэ і прадбачлівым? Ці разлічыліся мы па рахунках? Столькі пытанняў, на якія няма дакладнага і адназначнага адказу. Столькі яшчэ спраў і крокаў, якія чакаюць нас у будучыні, у блізкай будучыні, у лепшай будучыні.
А пакуль жа, давайце ў чарговы раз збярэм сябе ў купку, разгарнем плечы, уздымем галовы і зробім чарговы крок наперад. Я не ведаю, колькі дзён нас яшчэ чакае, 10, 20 ці 100. Я не ведаю, будуць яны гучнымі і яскравымі ці ціхімі і крэатыўнымі. Не ведаю, колькі з нас за гэты час з’едуць ці апынуцца па той бок кратаў. Але бясспрэчна тое, што з абранага шляху зварочваць не лёс. Бо «мы жывы народ, мы — беларусы!». А таму — рабіце, што можаце, там, дзе вы зараз. Бо кожны учынак і кожны крок — гэта крок у будычыню. У лепшую будучыню нашай краіны і кожнага з нас.