Радзіма Гарэцкага. Вёска памірае, музей патрабуе рамонту
Абязлюдзець, як ужо шмат якія беларускія вёскі, можа і Малая Багацькаўка, што ў Мсціслаўскім раёне. Адсюль пайшоў на свет класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, рэпрэсаваны сталінскай уладай.

На Мсціслаўшчыне, у вёсцы Малая Багацькаўка, больш за два дзясяткі гадоў існуе літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Гэтая вёска — радзіма класіка беларускай літаратуры і грамадскага дзеяча, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсіяў.
Малая Багацькаўка памірае. Тут дажываюць свой век адны пенсіянеры. У восеньскую пару ў вёсцы сум. На вуліцы ні душы. Сядзібы без прыгляду зарастаюць кустоўем і пустазеллем.


Сям-там у здзічэлых садах вытыркаюцца рэбры аголеных дахаў сялянскіх хат. У больш-менш дагледжаных дварах яшчэ цепліцца жыццё.



У вёсцы Малая Багацькаўка
У васьмідзесяцігадовай гаспадыні адной з такіх хат пытаю, ці памятае яна Гарэцкіх і што чула пра аднаго з іх — Максіма. Пра род Гарэцкіх суразмоўніца шмат не ведае. Пра Максіма Гарэцкага кажа па-простаму: «Відаць, ён харошы быў чалавек».
«Праз яго нам і дарогу праклалі. А жылі яны там, дзе цяпер музей. Там іхная хата стаяла. Дзякуючы яму мы хоць жыццё ўбачылі. Тут гразка было. Не даехаць. Трактар наймалі, каб выехаць на асфальт. Дужа цяжка было. А цяпер, дзетухна, слава богу. Толькі жыць няма каму. Засталося толькі сем чалавек, і тыя адзіночкі. Хто ўдавец, а хто ўдава».
На пытанне, ці цяжкае жыццё ў вёсцы, якая вымірае, суразмоўніца, вызваляючы ад посуду месца, каб госць сеў, адказвае: дзеці ды ўнукі дапамагаюць. «Хату пафарбавалі. Абкасілі навокал. Лаўка да нас прыяжджае два разы на тыдзень. Тады збіраемся ўсёй вёскай разам. Песію плацяць у час. Усё добра. Толькі здароўя няма. Жыццё сканчаецца. Каб толькі ціха ў нас было. Колькі людзей цяпер гіне. Як наглядзішся ды расхвалюешся...».
Літаратурны музей Максіма Гарэцкага — філіял мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музею.


Ён пасярод вёскі. Насупраць невялікі пляц. Сюды пад’яжджае аўталаўка. Тут і паштовыя скрынкі ўсіх жыхароў Малой Багацькаўкі.
Музей адкрылі ў 1993 годзе. Гэта звычайная сялянская хата, падзеленая калідорам на дзве палавіны. У адной — экспазіцыя пра творчы і жыццёвы шлях Максіма Гарэцкага і яго блізкіх. Другая палова хаты этнаграфічная — перадае абстаноўку сялянскага побыту, у якім жылі Гарэцкія.
Усярэдзіне музей дагледжаны. Усё тут па-простаму. Ня кідкія, але інфарматыўныя экспанаты, нефарбаваная падлога. Экскурсіі — на беларускай мове.

Экспанаты. У этнаграфічнай палове музею

Экспанаты. Мяшэчак з віленскай зямлёю прывезлі беларусы Літвы
«Я калі пачынаю экскурсію, дык кажу, што Максім Гарэцкі — гэта наш беларускі пісьменнік, таму гаварыць пра яго я буду на беларускай мове. Праблемаў не было з гэтым. У нас жа і беларускія школы ёсць, і расійскія, але там жа беларускую мову выкладаюць. Таму ведаюць школьнікі мову. Найбольш школьнікаў цікавіць этнаграфічная частка музею. Там — наша печка беларуская», — кажа загадчыца музею Марыя Пляшкова.

Марыя Пляшкова расказвае пра Гарэцкіх
Паводле яе, музей Гарэцкага не застаецца без наведнікаў. Сюды рэгулярна прыяжджаюць на экскурсіі школьнікі і неабыякавыя да беларускай культуры людзі.
Суразмоўніца адзначае, што ў літаратурнай частцы музею наведнікі часцей за ўсё спыняюцца каля стэнду аб зняволенні пісьменніка і ягонай смерці. На адно пытанне Марыя Аляксандраўна не можа адказаць пэўна — як загінуў пісьменнік.

Два пасведчанні пра смерць Максіма Гарэцкага
«Заўжды задаюць пытанні, чаму на стэндзе два пасведчанні аб сьмерці. Я адказваю, як і вам — не ведаю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Максім Гарэцкі расстраляны. А паводле неафіцыйнай — кровазліццё ў мозг. Памёр у Комі АССР у 46 год».
Звонку музей вымагае рамонту. Некаторыя бярвенні спарахнелі ды зацвілі. Багата якія патачыў шашаль.



Звонку будынак музею вымагае рамонту
На працягу апошніх пяці год музеем апякуюцца актывісты Таварыства беларускай мовы з Магілёва ды Дрыбіна. У мінулую нядзелю яны наведаліся ў Малую Багацькаўку, каб дапамагчы падрыхтаваць музей да зімы.


ТБМ-аўцы за працаю ў музеі
«Літаратурны музэй даволі далёка ад Магілёва, — кажа старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. — Сюды нязручна ездзіць. Наша арганізацыя невялікая, але мы ўзялі шэфства над музеем. Ён занядбаны, на вялікі жаль. Наша праца — дробязь: падлогу памыць, пыл працерці. На могілках прыбраць. Яшчэ пару гадоў, і гэтай вёскі ня будзе. А вось літаратурны музей мусіць застацца, бо Гарэцкі ня проста пісьменнік. Гэта класік. Пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры».
«Не было б Гарэцкага, і, відаць, нашай дзяржаўнасці не было б, — дадае тэбээмавец. — А сёлета, пагатоў, яшчэ юбілей брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылы. А пра яго ў нас так ніхто і не згадаў як след. Ён жа стаў самым маладым акадэмікам. Выбітная асоба. Адзін з пачынальнікаў беларускай навукі».
На вясковых могілках пахаваныя маці і бацька Гарэцкіх — Ахрасіння Міхайлаўна і Іван Кузьміч.

Магіла маці і бацькі Максіма Гарэцкага
З медальёна на невялікім абэліску яны глядзяць, як памірае іхная вёска. Недзе ля хаты-музею пахаваная каса сястры Максіма Гарэцкага — Ганны. Ганна трагічна загінула маладой у Маскве. Там жа і пахавана.
Вяртаючыся з кладоў, завітаў да гаспадыні яшчэ адной сядзібы. Назвалася яна Галінай Васільеўнай. На пытанне, ці вялікая была Малая Багацькаўка, кабета адказала: сорак двароў. «У кожным было па карове, а то і па дзве, — згадала яна. — А потым старыя пачалі выміраць, а моладзь не хоча заставацца ў калгасе. З'яжджае».
Апавёўшы пра мясцовае жыццё, пра музей, пра дэлегацыі, якія наведваюць яго, паскардзілася журналісту на работнікаў раёну, якія, паводле яе, зламалі стары калодзеж.

Паламаны калодзеж. Замест журава – круцёлка
«Гэты калодзеж дужа каштоўны, — заявіла вяскоўка. — Ён з таго часу, як жыў яшчэ наш пісьменнік Гарэцкі. І зламалі яго. Над калодзежам была вага жураўлём. Яе зьялі і паставілі круцёлку. Вы як журналіст мо зробіце што, каб вярнулі ўсё на месца. Гэты калодзеж — рэліквія музею. А дзе ты старой накруцішся гэтай круцёлкай».
«Хацелі зусім гэты калодзеж знесьці, — абураецца старая, — дык я села ля яго і кажу работнікам: „Закапайце мяне ля яго“. Так і не дала знесці».
На адным з фатаздымкаў у музеі сапраўды калодзеж з журавом. Загадчыца музею кажа: прыбралі такі патрэбны старым падважнік, калі яе не было на працы. Прыгадала, што нямала было ахвотных сфатаграфавацца побач са студняю з рэдкім для навакольля журавом, які застаўся з часоў, калі жыў Максім Гарэцкі.