«Вырашыў рыхтавацца самастойна да магчымай вайны»
Навошта беларусы ўнутры краіны зацікавіліся тактычнай медыцынай і вырашылі самастойна рыхтавацца да магчымай вайны?

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларусы як унутры краіны, так і за межамі, актыўна праяўляюць цікавасць да тактычнай медыцыны і навыкаў яе выкарыстання. Сярод беларускай дыяспары ў Польшчы і Літве нават арганізаваны курсы па тактычнай медыцыне. «Белыя халаты» пагаварылі з беларусамі ўнутры краіны, якія цікавяцца тактычнай медыцынай і задалі галоўнае пытанне — навошта ім гэта трэба. Варта адразу сказаць, што нашы героі — людзі, якія падтрымліваюць Украіну і жадаюць усім сэрцам Украіне перамогі і вызвалення акупаваных тэрыторый.
Ігару — 50 гадоў. Мужчына не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, але не быў абыякавым да таго, што адбываецца. Вось што ён распавёў, чаму зацікавіўся вайсковай медыцынай:
«На той момант мая мама сталага веку цяжка хварэла на кавід, і мне было не да акцый пратэсту. Я сачыў за навінамі, злаваўся на ўсё тое, што робяць сілавікі. Пунктам незвароту, вядома, стаў пачатак вайны ва Украіне. Я заўсёды любіў Украіну, і мне вельмі не падабалася тое, што наша дзяржава пазірае ў бок Расіі. Суткамі з пачатку вайны я не адпускаў тэлефон з рук. Нават зарабіў на гэтай глебе сабе трывожнае засмучэнне.
Прыкладна ў лістападзе 2022 года я зразумеў для сябе, што сітуацыя ў Беларусі таксама трывожная. Я жыву ў Столінскім раёне і бачыў вялікую колькасць расійскіх жаўнераў і вайсковай тэхнікі. Гэтым людзям нічога не перашкодзіць пачаць агрэсію на тэрыторыі нашай краіны. І я вырашыў рыхтавацца самастойна да магчымай вайны ў нашай Беларусі.
Глядзіце таксама

У цір я баюся хадзіць, таму што здаецца, што ўсе і ўсё як на далоні. Таму для сябе вырашыў вывучаць тактычную медыцыну. Вывучаю яе на ўкраінскіх ютуб-каналах. Балазе, ютуб у Беларусі не заблакавалі, а кантэнту добрага вельмі шмат.
Практычна патрэніравацца ў Беларусі няма магчымасці. Усё ў тэорыі, але я, напрыклад, ужо ведаю, з чаго складаецца нармальная баявая аптэчка, якія турнікеты дзе купіць. У Беларусь можна замовіць расійскія тавары. Рускія навучыліся рабіць сваю прадукцыю нармальнай. І пакуль што можна цалкам сабе ў вольным доступе заказваць у Беларусь. Некаторыя тавары можна знайсці на Вайлберыз, тыя ж турнікеты. У мяне ўжо ёсць і турнікеты, і бандажы, і сама аптэчка ваенная, і тэрмакоўдра, і розныя павязкі і бінты».
Сапраўды, у Беларусь можна замовіць і лекі з Расіі, дый унутры нашай краіны можна купіць расійскія тавары тактычнай медыцыны. Напрыклад, на Вайлберыз ёсць некалькі брэндаў, якія прапануюць і аптэчкі, і сродкі медыцыны. Вар'іруецца цана на тыя ж турнікеты ад 30 да 50 беларускіх рублёў.

Пахваліцца самым вялікім выбарам тавараў можа брэнд Rhino Rescue — вытворца з Кітая.

Турэцкі вытворца Fenko tactic таксама карыстаецца папулярнасцю, мяркуючы па водгуках да іх таварах.
У гутарцы Ігар падкрэсліў, што не варта думаць, што ўнутры Беларусі зусім няма курсаў тактычнай медыцыны. Яны ёсць і праводзяцца яны таксама расійскімі трэнерамі. На прасторах Instagram знайшліся такія курсы:

Беларуска Крысціна таксама не ўдзельнічала ў акцыях пратэсту, але яе сям'ю рэпрэсіі ўсё роўна закранулі — малодшы брат прайшоў фізічныя катаванні, хлопец быў затрыманы на адной з акцый пратэсту. Ужо тады дзяўчына вырашыла, што нядрэнна б ведаць нешта пра тактычную медыцыну. Публікуем яе маналог:
«Мы шукалі брата тры дні і ўвесь час сутыкаліся з тым, што нам хлусілі сілавікі. Хлусілі, грубілі, крычалі і ўсё гэта — гледзячы ў вочы мне і маёй маме, якая звар'яцела ад жаху. Брат у выніку выйшаў пасля 15 сутак з моцным пашкоджаннем нырак, таму што быў моцна збіты. Я тады ўжо стала цікавіцца ў сяброўкі, якая працуе лекарам у ваенным шпіталі, што рабіць, калі пачнецца вайна і дзе наогул прайсці курсы медпадрыхтоўкі.
Пасля Бучы я зразумела, што трэба быць гатовай да ўсяго. На гэты раз сама сяброўка патэлефанавала і сказала: «Крысціна, памятаеш нашу размову? Я сама ваеннаабавязаная, давай буду цябе хоць нечаму вучыць». І яна стала мне распавядаць і ўсё паказваць.
Вядома, гэта ўсё ў тэорыі, а на практыцы зусім іншая будзе сітуацыя. Але мне хочацца быць карыснай, калі ў краіне нешта наогул пачнецца. Я замаўляю тавары ў расійскай краме праз дастаўку СДЭК. Спачатку мяне бянтэжыла, што свае грошы я аддаю Расіі, але потым вырашыла, што прыярытэтам усё ж у мяне з'яўляецца жыццё чалавека. Свае грошы я аддаю і на падаткі, што кормяць сілавікоў, якія збіваюць потым майго брата.

Крама, з якой замаўляе Крысціна
Мне спачатку было страшна, што да мяне будзе шмат пытанняў ад работнікаў пошты і сілавікоў з нагоды маіх тавараў. Але цяпер я супакоілася. Я працую на дзяржаўнай службе, і нас проста пампуюць прапагандай і ўдзелам у ідэалагічных мерапрыемствах. Наведванне ваенных месцаў, удзел у спаборніцтвах па стральбе, Лінія Сталіна — усюды кажуць пра важнасць абараняць сваю краіну. Вось я і абараняю сваю краіну — вучуся тактычнай медыцыне».
Калі ўвесці запыт у Гугл »тактычная медыцына Беларусь», выдае толькі некалькі сайтаў і Instagram, пра якія згадвалася вышэй.
Таму ёсць падазрэнне, што ў Беларусі гэты кірунак пакуль што правісае нават сярод Міністэрства абароны. Напрыклад, толькі ў студзені 2023 года была афіцыйная інфармацыя, што беларускія сілавікі прайшлі тактычны медыцынскі курс, праўда, пад кіраўніцтвам расійскіх інструктараў.