Рабілі антыкавідную вакцыну, а выпусцілі супрацьвірусную?

У Беларусі выпусцілі доследную серыю «супрацьвіруснай» вакцыны. Але пра такія распрацоўкі раней не было нічога вядома, аднак на гэтым прадпрыемстве ў 2023 годзе павінна была быць зроблена айчынная антыкавідная вакцына. Зрэшты, пакуль ішлі распрацоўкі, пандэмія скончылася.

belarus_horad_zima_2023_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Мінздароўя паведаміла, што сёння на нарадзе ў Лукашэнкі па актуальных пытаннях развіцця Віцебскага рэгіёна, ідзе “абмеркаванне рэалізацыі найважнейшага для краіны праекта — стварэнне супрацьвіруснай вакцыны” на прадпрыемстве «БелВітуніфарм».

У Беларусі будуюць завод для выпуску спецыяльных медпрэпаратаў, ужо гатовая доследная серыя супрацьвіруснай вакцыны, паведаміў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па Віцебскай вобласці 22 жніўня, піша «Люстэрка» са спасылкай на яго прэс-службу.

Галоўным пытаннем нарады Лукашэнка назваў стварэнне айчыннай супрацьвіруснай вакцыны на прадпрыемстве «БелВітуніфарм».

На фінансаванне праекта грошы былі прадугледжаныя ў бюджэце і інавацыйным фондзе. Па плане будаўніцтва завода павінна завяршыцца сёлета. “Як мне дакладваюць, першы этап ззаду, доследная серыя вакцыны выпушчаная”, — сказаў ён.

Нагадаем, першапачаткова на «БелВітуніфарм» распрацоўвалі вакцыну супраць каронавіруса SARS-CoV-2. Аб нейкай універсальнай «супрацьвіруснай» вакцыне да гэтага дня гаворкі не ішло. Праект стварэння вакцыны ад кавіду Беларусь павінна завяршыць да канца 2023 года. Летась на «БелВітуніфарм» выраблялася доследна-прамысловая партыя айчыннай вакцыны ад каронавіруса. У 2023-м яна павінна была быць выпушчаная ў абарот. Але 5 траўня Сусветная арганізацыя аховы здароўя афіцыйна абвясціла пра перамогу над каронавірусам, а беларускую вакцыну, пра якую раней шмат разважалі, так і не пачалі выкарыстоўваць

Глядзіце таксама

Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў Віцебскай вобласці ўжо асвоены тэхналогіі вытворчасці вакцын для жывёл. І заявіў, што існуючы вопыт можна выкарыстоўваць пры стварэнні прэпаратаў для людзей: “Напрацаваныя тут тэхналогіі мы зможам у далейшым шырока выкарыстоўваць для вытворчасці іншых вакцын і лекавых сродкаў", — падкрэсліў Лукашэнка, і панаракаў, што пакуль што вакцынаваць насельніцтва даводзіцца «чужым прадуктам».

Ён таксама прыгразіў Міністэрству аховы здароўя адказнасцю за праблемы з вакцынацыяй.

“Публічна папярэджваю Міністэрства аховы здароўя, што мы самым жорсткім чынам разбярэмся з сістэмнымі выпадкамі прыпісак і безгаспадарчасці ў ходзе вакцынацыі насельніцтва, выяўленымі Камітэтам дзяржаўнага кантролю”.

У далейшым ён прапанаваў заняцца новымі распрацоўкамі: “Варта падумаць пра больш маштабныя планы і пашырэнне лінейкі прадукцыі, каб не абмяжоўвацца адной вакцынай”.